Як абараніць свой голас на выбарах?

  • 23.07.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 4671

Ідэя з байкотам выбараў прэзідэнта не знайшла шырокай падтрымкі. Ужо відавочна, што яўка будзе прыстойная, а пры такім раскладзе не ісці на выбары прыблізна роўна ніяк не абараніць свой голас. Як жа быць, калі ў сумленнасць выбарчых камісій па-ранейшаму верыцца не надта? Ініцыятыва «Сумленныя людзі» прапануе парадаксальны адказ: верыш не верыш, але галасаваць такі ідзі. Нагадаем, што з моманту свайго з'яўлення праект «Сумленныя людзі» рэкамендуе беларусам паслядоўна дзейнічаць у рамках закона, карыстацца сваімі правамі і распавядаць пра гэтыя правы ўсім.

 

 – Чаму лепш не галасаваць датэрмінова? 

Лічыцца, што па ранніх пташках камісіям аблічвацца прасцей. Бо бюлетэні надоўга знікаюць з агульнага поля бачнасці: на перыяд з 4 па 9 жніўня прыпадае ажно пяць зорных начэй.

 

 – Што рабіць, калі прымушаюць галасаваць датэрмінова? 

Калі не атрымліваецца прама сказаць «не», можна знайсці нейкую аб'ектыўна або суб'ектыўна паважлівую прычыну, па якой ты ідзеш на ўчастак менавіта 9 жніўня. Прымус да датэрміновага галасавання падпадае пад арт. 9.10 КоАП «Парушэнне заканадаўства аб выбарах». У тэорыі тут пагражае штраф да 15 «мінімалак».

 

 – Калі не атрымліваецца прыйсці 9 жніўня, лепш галасаваць датэрмінова ці не ісці наогул? 

Абодва варыянты не вельмі. Трэба адшукаць спосаб адправіцца па месцы прапіскі і паставіць галачку ў бюлетэні. Усё ж не так часта табе прапануюць гэты чэлендж.

 

 – У які час лепш прыходзіць 9 жніўня? 

Каб паменшыць верагоднасць няправедных маніпуляцый з тваім бюлетэнем, лепш прыходзіць на ўчастак пасля абеду, але не пад заслону, інакш можа ўтварыцца чарга і ты проста не паспееш.

 

 

 – Як даказаць, што я галасаваў(-ла) менавіта так? 

Сфатаграфуй бюлетэнь. Дашлі фота на анлайн-платформу «Голас». Можна пазначыць свой выбар і загадзя, пагутарыўшы з ботам golosby_bot (будзе таксама Viber). Дарэчы, «Голас» не адзінае праграмнае рашэнне для фіксацыі галасоў – бліжэй да выбараў дадамо інфармацыю.

Не выкладай фота з кабінкі ў дзень галасавання: гэта могуць палічыць агітацыяй, а ў дзень выбараў яна забароненая.

Акрамя таго, камісія можа палічыць парушэннем занадта актыўную фотасесію на выбарчым участку. Летась ЦВК, спасылаючыся на адпаведную метадычку, тлумачыла, што фатаграфаванне на выбарчым участку магчымае толькі з дазволу старшыні камісіі.

 

 – Як прабіцца ў назіральнікі? 

У нас ёсць адпаведная інструкцыя, а на сайце «Сумленных людзей» можна шпарка аформіць заяўку і атрымаць неабходныя веды. Назіральнікаў рэгіструюць да 3 жніўня.

Дрэнныя навіны: ЦВК вырашыла сціснуць колькасць назіральнікаў да пяці на адным участку, і права першай ночы дастанецца тым, хто акрэдытаваўся раней. Добрыя навіны: да прапіскі функцыя назірання не прывязаная, а на вуліцы выдатнае лета – едзь у падарожжа па Беларусі, пажыві дзе-небудзь у чароўным замкаддзі, аднаві сілы, а заадно паназірай, наколькі прыстойна лічаць галасы ў адным з раёнаў краіны. Колькасць заявак у назіральнікі на кожным канкрэтным участку можна паглядзець па спасылцы.

 

 – Як дапамагчы назіральнікам? 

Прыходзь галасаваць, пазначыўшы сябе белай стужкай (бранзалетам, бінтам, фарбай, чым заўгодна) на запясце – гэта знак, што ты выступаеш за змены.

Ніхто не забараняе скааперавацца ў незалежную каманду і, змяняючы адно аднаго на ўваходзе, палічыць, колькі людзей прыйшло на ўчастак і колькі з іх былі з белай стужкай. Можна будзе параўнаць гэтую лічбу з афіцыйнай яўкай.

 

 – Што рабіць, калі на тваіх вачах дзеецца нешта дзіўнае? 

Здымаць. Дзяліцца інфармацыяй аб парушэннях зручна праз платформу ZUBR: выбіраеш участковую камісію (ці нават канкрэтнага яе члена) і апісваеш сітуацыю.

 

 – Як распавесці пра спосабы абараніць свой голас тым, хто не сядзіць у інтэрнэце? 

Раздрукаваць і распаўсюдзіць вось гэтую памятку. Гэта цалкам легальна.