Тату з палаючым пашпартам: як пратэсты адбіваюцца на нашых целах?

Колькі разоў за апошнія месяцы твой фід мігцеў выявамі свежанькіх аўтазакаў, набітых на руках ці нагах? Так, годны тату-майстар не існуе пад стэрыльным каўпаком руж, воўчых пыс ды вечных трайблаў. Ён мае свой стыль і малюе тое, што пражывае. З цікаўнасцю да гэтага пражытага мы сустрэліся з дзвюма маладымі тату-майстаркамі і запыталіся ў іх, як пратэсты адбіваюцца на тым, што яны б’юць на целах.

 

 Надзея Шалепiна 

– Падпалены пашпарт я набівала сяброўцы, калі яна такая: «Надзя, давай штосьці зробім». І вось яна ўжо едзе да мяне, я гляджу на свой пашпарт: «У-у-у, с*ка». Распавядаю сяброўцы ідэю – а яна: «Надзя, супер, робім». Пашпарт мне падабаецца, але я не сказала б, што ён геніяльны. Проста палітычная праца, вельмі моцная з пункту гледжання таго, што адбываецца цяпер. Я задаволеная тым, што мы гэта зрабілі: калі завяршаеш нешта такое, з'яўляецца адчуванне, што ты зрабіў уклад, выказаўся – і стрэс з цябе выцякае.

Мне не хочацца працаваць з палітычнымі тэмамі. Мяне ўвогуле вельмі злуе, што даводзіцца пра гэта думаць. Хочацца жыць у краіне, дзе я буду думаць, як мне развівацца, што я хачу рабіць і як я хачу гэта рабіць. Зараз я марную шмат часу, сіл і эмоцый, якія магла б рэалізоўваць у творчай дзейнасці.

Вось ёсць мастакі: нешта адбылося – яны адразу ж намалявалі. А мне трэба ўсё спачатку пераварыць – складана рабіць нешта такое інтымнае пра ўсіх нас... Здаецца, шмат людзей гэта ўжо намалявалі. Але палітычныя тэмы ўсё роўна пралазяць, бо без гэтага ўжо аніяк – гэта частка нашага жыцця.

Зараз хачу пайсці на курсы па фэшн-дызайне. Усё жыццё сабе хлусіла: ды я сама магу ўсяму навучыцца, навошта мне некуды ісці! Гэта ўсё пасля агіднай школьнай сістэмы, дзе ты нічога не можаш вывучыць і займаешся сам. Пасля школы я пайшла вучыць англійскую мову і была такая ўдзячная – і такая злая: за чатыры месяцы мяне навучылі большаму, чым у школе за адзінаццаць гадоў. Калі б я ўвесь гэты час матывавана займалася тым, чым хачу, то столькі б усяго ўмела! У школе ў цябе ёсць фізра, і ты такі: «Ненавіджу бегаць» – і можаш не падазраваць, што табе падабаецца плаванне.

 

«Складана рабіць нешта такое інтымнае пра ўсіх нас»

 

Цяпер мяне бесіць, што я не магу нічога рабіць нармальна. Я ўвесь час знаходжуся ў пачуцці страху і ў пачуцці сораму праз тое, што я не магу рабіць больш, чым я раблю. Як тут адчуваць сябе камфортна?

Я магу нешта ствараць, калі мне альбо вельмі дрэнна, альбо вельмі добра. Калі вельмі дрэнна, то мастацтва працуе як «высер». Паважаю, сама гэтым займаюся, але вельмі лёгка напісаць сумную песню ці намаляваць сумную карцінку: бярэш рэчы, што кранаюць душу, і спрабуеш паказаць, які свет брудны. Аднак усе і без цябе гэта ведаюць. Вось паспрабуй паказаць, які свет прыгожы. Гэта складана.

Калі ў мяне ўсё добра, то я бліжэй да таго, каб зрабіць нешта прыгожае і добрае. Калі ж усё лайно, то атрымліваецца так: «Я павінна намаляваць, каб адцягнуцца». Ствараеш не таму, што ты хочаш нешта стварыць, а таму, што хочаш выгаварыцца. А мне хочацца і нечым добрым дзяліцца.

Складана планаваць, бо ты ніколі не ведаеш: раптам прыйдзецца з'язджаць. Яшчэ тыдні тры таму я думала, што застаюся да апошняга, а потым мы з мамай вельмі доўга гаварылі, і яна сказала: «Надзя, ты ж разумееш, што цяпер наогул нічога не зробіш для сваёй краіны? Можа, з'едзеш, чагосьці даб'ешся і потым зможаш зрабіць нешта тут? Усе праблемы, якія цяпер у вас, – гэта праблемы, якія арганізавалі мы». Маме за сорак, і яна моцна адчувае сорам за тое, што яны некалі гэта ўсё дапусцілі. Лічыць, што гэта іх адказнасць і яны могуць зрабіць больш за мяне.

 

 

 

 Назі 

– Усё пачалося з маленькага палаючага аўтазака, таму што я раззлавалася. Сяджу дома, бясконца праглядаю навіны, мне вельмі-вельмі сумна. Сябры перапісваюцца ў чаце: «А вы бачылі гэта? А вы бачылі тое?» Пачынаю задумвацца: «Калі мяне затрымаюць проста на вуліцы, трэба, каб абавязкова было з сабой вось гэта, а яшчэ гэта...» А потым думаю: «Бл*ць, якога чорта я павінна пра гэта задумвацца?» Мяне так раззлавала, што я не магу нармальна сустрэцца з сябрамі, не магу працаваць. Гэта была злосць, стомленасць і бездапаможнасць. Я адчувала мярзотнае я-зрабіла-недастаткова і бухцела: «Ну як так можна?! Як?!» Тут з'явіўся першы скетч палаючага аўтазака – дзіцячы і наіўны. Пакуль адмалявала ўвесь беларускі сэт з маленькіх тэматычных скетчаў для татуіровак – выдыхнула і супакоілася.

Я лічу, што самае шчырае мастацтва – дзіцячае. У дзяцінстве я заўсёды пыталася: «Мам, што мне намаляваць?» І мама заўсёды казала: «Зайчыка». І чым старэйшай я станавілася, тым больш я задумвалася, як жа зайчык выглядае насамрэч: анатомія, правільнасць і гэтак далей. А дзіцячае мастацтва не пра правільнасць, а пра ўласнае бачанне – і яно адсылае да нечага добрага. Калі ў вашым жыцці адбыліся жудасныя падзеі, то капніце крыху глыбей, падумайце, што вы хочаце, каб прыйшло наўзамен, – і выбірайце тату ўжо ў гэтым пазітыўным ключы. Штосьці маленькае і добрае мае большую сілу, чым злосць. Людзі, якія запісваюцца на падпалены аўтазак, прыходзяць і кажуць: «Блін, напэўна, я не хачу яго, давай нешта іншае. А потым, калі ўсё скончыцца, я наб'ю і яго».

Я ніколі не паўтараю эскізы, калі яны не парныя, пра што людзі дамаўляюцца самі. А вось свой беларускі сэт я вырашыла раздаваць усім: калі ты згодны, што татуіроўка будзе яшчэ на кімсьці, то прыходзь. Калі б'еш адзін і той жа эскіз некалькім людзям, то іх індывідуальнасць знікае, а тут сіла менавіта ў тым, што тату людзей аб'ядноўвае. Сама ідэя таго, што ты можаш ісці ў натоўпе на маршы і ўбачыць такую ​​ж самую татуху, што ў цябе, – аб'яднальная рэч.

 

«Штосьці маленькае і добрае мае большую сілу, чым злосць»

 

Сеанс татуіроўкі – гэта маленькі сеанс псіхатэрапіі, калі, вядома, кліент і татуіроўшчык на гэта настроеныя. Мне шчыра цікава, хто да мяне прыйшоў, і калі бачу, што чалавек наладзіўся на размову, то я пачынаю распавядаць свае гісторыі, пытацца, дзе вучыцца, дзе працуе, чаму выбраў гэтую працу. Я нешта накалякала ў сваёй галаве, а чалавек хоча перанесці гэтыя дробязі на сваё цела, дык ці магу я ставіцца да яго менш уважліва? Гэта ж мурашкі па целе, калі я малюю эскіз, а хтосьці піша: «Пакінь яго для мяне». Калі я буду тым майстрам, які не будзе даведвацца, хто носіць яго творчасць, то дзеля чаго тады я гэта раблю?

Раней я пыталася: «Як справы?» Цяпер я пытаюся: «Як справы, нягледзячы на ​​ўсе падзеі?» Людзі пачынаюць распавядаць свае гісторыі: пра затрыманні, пра незразумелыя рэчы, якія адбываліся ў гэты час. За гэтыя месяцы людзі сталі больш клапаціцца адно пра аднаго, і людзі, якія прыходзяць да мяне на татуіроўку, вартыя такога ж клопату. Спачатку я не прызначала сеансы на вечар і нават паўтара-два тыдні не працавала. Усіх прасіла: «Адпішы мне, як будзеш у бяспецы». Гэта так некамфортна – калі чалавек выйдзе са свежай татухай, а яго затрымаюць. Гэта ж*па! Ці зможа чалавек даглядаць свежую татуіроўку ў няволі? Ды ён нават не зможа напісаць мне, каб спытаць, ці нармальна гоіцца.

Можна падумаць, што да цябе прыходзіць кліент, ён плаціць табе грошы – і таму ты павінна быць добрай. Ніфіга. Я павінна быць добрай да ўсіх, нават тым, хто паступае не вельмі добра. Трэба ўмець суперажываць і думаць наперад, не быць агрэсіўнай. Злавацца – так, разбураць нешта – не. Будьзма больш уважлівымі да сябе і адно да аднаго. Гэта надзвычайна важна.