Відэа дня: купалаўцы агучылі гісторыі гвалту
- Рубрыка: УЛОЎ
- 26.11.2020
- 3045
Учора была прэзентаваная кніга «У пошуках правасуддзя. Гісторыі гвалту ў Беларусі» – гэта зборнік публікацый СМІ, якія сведчаць аб злачынным міліцэйскім гвалце ў адрас мірных беларусаў у жніўні 2020-га. Адмыслова для прэзентацыі апальныя купалаўцы агучылі ўрыўкі з гісторый.
Каманда праекта адзначае: «У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацавана права на свабоду мірных сходаў як адно з асноўных правоў чалавека. Мы са шкадаваннем канстатуем, што гэтае права было патаптанае тымі самымі інстытутамі, якія павінны яго абараняць. Тысячы чалавек у розных гарадах краіны былі затрыманыя, сотні перажылі здзекі ў зняволенні, дзясяткі трапілі ў бальніцы, лёс некаторых дагэтуль невядомы».
Незалежныя СМІ ад пачатку фіксавалі аповеды пацярпелых. Цяпер гэта агромністы масіў артыкулаў, якія варта было б разглядаць як падставу для соцень крымінальных спраў супраць сілавікоў. У зборнік «У пошуках правасуддзя. Гісторыі гвалту ў Беларусі» ўключаныя 139 апісанняў грубых парушэнняў закону краіны з боку тых, хто гэты закон павінен абараняць.
Над зборнікам працавалі «Беларусь у фокусе», Беларускі Прэс-клуб, незалежныя беларускія медыя, Бeларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), незалежная арганізацыя «Прававая ініцыятыва», праваабарончы цэнтр «Вясна». Спампаваць «Белую кнігу правасуддзя» ў PDF можна па спасылцы.