Тостаў не будзе

Звычайна цуды не здараюцца ў тыя дні, якія «прызначаныя» для іх календаром. Але гэта не нагода, каб не верыць у цуды ўвогуле. Рэдактарка 34mag Марыя Пархімчык разважае пра магчымасць немагчымага.

 

1 студзеня мы заснём і прачнёмся ў той жа краіне. Пад нагамі будзе хлюпкае нешта, над галавой – шэры каўпак, што сціскае прастору, як панчоха не ў памер – ляжку. Хтосьці будзе даядаць пышныя салаты. Хтосьці не. Хтосьці будзе чытаць бясконцыя вынікі года ў Facebook. Хтосьці не. Нічога неверагоднага. Проста дата.

2020-ы навучыў нас не прывязвацца да чыстых дат. Мы больш не пачынаем з 1 студзеня. Мы пачынаем цяпер. Таму што ведаем: «да» і «пасля» – не вакол замены насценнага календара, а вакол «цяпер». Менавіта цяпер з намі адбываецца самае важнае. І менавіта цяпер можа адбыцца што заўгодна.

Што заўгодна! Пасля 2020-га беларус(-ка) і вокам не міргне, калі ў горад увойдзе Гадзіла. Здыме монстра на тэлефон, адправіць у СМІ, запіліць мем, а потым пойдзе ў гараж па меч з кветак і ўпартасці. Нічога неверагоднага. Проста монстр.

«Менавіта цяпер з намі адбываецца самае важнае»

Пасля 2020-га нас не здзівіць формамі зла. Але дабро – о так, дабро па-ранейшаму здзіўляе. Беларуская эмпатыя, салідарнасць, дасціпнасць, смеласць, гонар – кожны раз нібы ў першы самы, быццам неверагоднае.

«Неверагоднае, – тлумачыць слоўнік, – гэта тое, што ўяўляецца немагчымым». Тое, што выглядае непраўдападобным, не ўкладаецца ў галаву і наўрад ці можа здарыцца. Беларусаў у 2020-м так часта звалі неверагоднымі. Але беларусы – здарыліся. А значыць, здарыцца ўсё, што б мы ні загадалі перад тым, як заснуць у той жа краіне. Над шэрым каўпаком – заўжды сонца.