Выпускай! Як падтрымаць Лявона Халатрана?

  • 02.11.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 1594

Распачынаем серыю публікацый пра людзей, якія знаходзяцца ў ізалятарах па палітычных матывах, але ўвагай прэсы сагрэтыя не занадта. Сёння расказваем пра тое, як дапамагчы Лявону Халатрану – кіраўніку бара на Кастрычніцкай, у якім любілі бавіць час і мы, і ты.

 

 

 Хто такі Лявон Халатран? 

Лявон – кіраўнік Ruin Bar Ok16. У перыяд выбарчай кампаніі падключыўся да штаба Віктара Бабарыкі ў якасці валанцёра.

 

 Як затрымалі Лявона? 

11 жніўня Лявон выйшаў са сваёй кватэры на вуліцы Гая і дагэтуль туды не вярнуўся. Яму выставілі абвінавачванне па артыкуле КК РБ 293 ч. 2 (масавыя беспарадкі). Некалькі дзён блізкім Лявона нічога не было вядома пра яго месцазнаходжанне. 14 жніўня яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе і накіравалі на медыцынскую экспертызу ва ўпраўленне Следчага камітэта. Сям'я і сябры бачылі, як Лявон заходзіў у будынак і былі гатовыя яго сустрэць, але ўстанова зачынілася, а Лявона так і не выпусцілі. Праз некалькі гадзін стала вядома, што меру стрымання змянілі на ізалятар. 9 кастрычніка была верагоднасць, что Халатрана адпусцяць пад асабістае даручальніцтва, але гэтага не адбылося. Тэрмін зняволення працягнулі мінімум на месяц.

 

 

 Як дапамагчы? 

Падзяліцца грашыма на паслугі адваката і іншыя выдаткі: картка 4641 3200 3268 7419, тэрмін дзеяння – 05/25.

Даслаць ліст, тэлеграму ці паштоўку па адрасе: 220030, СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск.

Надаць агалоску сітуацыі ў сацыяльных сетках ды на іншых пляцоўках – гэта не нармальна, што чалавек у чаканні суда ўтрымліваецца за кратамі амаль тры месяцы.

 

Яна, жонка

«Сядзіць… Ніякіх следчых дзеянняў у прынцыпе не праводзіцца. Адзінае, што тыдні два таму адбыўся допыт па нашай ініцыятыве: Лявон і адвакат пагадзіліся на допыт (спачатку нашай стратэгіяй было не сведчыць). Усё, ніякай інфармацыі больш няма, нічога наогул не адбываецца. Да трэцяга месяца Лявон крыху адаптаваўся. Сказаў, што ў яго больш стабільны настрой».

У Лявона ёсць маленькі сын. Бацька дасылае яму ілюстраваныя казкі з СІЗА:

 

 

Апошні пост Лявона ў Facebook датаваны 22 ліпеня: «ЦИрК смешной. Ситуация страшная».

 

На момант публікацыі ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі 101 чалавек. Поўны спіс тут.