Як даслаць ліст за краты?

Спіс палітвязняў у Беларусі расце з кожным днём. І сотні людзей проста цяпер адседжваюць адміністрацыйныя «суткі», якія цягнуцца так павольна, быццам час сілком расцягвае нейкі кат-варажбіт. Як падтрымаць арыштаваных, калі з перадачкамі, быццам бы, усё ок? Адказ адзін: пісаць лісты. Так, атрыманне пошты – ці не самая светлая падзея на працягу турэмнага дня.

 

Што пісаць?

  Асноўная рэкамендацыя – пішы звычайны ліст. Раскажы, як праходзіць твой дзень, падзяліся эмоцыямі, перажываннямі, адкрыццямі. Гані прэч пачуццё віны за тое, што пішаш пра роварны шпацыр чалавеку, які няхутка ўбачыць ровар. Уяві, што твой ліст – гэта акно ў звыклы сусвет, дзе ёсць ровары, падарожжа, сустрэчы з сябрамі, святы, канцэрты і паўмарафоны.

  Распавядзі навіны. Часам палітвязням трапляе ў рукі прэса, але і яна хутчэй за ўсё аднабокая. Інфаголад за кратамі надзвычайны, да таго ж арыштаваных часцяком «падсілкоўваюць» дэзінфармацыяй.

  Старайся згладзіць вострыя вуглы. Уяві, як адчувае сябе чалавек, які ніяк не можа паўплываць на сітуацыю, і два разы падумай, як гэтую сітуацыю яму падаць (і ці трэба, мо, яна шчыра не каштуе выедзенага яйка).

  Не ўключай трагедыю. «Плач Яраслаўны» не дае ніякага рэсурсу, а толькі яго забірае.

  Пішы больш пра любоў і павагу да адрасата. Няхай цябе не засмучае, што шчырыя тонкія пачуцці пройдуць праз вочы цэнзара (глядзіш – і яго зачэпіць прамень дабрыні).

  Старайся не абыходзіцца агульнымі словамі: «Трымайся!», «Ты герой/гераіня!», «Усё будзе добра». Удыхні ў ліст індывідуальнасць: сваю і таго, каму пішаш. Хай нават твая думка падасца табе дурной – глупства лепшае за няшчырасць.

  Пра тое, што пісаць людзям, з якімі ты асабіста не знаёмы(-ая), добра раскладае валанцёрка праекта «РосУзник» Яна Ганчарова на сайце ПЦ «Вясна».

 

 

Навошта дасылаць лісты незнаёмцам(-кам)?

  У турме паштоўка на тры сказы каштоўнейшая за палку каўбасы. Чалавек за кратамі адчувае інтэлектуальны голад, ён інфармацыйна дэзарыентаваны. Да таго ж на палітвязняў, як правіла, аказваюць магутны ціск, напіраючы на тое, што іх дзейнасць бессэнсоўная і супрацьзаконная, а іх ідэі падзяляе жаласная купка «наркаманаў». Ліст – гэта падтрымка і напамін пра тое, што чалавека любяць і чакаюць, у яго вераць.

  Лісты даходзяць няхутка, а час за кратамі цягнецца так марудна, што гэта складана апісаць. Шчырую паштоўку чалавек зачытае шматкроць да дзірак. Вось чаму варта пісаць кожнаму і кожнай. І як мага часцей.

 

 

Каму пісаць проста цяпер?

  Вось зводная табліца з імёнамі і адрасамі ўсіх палітвязняў Беларусі (на момант публікацыі матэрыялу ў спісе 98 імёнаў).

  Калі ласка, звярні ўвагу не толькі на людзей, якія больш на слыху. За кратамі аднолькава хранова ўсім незалежна ад папулярнасці.

 

 

Якія лісты не праходзяць?

  Памятай, што кожны ліст найперш трапляе ў рукі цэнзара. Не кампраметуй сябе і свайго(-ю) адрасата(-ку): не распавядай пра тое, як ты парушаў(-ла) закон; не баршчы з агрэсіяй і ўсім, што можа быць расцэненае як пагрозы канкрэтным асобам ці цэлай сістэме. Не нашкодзь ні сабе, ні чалавеку, якому пішаш.

  З назіранняў: не праходзяць лісты з мацюканнямі; не праходзяць лісты на замежных мовах; не праходзяць зашыфраваныя пасланні або пасланні, якія выглядаюць так, быццам у іх прысутнічае нейкі шыфр; не праходзяць лісты з рэзкай крытыкай улады.

  Дарэчы, згодна з інструкцыяй вязню павінны паведаміць пра ліст, які не прайшоў цэнзуру, а толькі потым яго знішчыць.

 

 

Як адправіць ліст не выходзячы з дому?

  Праз сэрвісы «Письма в клеточку» і письмо.бел (аплата праз ЕРІП ці WebPay) або праз службу прыёму телэграм 166.

 

 

Куды адрасаваць?

  Вязніц у Беларусі да халеры. Вось самыя «папулярныя»:

Менск, ЦІП, зав. 1-ы Акрэсціна, 36, 220089.
Менск, СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, 220030.
Менск, СІЗА КДБ, Галоўны Паштамт, абаненцкая скрыня 8, 220050.
Берасце, СІЗА-7, вул. Карла Маркса, 86, 224030.
Віцебск, СІЗА-2, вул. Гагарына, 2, 210026.
Горадня, Турма-1, вул. Кірава, 1, 230023.
Гомель, СІЗА-3, вул. Кніжная, 1А, 246003.
Магілёў, Турма-4, вул. Крупскай, 99А, 212011.
Баранавічы, СІЗА-6, вул. Брэсцкая, 258, 225413.
Жодзіна, СІЗА, вул. Савецкая, 22А, 222160.

Заўвага: калі нешта і даходзіць у менскі ІЧУ на Акрэсціна – гэта выглядае як казачны цуд. Таму гэтыя пасланні абавязкова фоткай і захоўвай. Калі твой вязень чакае суду, можна прадубляваць ліст на яго/яе хатні адрас: атрымаць словы падтрымкі ўжо на волі таксама каштоўна.

 

 

На што не забыцца?

  Нумаруй лісты і не забывай ставіць дату напісання.

  Фатаграфуй лісты перад адпраўкай. Тады, па-першае, не страціш нітку перапіскі, а па-другое, зможаш паказаць ліст чалавеку на волі, калі ён яго не атрымаў.

  Укладзі ў ліст чысты аркуш, канверты, маркі. Лепш з разлікам, каб чалавек змог напісаць не толькі табе.

  Можна дасылаць не толькі лісты, але і паштоўкі: яскравыя візуальныя вобразы – свята для вачэй.

  Варта таксама пісаць на хатні адрас вязня, калі тэрмін яго вызвалення – праз некалькі сутак. Яму вельмі спатрэбіцца падтрымка пасля таго, што давялося перажыць.

 

 

Як паскорыць ліст?

  Адпраўляць яго ў канверце «1 клас», які абяцае прыярытэт на ўсіх этапах перасылкі. Да таго ж такія лісты можна адсочваць па ўнікальным нумары. Ты зможаш адсачыць не толькі сваё пасланне, але і пусты канверт, які дадаў(-ла) да ліста, як толькі той пачне свой рух па артэрыях пошты.

  Звярнуць увагу на час выемкі лістоў з паштовай скрыні, куды збіраешся ўкінуць канверт. Калі паштальёны дабяруцца да яе зусім не хутка, мае сэнс пашукаць іншую.

  І стылёвы рэтра-варыянт – аформіць мэсэдж у выглядзе тэлеграмы.

 

 

Як даслаць тэлеграму?

  Звычайная тэлеграма ідзе да 12 гадзін, тэрміновая – да трох.

  Схема простая: прыходзіш на пошту ці ў аддзяленне «Белтэлекам», запаўняеш тэкставы бланк тэлеграмы, аплачваеш – усё, працаўнік звяжацца з поштай, бліжэйшай да твайго адрасата, пасланне надрукуюць на паперы і аднясуць куды след.

  Можна нават нікуды не хадзіць, а датэлефанавацца ў службу прыёму тэлеграм па нумары 166 з 07:00 да 22:00 і надыктаваць тэкст.

  Фічы па жаданні: зрабіць тэлеграму тэрміновай, надрукаваць тэлеграму на мастацкім бланку (+ 1,25 BYN), запытаць апавяшчэнне аб паспяховым ўручэнні (+ 0,85 BYN, калі тэлеграма звычайная, + 1,70 BYN, калі тэрміновая).

  Максімум слоў – 300. У звычайнай тэлеграме слова ацэньваецца ў 4 капейкі, у тэрміновай – у 8 капеек.

Фота: pexels.com