Як падтрымаць журналістаў і блогераў?

Улетку 2020-га сіняя камізэлька з надпісам «PRESS» раптам перастала быць ахоўнай. Нашых калег і каляжанак затрымліваюць, іх саджаюць у турму, ім ламаюць тэхніку, да іх ужываюць гвалт. Паказальна, што гэта не спыняе журналістаў у імкненні падаваць інфармацыю аб’ектыўна, імкліва і з самых небяспечных кропках беларускіх гарадоў. Гэтае імкненне вартае рэспекту і падтрымкі.

 

 Што можна зрабіць: 

 

  Падтрымаць цэнтралізаваны збор для незалежных журналістаў Media Solidarity ад стваральнікаў BY_help. Гэтыя грошы ідуць на ахоўныя сродкі для тых, хто працуе «ў полі», на стыпендыі рэпрэсаваным журналістам, аплату рэлакацыі для тых, каму пагражаюць, а таксама дапамогу медыя, якія шукаюць новыя легальныя крыніцы даходу.

  Падпісаць родных на «Камсамольскую праўду», якая раз-пораз сутыкаецца з праблемай друку новых выпускаў. Не забудзем і пра іншыя якасныя папяровыя выданні або іх PDF-версіі. Асабліва вылучым рэгіянальныя: «Брестская газета», «Вечерний Брест», «Вечерний Бобруйск», «Вечерний Гродно», «Ганцавiцкі час», «Инфо-курьер» (Слуцк), «Интекс-пресс» (Баранавічы), «Информ-прогулка» (Лунінецкі раён), «Лидер-пресс» (Салігорск), «Рэгіянальная газета» (Менская вобласть), «Слонимская газета» (Слонім).

  Распаўсюджваць свежыя нумары газеты «Народная Воля», якую апошнім часам не заўсёды дапускаюць у кіёскі «Белдруку». Можна спытацца ў рэдакцыі, ці патрэбная ім дапамога і якая. Валанцёраў забяспечваюць дакументамі, якія дазваляюць даносіць газету да людзей легальна. Асабліва ўдзячнымі табе будуць у тым выпадку, калі давязеш «НВ» у глыбінку.

  Аформіць падпіску ці проста ахвяраваць грошы рэсурсам, якія з-за блакаванняў вымушаныя былі пераехаць на іншыя вэб-адрасы або разлічваць на прагляды праз «псіфоны». Вось спасылкі пра тое, як дапамагчы «Нашай Ніве», Naviny.by, Euroradio.

  Заданаціць камандзе Hrodna.life, якая заўсёды «на перадавой», яе фатакор Руслан Кулевіч быў моцна збіты міліцыяй і арыштаваны.

  Спансаваць канал «Краіна для жыцця», стваральнік якога – Сяргей Ціханоўскі – з 29 траўня знаходзіцца ў турме і прызнаны палітвязнем. Разам з Сяргеем быў затрыманы сябра ягонай каманды Аляксандр Арановіч. 4 чэрвеня з каманды выбыў таксама мадэратар сацсетак Дзмітрый Папоў.

  Пісаць лісты палітвязням-блогерам. Акрамя вышэйназваных, гэта аўтар ютуб-канала «Слуцк для жыцця» Уладзімір Няронскі, брэсцкія актывісты – вядучыя канала «Народны рэпарцёр» Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін, аўтар MozgON Уладзімір Цыгановіч, адміністратар тг-канала «Беларусь галаўнога мозгу» Ігар Лосік, Дзмітрый «Шэры Кот» Казлоў, аўтар тг-канала «Армія з народам» Сяргей Коршун. Адрасы для лістоў знойдзеш тут.

  Таксама рэкамендуем падпісацца на тэлеграм-каналы медыя, якія траплялі пад «блакаду» Мінінфарма: «Tribuna Беларусь», «Радыё Свабода», «Белсат», «The Village Беларусь», «Салідарнасць», гродзенскі 015.by, «Віртуальны Брэст», «Медиазона», «PRO Гомель».

  Заданіць коцікам з пабліку «Чай з малінавым варэннем». Самыя бюджэтныя варыянты месячнай падпіскі – «Алкаголік», «Наркаман» і «Беспрацоўны» – гэта каля 3,5, 7 і 10 BYN адпаведна.

  Напісаць непасрэдна ў любімую рэдакцыю і спытаць, чым можаш быць карысны(-ая).

Фота: flejtmotiv