Вольга Гарбунова

Сустрэліся з чалавекам, якая зрабіла вельмі і вельмі многае для таго, каб праблема гендарнага гвалту ў Беларусі не замоўчвалася. Вольга Гарбунова – пра канцэпцыю закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, пра свой сыход з ГА «Радзіслава» і пра новую сацыяльна-культурную прастору, якая патрэбная Менску.

 

 Арганізацыя:  ГА «Радзіслава» створана ў Менску ў 2002 годзе жанчынамі, якія пацярпелі ад гвалту. «Радзіслава» аказвае дапамогу жанчынам (гэта значыць людзям з жаночай гендарнай ідэнтычнасцю), якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Пры «Радзіславе» дзейнічае прытулак для ахвяр хатняга гвалту. На дадзены момант гэта адзіны шэлтар у Беларусі, які прымае пацярпелых нягледзячы на іх узрост, сэксуальную і гендарную ідэнтычнасць ды рэлігійныя погляды. У 2016 годзе «Радзіслава» запусціла інтэрактыўны праект «Мапа гвалту», каб кожная жыхарка краіны магла зрабіць бачным эпізод гвалту, які здарыўся ў яе жыцці.

 Героиня:  Вольга Гарбунова, псіхалагіня, экс-кіраўніца ГА «Радзіслава».

 

Праект «Мапа гвалту»:

Сайт   FB   Twitter   Instagram   OK   VK

 

 

Пра сыход з «Радзіславы»

– Праца ў «Радзіславе» – гэта тое, што ў мяне атрымлівалася рабіць добра. Можа, не выдатна, не ідэальна, не цудоўна, а менавіта добра. Таму што заўсёды было разуменне таго, як нялёгка чалавеку, які сутыкнуўся з гвалтам, гаварыць пра гэта і прасіць аб дапамозе. Але ў нейкі момант я зразумела, што дасягнула эмацыйнага піку ў сваім жыцці, і стала думаць: што далей? Бо я больш, чым «Радзіслава», і маё жыццё больш, чым «Радзіслава».

Я шаснаццаць гадоў у НДА і каля дзесяці гадоў кірую арганізацыяй, адсюль пэўная прафесійная дэфармацыя: я ўжо наўрад ці змагу працаваць у нейкай структуры наёмным работнікам. Не важна, камерцыйная там аснова або дзяржаўная. Хоць у мяне быў досвед працы і ў школах, і ў дзіцячым садку. Але я не змагу, як у маладосці, на нешта заплюшчваць вочы і выконваць тупую малпіну працу. Мне дарагі мой час, і я не ведаю, колькі яго ў мяне ёсць. Таму мне хочацца выдаткаваць гэты час на сапраўды карысныя рэчы.

«Імідж НДА ў Беларусі відавочна сапсаваны. Ніхто не цэніць іх працу. Усё, што мы чуем, гэта тое, што мы “грантасосы" і "навязваем нейкія заходнія каштоўнасці”»

І рашэнні мне хочацца прымаць самой. У іншае НДА я не пайду, бо гэта не мой джыхад. Мой джыхад – гэта барацьба з хатнім гвалтам. Напэўна, усё, чым я буду займацца, будзе круціцца вакол гэтай тэмы. Мяне турбуе гэтая штука, якая склалася гістарычна, калі ў жанчын проста адабралі стагоддзі, каб атрымліваць адукацыю, працаваць, дасягаць нейкіх вышынь. Калі б гэтага не было, у мяне і ў іншых жанчын было б нашмат больш магчымасці зарабляць сабе на жыццё.

Таму я стала думаць аб якой-небудзь камерцыйнай арганізацыі.

 

 

«Надакучыла хадзіць з працягнутай рукой. Спрабаваць растлумачыць фондам, арганізацыям, журналістам, што гэта важна, і распавядаць, як гэта можна прадухіліць»

Мінусы НДА-шнага фінансавання

– Чаму я не стала думаць пра НДА? Мне надакучыла хадзіць з працягнутай рукой. Спрабаваць растлумачыць фондам, арганізацыям, журналістам, што гэта важна, і распавядаць, як гэта можна прадухіліць. Праз трагічныя гісторыі, праз жах хатняга гвалту, праз гучныя выпадкі. Я тлумачыла, што будзе, калі ўкладваць сродкі ў падтрымку пацярпелым ад гвалту, у дапамогу ім і ў іх абарону, калі прыняць закон. І проста гэта ўсё дастала: ходзіш, абіваеш парогі, спрабуеш данесці – а потым разумееш, як працуюць вектары тых жа фондаў, нават замежных, і не можаш у гэта ўбудавацца.

Вядома, мы б хацелі ўводзіць адукацыйныя працэсы, арганізоўваць канферэнцыі і праводзіць даследаванні, але што рабіць, калі проста цяпер пацярпелая мерзне з дзецьмі на вуліцы?

На такія праекты, як «Радзіслава», заўсёды складана знайсці рэсурсы. Мы не можам размяшчаць крутыя фоткі ў інстаграм, таму што ў нас правілы бяспекі. Мы не можам пісаць жыццярадасныя пасты, якія могуць прыцягнуць аўдыторыю, бо ўсё, што мы можам напісаць, – гэта боль, кроў, калецтвы, траўмы. І як гэта зрабіць «прадавальным» – мы не ведаем.

Інструменты, якія ёсць у НДА, мяне ўжо не задавальнялі. Я стала думаць, як зрабіць так, каб гэта яшчэ і прыносіла грошы. Клімат для малога бізнэсу ў краіне не надта добры, але я вырашыла паспрабаваць. Пры гэтым грошы ў чыстым выглядзе мяне не цікавяць – у любой актыўнасці павінен быць больш высокі сэнс.

Я хачу адкрыць сацыяльнае прадпрыемства, а менавіта кавярню-клуб NORM (мяркуецца стварыць інклюзіўную і бяспечную сацыяльна-культурную прастору, у якой будуць навучацца і працаўладкоўвацца жанчыны ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, а таксама праводзіцца мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё прафесійнага і творчага патэнцыялу ў дзяўчынак, дзяўчат і жанчын. – заўв. 34mag).

Гэта не будзе ўнітарным прадпрыемствам ад «Радзіславы». Я не хачу, каб на «Радзіславу» леглі рызыкі. Таму я пайшла вучыцца жаночаму прадпрымальніцтву з сацыяльным акцэнтам і стала шукаць каманду падтрымкі, каб разам працаваць над новым праектам. З часам мы плануем запусціць краўдфандынг.

 

 

Пра перадачу паўнамоцтваў

– Я вырашыла перадаць паўнамоцтвы ў лістападзе 2016 года. Мяне тады пераабралі пяты раз, я ўжо амаль як Лукашэнка. Каб ва ўсіх было разуменне: стаць кіраўніком «Радзіславы» – гэта не ганарова і не прэстыжна, гэта – ад безвыходнага становішча. Я стала кіраўніцай «Радзіславы», бо папярэдняя кіраўніца сказала, што больш не хоча нічога не бачыць, нічога не чуць, яна выгарала і ёй патрэбны час.

Тады стаяла пытанне аб далейшай працы арганізацыі. Я была самая маладая ў камандзе, і ўсё вырашылі, што мне пара ўзяць адказнасць на сябе. На той момант я была, напэўна, больш амбіцыйная і мне не хацелася, каб з-за майго страху арганізацыя закрылася. Узяла на сябе адказнасць і цягнула яе, цягнула…

Цяпер арганізацыя жывая, мае імідж, дзесьці, магчыма, сапсаваны імідж (у тым ліку з-за мяне). Тым не менш гэта рабочы механізм, які дапамагае сотням жанчын. Лічу, што маё сумленне чыстае. За два гады я папярэдзіла каманду, што на шосты тэрмін вылучацца не буду. Каманда была гатовая да майго сыходу.

«Мы не можам пісаць жыццярадасныя пасты, якія могуць прыцягнуць аўдыторыю, таму што ўсё, што мы можам напісаць, – гэта боль, кроў, калецтвы, траўмы»

Цяпер арганізацыяй кіруе наша псіхалагіня Вольга Казак. У Волі былі свае страхі, у першую чаргу – страх адказнасці. Шмат рэчаў адбываюцца незалежна ад нас. Напрыклад, у любы момант на цябе могуць накатаць скаргу, табе могуць падкінуць наркотыкі. Ты кожную раніцу не можаш ведаць, што адбудзецца з тваёй арганізацыяй сёння. Воля прыняла гэтую эстафету, за што я ёй вельмі ўдзячная. Мне здаецца, што арганізацыя ў надзейных руках. У «Радзіславы» ёсць наладжаная сістэма фінансавання на бліжэйшыя тры гады, ёсць праект на «Імёнах», які дапамагае фінансава. Гэта невялікія грошы, але яны адчувальныя, таму што гэта падтрымка ад беларусаў і беларусак, а такога раней ніколі не было.

Воля прыйшла ў арганізацыю раней за мяне і была ўдзельніцай усіх падзей, якія здараліся з «Радзіславай». Я сыходжу абсалютна спакойна, ведаючы, што ёсць партнёрскія арганізацыі, ёсць фінансавая падтрымка. Для нас ужо абсалютна не праблема патэлефанаваць у РУУС, каб яны забралі ў нас пачак буклетаў для раздачы пацярпелым ад гвалту. Нас ведаюць усе міністэрствы, нам давяраюць. І гэта вельмі важна. «Радзіслава» цяпер з'яўляецца экспертам у пытаннях хатняга гвалту. Гэта добры вынік, лічу.

 

 

«Многія рэчы адбываюцца незалежна ад нас. Напрыклад, у любы момант на цябе могуць накатаць скаргу, табе могуць падкінуць наркотыкі»

Пра хайп і «вайну ў Facebook»

– Пасля «чорнай пятніцы» (дня, калі Аляксандр Лукашэнка зарубіў канцэпцыю закона. – заўв. 34mag) колькасць чалавек, якія падтрымліваюць «Радзіславу» фінансава, нават калі павялічылася, то нязначна.

Калі быў хайп, шмат людзей падпісаліся ў падтрымку закона, але мала хто нават адкрыў сам дакумент, і, мяркуючы па тым узроўні дыскусіі, які быў у сацсетках, людзі нават не ведалі, за што выступала канцэпцыя. Для мяне паказальна наступнае: мы склалі петыцыю, якую прасоўвае ініцыятыва «Маршыруй, дзетка», – і назіралася велізарная разбежка паміж колькасцю подпісаў і колькасцю ўдзельнікаў групы. Нават у супольнасці, якая падтрымлівала законапраект аб хатнім гвалце, не ўсе падпісалі петыцыю. Далёка не ўсе. На жаль, гэта ўсё было падобна да вайны ў Facebook.

Спыні любога мінака на вуліцы, спытай пра петыцыю, чалавек нават паняцця мець не будзе, пра што ідзе гаворка. На дзяржаўных каналах, у СМІ – ні слова пра гэта. Ні слова. Мяне турбуе ўсё гэта. Я вельмі хачу ўступіць у дыялог з тым, што знаходзіцца за межамі Facebook. Вельмі хачу. Напэўна, ува мне засталося нешта ад юнацкага максімалізму, але я не разумею, як так адбываецца і чаму ёсць такі сур'ёзны разрыў паміж людзьмі, якія тусуюцца на вуліцы, і людзьмі, якія тусуюцца ў Facebook.

 

 

Пра глыбінку, патрыярхальны тэлевізар і дзічыну ад «прагрэсіўных»

– У нас насамрэч вялікі разрыў паміж тымі, хто жыве ў горадзе, і паміж тымі, хто жыве ў глыбінцы. Тое, што робіцца ў вёсках, па расказах кліентак, – гэта жудасць. Людзі не ведаюць элементарных правоў, не ведаюць, якія крокі могуць прыняць у якой-небудзь сітуацыі. Адзін няшчасны інспектар, які працуе на дзесяць вёсак. Людзі лічаць, што яны закладнікі сітуацыі. Жанчыны не могуць нават пакінуць гаспадарку, каб на час прыехаць у прытулак і атрымаць дапамогу спецыялістак.

Калі памарыць, то змены маглі б, напэўна, пачацца, калі б з усіх тэлеэкранаў паказвалі добрыя фільмы пра моцных жанчын, калі б выпускалі матэрыялы рознага кшталту – ад таго, што рабіць, калі пацярпела ад гвалту, да матэрыялаў пра тое, што жыццё не стаіць на месцы. Ва ўсім – у мульціках, фільмах, перадачах – вельмі шмат мужчынскага голасу, шмат патрыярхальнасці. Шмат патрыярхальных анекдотаў.

«Змены маглі б, напэўна, пачацца, калі б з усіх тэлеэкранаў паказвалі добрыя фільмы пра моцных жанчын»

Часта паўтараюць, маўляў, на дварэ трэцяе тысячагоддзе, ідзі і рабі што хочаш. Але на самой справе жанчын усё гэтак жа гадуюць, каб выдаць замуж, каб яна была захавальніцай ачага, каб абслугоўвала мужчыну. Ніхто не гадуе амбіцыі ў дзяўчыне, ніхто не падтрымлівае амбіцыі і ніхто не кажа, што ты вартая рэалізацыі сваіх жаданняў і сваіх мэтаў.

Лёгка збоку сказаць пра магчымасці, асабліва калі ты не ў шкуры гэтага чалавека. У горадзе поўна адукацыйных праграм, у вёсцы, вядома, магчымасцяў менш. Хоць, калі ўзяць невялікую выбарку тыпу «прагрэсіўных» людзей, тут таксама ёсць пытанні. Часта здаралася, што людзі, якія выступаюць за раўнапраўе, за фемінізм, ва ўчынках і выказваннях дазваляюць сабе абсалютна супярэчлівыя рэчы. І тады ўжо паўстае пытанне, чаго мы хочам ад астатніх людзей, калі тыя ж «прагрэсіўныя» робяць найпаўнейшую дзічыну.

Фота: Вiка Герасiмава