Як прыцягнуць увагу да свайго пратэсту?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 18.10.2019
- 3232
Свет у цэлым несправядлівы, гэта зразумела. Аднак ты востра не згодны(-ая) з чымсьці канкрэтным: планамі па «выраўноўванні» Прыпяці, эксплуатацыяй жывёл у цырках ці тым, што ў Беларусі ніяк не прымуць закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Куды ісці? Да каго грукацца? Расказваем, як можна прыцягнуць увагу да свайго пратэсту.
Папулярная памылка пачаткоўца-актывіста – меркаваць, быццам да яго ровар існаваў з квадратнымі коламі, але цяпер ён прынясе круглыя – і ўсё паедзе.
Пашукай актывістаў, якія займаюцца праблемамі ў той сферы, якая цябе цікавіць. Калі што, правамі чалавека агулам займаюцца ў нас такія НДА, як «Праваабарончы цэнтр “Вясна”» і Human Constanta.
Інфармацыя па праблеме павінна ляжаць у адным месцы. Людзі лянівыя. Яны не хочуць збіраць пазлы з хаатычна раскіданых па інтэрнэце «цізеркоў». Нават калі табе здаецца, што гэта ім жах як патрэбна.
Зрабіць сайт, не шарачы ў сайтабудаванні, можна, напрыклад, на Tilda. Гэты канструктар просты і бясплатны, а вынікі працы з ім – досыць сімпатычныя.
Сацсеткі не перашкодзяць таксама. Вядома, можна завесці ўсё і адразу, але лепш падумаць, якім кантэнтам ты будзеш прыцягваць людзей (няма рэжысёрскіх планаў – значыцца, на YouTube забі) і на якіх пляцоўках часцей бываюць тыя рабяты, да якіх ты звяртаешся.
Лепш весці адну пляцоўку, але прыцэльна, чым пяць, якія будуць выглядаць мерцвяком.
Запрашай у свае паблікі сяброў і падпісчыкаў. Не так страшна падацца камусьці спамерам, як страшна змагацца за справядлівасць у бурбалцы маўчання.
Будзь татальна асцярожны(-ая) з тэкстамі. Калі ў іх можна ўгледзець хоць цень паклёпу, абразы, распальвання варожасці, экстрэмізму ці – самае абцякальнае – інфы, якая шкодзіць дзяржаўным інтарэсам, цябе могуць прыцягнуць да адказнасці.
Каб твая гісторыя была цікавая папяроваму або анлайн-часопісу, у яе павінна быць сацыяльная значнасць. Яшчэ раз: сацыяльная значнасць. Журналісты не стануць пісаць пра гісторыю, якая: а) хвалюе (або здольная ўсхваляваць) цябе аднаго(-у); б) нейкая мутная і «дзесьці такое ўжо было, і не раз»; в) не мае фактуры – прыкладай да свайго ліста ўсе дакументы, фатаграфіі, скрыншоты, любое «мяса», што пацягне на інфанагоду.
Напішы годны ліст. Годны = зразумелы. Вось тут можна чытнуць мануал па стварэнні прэс-рэлізу, які падобны да прэс-рэлізу. А вось тут – даведацца, чаму рэдакцыі не вельмі гэта ўсё чытаюць.
Не адказваюць па пошце – напішы наўпрост журналісту(-цы), які(-ая) працуе з тваёй тэмай, або рэдактару(-цы) выдання. Асабісты кантакт заўсёды дае больш шанцаў на поспех. Журналісты, якія пішуць пра сацыялку, рэдка ананімныя, таму пошук на Facebook табе ў дапамогу.
Прасцей за ўсё запусціць петыцыю на якой-небудзь папулярнай пляцоўцы. Выхлап ад гэтага ты атрымаеш, хутчэй за ўсё, сімвалічны. Аднак ёсць верагоднасць, што пра праблему дазнаецца крыху больш людзей, чым налічвае кола тваіх сваякоў.
Больш эфектыўны інструмент – афіцыйныя звароты непасрэдна ў тыя органы, якія, па-твойму, дапускаюць недапушчальнае. На зварот дзяржорган абавязаны дасылаць афіцыйны адказ. Ініцыяваць гэтую перапіску, дарагі(-ая) сацыяфоб(-ка), можна і ў анлайне.
З тым, як складаць петыцыі і звароты, мы разбіраліся вось тут.
Мільгай усюды, дзе атрымліваецца.
У гарадскіх прасторах усё часцей ладзяць актывісцкія фестывалі, куды можна трапіць са сваім стэндам і ўсякай раздаткай. Сачы за афішай на сайце 34 або ў нашым тэлеграм-канале Lost in Minsk.
Карысна наогул уліцца ў актывісцкую тусоўку і зарульваць на рэлевантныя мерапрыемствы як валанцёр(-ка) ці ўдзельнік(-ца) варкшопа або хакатона. Там ты знойдзеш саюзнікаў і саюзніц.
Калі ты шчыльна ўзяўся(-лася) за нейкую праблему і знаёмы(-ая) журналіст(-ка) раптам звярнуўся(-лася) да цябе па каментар, не выпускай магчымасці. Хай нават гэты матэрыял толькі ўскосна закранае тое, што табе баліць. Хай нават гэта будуць тры сказы сярод палатна сказаў ад іншых спікераў(-ак). Хай нават апублікуюць гэта ў раённай газеце мізернага тыражу.
Можна і пра рэкламу падумаць.
Бясплатнай сацыялкай, якую ты бачыш на бігбордах, займаюцца толькі дзяржаўныя органы. Але, калі гаманец дазваляе, можаш паспрабаваць замовіць камерцыйныя аб'явы ў метро ці над зямлёю.
Тут будзе карысна пачытаць закон «Аб рэкламе» і закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».
Паводле першага, фізічныя асобы маюць права размяшчаць рэкламу ў СМІ, на сродках вонкавай рэкламы, у сацыяльных сетках, на інтэрнэт-сайтах і гэтак далей. Але будзь маральна гатовы(-ая) да таго, што рэкламнае агенцтва адмовіць табе ў размяшчэнні рэкламы з якой-небудзь не самай відавочнай прычыны.
Хочацца «пайсці ў людзі»?
На жаль, у Беларусі нават выхад сам-насам з плакацікам А4 лічыцца масавым мерапрыемствам, а таму павінен быць узгоднены з усялякімі гарвыканкамамі.
Пакаранне за несанкцяваны адзіночны пікет – папярэджанне, накладанне штрафу да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Пакаранне за несанкцыянаваны мітынг – штраф да 40 базавых або адміністрацыйны арышт.
Але ты можаш падключацца да варушнякоў, якія робіць нехта іншы. Нават калі вашы павесткі перакрыжоўваюцца вельмі ўмоўна, гэта добры момант, каб пакамунікаваць з людзьмі і рассаваць улёткі.
Дарэчы, пра ўлёткі. Будзь крэатыўным(-ай). Небанальныя стыкеры часцяком прыносяць больш значны выхлап, чым нудныя петыцыі.
Калі крэатыў хвочша праз край і ты прыдумаў(-ла) нешта грунтоўнае, будзь пяшчотны(-ая) з гарадской і прыватнай маёмасцю: у КоАП ёсць артыкул «Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў», куды можна падвесці самы розны арт-крэатыў.
Што яшчэ?
Прапануем паклікаць па пытаннях нашага іранічнага тэсту «Хачу выказаць сваё меркаванне. Што мне за гэта будзе?».
Iлюстрацыя by Sheeborshee