ЕГУ прапануе новыя анлайн-магчымасці для беларусаў
- Рубрыка: УЛОЎ
- 30.07.2021
- 26083
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні запрашае беларусаў і беларусак паглыбіць свае кампетэнцыі па запатрабаваных цяпер напрамках у анлайн-фармаце. Заняткі пачнуцца ў кастрычніку.
У межах праекта «Універсітэт без межаў» для анлайн-навучання быў адаптаваны цэлы шэраг прадметаў з праграмы. Можна выбраць курсы ў галіне палітыкі, права (уключаючы курсы для ўжо практыкуючых юрыстаў), медыя і камунікацыі, гендарных даследаванняў і не толькі. Колькасць курсаў на аднаго студэнта або студэнтку нічым не абмежаваная. Вучыцца прапануюць за грошы, але абяцаюць, што сумы будуць сімвалічныя.
Анлайнавы фармат прадугледжвае не толькі самастойную працу, але і актыўнае ўзаемадзеянне з выкладчыкамі і аднагрупнікамі, таму можна наладзіць розныя карысныя гарызантальныя сувязі.
Нагадаем, што студэнты ў ЕГУ навучаюцца на праграмах бакалаўрыяту, магістратуры і дактарантуры ў вочным, завочным і мяшаным фарматах. «Універсітэт без межаў» – гэта зручны варыянт, не пакідаючы Беларусі (і нават сваёй кватэры), адчуць, што такое еўрапейская адукацыя, а таксама пашырыць свой кругагляд, атрымаць новыя сацыяльныя і гуманітарныя веды.
Запісацца на курсы восеньскага семестра можна будзе ў пачатку верасня. Кожны курс доўжыцца адзін семестр. Па выніках паспяховага праходжання навучання студэнт(-ка) атрымлівае адпаведны сертыфікат. Сумленныя заняткі ва «Універсітэце без межаў» залічаць як курсы на выбар падчас навучання па абранай спецыяльнасці ў выпадку, калі студэнт(-ка) пасля працягне адукацыю ў ЕГУ.