Як падтрымаць беларускіх студэнтаў?
- 23.02.2021
- 3254
Студэнты заўсёды былі і будуць рухавіком змен. Нягледзячы на палітычны пераслед і пастаянны ціск з боку кіраўніцтва навучальных устаноў, беларускія студэнты не пагаджаюцца з гвалтам і супрацьстаяць яму ва ўсю моц, рызыкуючы страціць магчымасць вучыцца ў сваім ВНУ, жыць у сваёй краіне, а часам і ўвогуле знаходзіцца на волі. Безліч лепшых студэнтаў(-ак) былі вымушаныя бегчы за мяжу, 12 рабят знаходзяцца ў СІЗА, чакаючы суду, трэцякурснік БДУіР Арцём Вінакураў асуджаны на тры гады «хіміі». Для тых, каму падаецца, што студэнтам няма чаго губляць, бо ў іх няма дзяцей і льготнага жытла, у нас ёсць адказ: яны губляюць тое, чаго ніколі не вернеш, – сваю маладосць.
Дапамагчы грашыма
Варта ахвяраваць сродкі ініцыятыве «Сумленны ўніверсітэт», якая аказвае матэрыяльную, акадэмічную і юрыдычную дапамогу пацярпелым студэнтам і выкладчыкам.
Фінансава дапамагчы студэнтам, што пакінулі Беларусь з палітычных прычын, можна праз сайт «Задзіночання беларускіх студэнтаў». Ахвяраваць грошы адрасна можна праз платформу «Хуткая ўзаемадапамога»: спіс з імёнамі рэпрэсаваных студэнтаў, якім патрэбныя сродкі на падтрыманне быту, можна глянуць тут.
Прапанаваць працу або адукацыю
Калі жадаеш дапамагчы з працаўладкаваннем, перакваліфікацыяй або адукацыяй, запаўняй форму.
Узяць «на парукі»
Можна аформіць паручальніцтва. Гэта дакумент, згодна з якім ты гарантуеш следству, што чалавек, супраць якога распачатая справа, не схаваецца ад міліцыі і не будзе перашкаджаць расследаванню, а дачакаецца суду на волі. Шаблоны паручальніцтваў тут.
Камунікаваць з тымі, хто за кратамі
Падпішыся на інсту кампаніі салідарнасці ЗБС са зняволеным студэнцтвам, каб больш ведаць пра ход спраў, знайсці імёны, адрасы, факты пра палітвязняў-студэнтаў. 34mag таксама пісаў пра рабят і пра тое, што ім цікава.
Што пісаць у турму? Вось парады 34, а вось – «Вясны». Калі ліст не пішацца, юзай паштоўкі – з карцінкі тэкст нараджаецца байчэй.
Можна падпісаць зняволенага(-ую) студэнта(-ку) на часопіс ці газету адпаведна з яго інтарэсамі – тут варта параіцца з блізкімі чалавека. Падпіску зручна афармляць анлайн.
Можна зрабіць паштовы грашовы перавод па адрасу месца ўтрымання на прозвішча студэнта(-кі). Журналістка Ірына Халіп, якая сама прайшла праз рэжымны пераслед, рэкамендуе гэты варыянт як спосаб наладзіць кантакт у выпадку, калі пошта да чалавека не даходзіць. У квітанцыі зняволены(-ая) убачыць, хто такім чынам перадае яму прывітанне. Як зрабіць перавод: ідзеш на пошту, запаўняеш бланк на грашовы перавод на імя і адрас палітвязня, ксерыш квітанцыю, каб даслаць яму або ёй. Нават калі чалавека перавядуць у іншы ізалятар, грошы застануцца за ім і ён або яна зможа іх «атаварыць».