Журналістку Таню Капітонаву асудзілі на 10 «сутак»

  • 14.05.2021
  • Аўтар: 34mag
  • 5844

Суд Савецкага раёна Менска палічыў журналістку Таню Капітонаву вінаватай паводле артыкула 24.23 КаАП (ч. 1) і пакараў за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі» арыштам на 10 сутак.

 

Журналістку затрымалі 13 траўня падчас працы над фотарэпартажам з анлайн-канферэнцыі Emerge і даставілі ў РАУС. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі «жанчын у белым» на Камароўцы 12 траўня і адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна. На судзе Таня па скайпе сказала, што сапраўды была ў той час на Камароўцы, але ў акцыі не ўдзельнічала, аб чым можа сведчыць яе вопратка і адсутнасць кветак. Аргументы на суддзю Алену Жуковіч не падзейнічалі. Прысутнічаць на судзе, дарэчы, дазволілі толькі сваякам Тані і адвакату.

Таня – даўняя сяброўка 34. Гэта яна здымала, напрыклад, прыбіральшчыцу з рэйваў Тамару, рабіла вельмі інтымны і важны праект «Голас цела», фіксавала на камеру вялікія канцэрты накшталт камбэку Вольскага ў Беларусь, стварала топ-матэрыялы на тэмы фемінізму, інклюзіі, урбаністыкі. Калі для важнай гісторыі патрэбна скочыць на бліжэйшы цягнік, што ідзе кудысьці на край краіны, Таня цягнуць гумку не будзе. І чытач(-ка) хутка пабачыць нешта крутое быццам на свае вочы.

Любім і цэнім Таню. Чакаем на волі! Без яе тут стала нашмат менш прыгажосці.