«Спісы затрыманых»: сон па тры гадзіны, скандалы ў РУУС, вялікая агульная справа

Што рабіць, калі пасля ўдзелу ў акцыях за свае правы знікае блізкі чалавек? Многія беларусы шукаюць сваіх праз валанцёрскі тэлеграм-канал «Спісы затрыманых». Мы звязаліся з адной з валанцёрак канала, Аленай, і даведаліся ўсё пра яе працу – а яшчэ сабралі карысныя парады для сваякоў затрыманых.

 

«Дапамогай займаюцца проста неабыякавыя людзі»

– У пачатку пратэстаў нашы блізкія сябры, у тым ліку мае, зніклі. Я жыла недалёка ад Акрэсціна [у 1-м завулку Акрэсціна знаходзяцца ізалятар часовага ўтрымання і цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў УУС Менскага гарвыканкама. – заўв. 34], таму вырашыла па дарозе дадому зайсці і спытаць, ці не там яны. Удакладніла, потым знаёмыя напісалі, што трэба яшчэ пра кагосьці спытаць, прычым без прамаруджвання. Тым жа вечарам вярнулася на Акрэсціна, а ў выніку засталася там дзяжурыць.

Спачатку мы былі ўтраіх. Мы арганізавалі падачу спісаў затрыманых. Потым зразумелі, што ў нас не атрымліваецца трансляваць інфармацыю на ўсіх сваякоў – некаторыя не паспяваюць да нас падысці, калі мы зачытваем спісы. У выніку людзі пачынаюць блытацца яшчэ больш, плюс частку затрыманых везлі ў Жодзіна, пастаянна нешта змянялася.

Вырашылі стварыць тэлеграм-канал, які мог бы даваць усю інфармацыю. Пазней з'явіліся таксама чаты пад кожнае з месцаў адбыцця арышту, у выніку ўсё вырасла ў паўнавартасную рабочую сістэму.

Наша фішка ў тым, што рэпрэсаваным дапамагае не нейкая арганізацыя, дапамогай займаюцца проста неабыякавыя людзі. Мы здабываем інфармацыю:

  дзе і калі зніклі людзі,

  у якім РУУС іх можна знайсці,

  калі ў іх суды і этапы,

  што можна і нельга ім перадаваць,

  як правільна сабраць перадачу.

 

 

«У нас ёсць рабяты, якія спяць тры-чатыры гадзіны»

– Гэта цяжкая і няўдзячная праца. Ты апынаешся на стыку паміж сваякамі, якія знаходзяцца ў стане роспачы, і супрацоўнікамі ізалятараў, да якіх у грамадства вельмі шмат пытанняў. Таму сярод валанцёраў ёсць цякучка – нехта сыходзіць, нехта далучаецца.

Ёсць касцяк хлопцаў і дзяўчат, якія даўно займаюцца гэтым, трацяць на працу ўвесь асабісты час. Думаю, з намі працуе каля 50 чалавек. Гэта і жыхары іншых гарадоў, Жодзіна ці Баранавічаў, тыя, хто прыходзяць на Акрэсціна, пад РУУС, вязуць затрыманых дадому пасля вызвалення. Работа шматпланавая, і складана сказаць, што з намі працуюць толькі нашы валанцёры. Гэта могуць быць і валанцёры іншых арганізацый, проста мы працуем разам, у нас ёсць агульная мэта.

У нас было некалькі «хваль» валанцёрства – як толькі адбываюцца нейкія ўспышкі гвалту ў краіне, да нас далучаюцца новыя рабяты. Думаю, людзі прыходзяць дапамагаць праз тое, што ім трывожна, і валанцёрства дапамагае справіцца з гэтай напругай. Першай «хвалі» было вельмі цяжка ў псіхалагічным плане даваць рады з працай. Мне таксама было няпроста, давялося звярнуцца да псіхолага, і гэта дапамагло.

Валанцёр – такі ж удзельнік падзей, яму таксама неабходныя падтрымка і дапамога. Ёсць моманты, якія цяжка перажываюцца, калі ты крыху губляешся ў падзеях. Бывае, што валанцёры могуць і агрызнуцца, але, думаю, гэта чалавечы фактар. Кожны дзень мы знаходзімся ў шчыльным інфармацыйным патоку. У нас ёсць рабяты, якія спяць максімум тры-чатыры гадзіны, бо яны цалкам пагружаныя ў працоўны працэс.

 

«Сваякі могуць ладзіць пад РУУС сцэны»

– Бывае, мы кажам, што не трэба рыхтаваць ніякія перадачы, а сваякі робяць наадварот, у выніку пакутуюць людзі. Або часам трэба проста пачакаць спісы, мы просім не тэлефанаваць у РУУС або ІЧУ і не адрываць дзяжурнага ад працы, але заўсёды ёсць людзі, якія ўсё роўна будуць барабаніць, адпаведна тэрміны атрымання спісаў адсунуцца. Часам мы наогул пазбаўляемся магчымасці атрымаць спісы, бо дамоўленасць не жалезная ж. Разумею, што ў такіх умовах у валанцёраў часам садзяцца нервы або здараецца перагруз.

Мы варымся ў гэтым асяроддзі са жніўня. Нам усё зразумела, прывыклі, што сітуацыя мяняецца на раз-два, інфармацыя непастаянная. Але многія сутыкаюцца з такім упершыню. Спрабуем супакоіць сваякоў, але заўсёды ёсць тыя, хто вельмі моцна перажывае з-за затрымання. Яны могуць ладзіць сцэны пад РУУС, у выніку адтуль выганяюць і іх, і валанцёраў, і ніхто ніякай інфармацыі не атрымлівае. Былі выпадкі, калі праз паводзіны блізкіх людзей – скандалілі, біліся ў дзверы – з РУУС не адпускалі тых, каго павінны былі адпусціць, і везлі на Акрэсціна.

Нам бы ўсім хацелася, каб да валанцёраў прыслухоўваліся, бо мы даўно з гэтым працуем і разумеем, чаго можна чакаць. Напрыклад, калі ў РУУС згаджаюцца прыняць ежу і ваду, валанцёры ўжо знаходзяцца там з усім гэтым, каб перадаць, таму не трэба ехаць пад РУУС натоўпамі.

Ці адчуваем падзяку ад блізкіх затрыманых? Складана сказаць, мы робім нашу працу не дзеля гэтага. Наогул, па-дурному пачынаць нешта дзеля падзякі, таму што ты ніколі не атрымаеш яе ў тым жа аб'ёме, колькі затраціш сіл. У ідэальным свеце ты ўступаеш у падобныя гісторыі тады, калі сам хочаш і можаш займацца гэтай справай. Хоць людзі дзякуюць: напрыклад, пішуць добрыя словы ў чатах. Кранаюць усе падзякі, але асабліва тыя выпадкі, якія трапілі пад асабістае куратарства, таму што там ты больш занураешся ў гісторыю чалавека.

 

 

«У нейкі момант супрацоўнікі сталі ісці на кантакт з намі»

– Як наладжвалі кантакт з супрацоўнікамі ізалятараў? Размовамі, настойлівасцю і зноў размовамі. Мы ж начавалі пад ізалятарам на Акрэсціна, пастаянна там былі. Трэба было паставіць перад сабой задачу: мне патрэбныя спісы, трэба даведацца, дзе знаходзіцца чалавек. Потым прадумваеш, як будзеш дамагацца гэтай мэты. Калі для гэтага ты гатовы начаваць пад ізалятарам і чакаць спісы – ты начуеш, не – выбіраеш іншы спосаб. Мне здаецца, галоўнае – жаданне дамовіцца і знайсці спосаб атрымання інфармацыі.

У нейкі момант супрацоўнікі сталі ісці на кантакт з намі. Мне здаецца, гэта супрацоўніцтва выгаднае абодвум бакам, як бы дзіўна гэта ні гучала. Бо супрацоўнікі выдатна разумеюць, наколькі блізкія затрыманых не задаволеныя ўсім, што адбываецца. Да таго ж мы здымаем нейкую частку нагрузкі: людзі не тэлефануюць з пытаннямі, усе адразу атрымліваюць ад нас максімальна поўныя спісы. Яшчэ мы дапамагаем з падрыхтоўкай перадач. Перабіраем іх на вуліцы, дастаём тое, што нельга туды класці, і дадаём тое, што сваякі затрыманых пакласці забыліся. У выніку прыём перадач ідзе хутчэй.

 

 

«Пачынаеш адчуваць, што можа быць горш, чым цяпер»

– Мне здаецца, у валанцёраў павышаецца талерантнасць да вельмі многага. Гэта і дзіўна, і страшна, але ж мы павінны неяк выжываць у псіхалагічным плане.

Было класна, калі мастачка Таццяна Гарэльчык намалявала сцяг валанцёраў. Мы ўсе ўзрадаваліся, у кагосьці на вачах былі слёзы. Яшчэ бывае прыемна, калі нехта спрабуе перадаць штосьці асабіста для валанцёраў, усунуць табе той жа слоічак мёду.

Адбываецца вельмі шмат падзей, часта падзеі вельмі эмацыйныя. Усё жыццё ператвараецца ў адну вялікую эмоцыю, хоць у чымсьці мы да гэтага адаптаваліся. Пасля жніўня ты разумееш, што бачыў нейкую мяжу, і пачынаеш адчуваць, што можа быць горш, чым цяпер. А значыць, з цяперашнімі праблемамі можна справіцца. Бывае ўсякае – напрыклад, калі затрыманых упершыню закінулі ў Баранавічы, у мяне здарылася ледзь не паніка. Што рабіць? Выдыхнула, выпіла шклянку вады і зразумела, што трэба рабіць усё тое ж самае.

У жніўні мы нават не ўяўлялі, што зможам рабіць столькі, колькі робім цяпер. Не думалі, што столькі людзей змогуць удзельнічаць у гэтай працы і ўкладваць свае рэсурсы. А цяпер пачынаеш разумець, што справіцца можна з усім, галоўнае – не апускаць лапкі і рухацца наперад.

Мы пачыналі са спісаў па Акрэсціна і Жодзіна, потым аказалася, што можна атрымліваць дадзеныя з РУУС, супрацоўнічаць з ПЦ «Вясна» і атрымліваць інфармацыю па судах. Усё для таго, каб, напрыклад, маме не даводзілася шукаць свайго сына па ўсёй Беларусі, а можна было ўбачыць усю інфармацыю ў адным месцы і спакойна адвезці яму перадачу.

Ведаю, што нейкая частка грамадства наогул аддае перавагу не заўважаць тысячы затрыманых. Гэта іх права, мяне яны не раздражняюць. Нас шмат і мы розныя, немагчыма, каб усіх хвалявала адно і тое ж, да таго ж многіх затрыманні не закранулі наогул.

 

 

Што рабіць, калі твой(-ая) сваяк(-чка) затрыманы(-ая) пасля ўдзелу ў мірным пратэсце? Парады валанцёркі:

  Спачатку трэба супакоіцца. З пачатку пратэстаў многае змянілася, цяпер дастаткова лёгка адсачыць затрыманых па адміністрацыйных справах. Не трэба некалькі разоў пераправяраць, дзе знаходзіцца чалавек.

  Слухай валанцёраў. У іх вялікі досвед працы, і яны прыкладна разумеюць, чаго варта чакаць, што і калі можна перадаваць арыштаваным. Усе ў адной лодцы, ва ўсіх адна і тая ж мэта. Не трэба забываць пра гэта, абражаць адно аднаго.

  Некаторыя людзі хочуць зрабіць па-свойму, але нічога з гэтага не выходзіць. Тым жа прыёмам перадач супрацоўнікі займаюцца шмат гадоў. Яны ведаюць сакрэты ў духу «пакласці запіску ў сурвэткі або шкарпэтку», усё гэта знаходзяць і заварочваюць перадачу, пасля чаго даглядаюць наступныя перадачы яшчэ больш пільна.

  Калі твой блізкі мог быць затрыманы, спачатку трэба абзвоньваць РУУСы. Так, там могуць не браць трубку ці будзе занята, але ўсё роўна трэба тэлефанаваць. Часта чалавек трапляе ў бліжэйшы РУУС да месца затрымання. Яшчэ можна напісаць у бот @spiskov_net_bot або бот ПЦ «Вясна» @viasna_bot – калі ў валанцёраў ёсць спіс зніклых, ім лягчэй удакладняць дадзеныя ў супрацоўнікаў РУУС. Не забывай даваць пры звароце ў бот прозвішча, імя, імя па бацьку блізкага(-ай) і дату затрымання.

  Правер, ці ёсць прозвішча блізкага ў спісах канала, скарыстаўшыся функцыяй «пошук».

  Калі не хапае нерваў тэлефанаваць у РУУС, едзь туды і чакай спісы. Не трэба біцца ў дзверы і ладзіць скандалы. У РУУС заўсёды ёсць валанцёры, якія ведаюць, як лепш атрымаць інфармацыю. Так, усім непрыемна і складана, але трэба трымаць сябе ў руках.

  Акрамя РУУС, інфармацыю могуць даць раніцой пасля затрымання па нумары 102. Што тычыцца судоў, там у 90% выпадкаў даюць інфармацыю толькі сваякам. Калі чалавек быў асуджаны, знаходзячыся ў ізалятары ў Менску, і ты хочаш даведацца прысуд, трэба браць пашпарт і ехаць у канцылярыю таго суда, дзе чалавека асудзілі. Калі гаворка пра Жодзіна, чакаем спісы на наступны дзень або праз дзень, у іх будзе паказана колькасць сутак і дзень, калі чалавека адпусцяць.