YouTube дня: «Салідарныя чытанні»

У ліпені стартаваў праект «Салідарныя чытанні»: музыкі, акторы, пісьменнікі ды іншыя медыйныя асобы чытаюць раман Сашы Філіпенкі «Былы сын».

 

Кожны дзень на канале выкладваюць па дзве главы рамана, сюжэт якога круціцца вакол гісторыі сучаснай Беларусі і падзей, што спарадзілі моцную хвалю эміграцыі і прымусілі шмат каго сысці ў эміграцыю ўнутраную. «Былы сын», напісаны ў 2014 годзе, пачынаецца з трагічнай сцэны цісканіны на Нямізе, распавядае пра першыя ў краіне выбары і канчаецца падзеямі на Плошчы ў 2010-м. Галоўны герой трапляе ў натоўп і ўпадае ў кому; блізкія гадамі ходзяць да яго ў палату, дзеляцца навінамі, такім чынам рэальнасць пераплятаецца з глыбокім сном і мроямі. А потым здараецца абуджэнне.

У праекце ўжо ўзялі ўдзел Лявон Вольскі, дуэт NaviBand, Андрэй Макарэвіч, Дзмітрый Глухоўскі, Святлана Зелянкоўская, Таццяна Лазарава, Леанід Парфёнаў. Паслухаць «Былога сына» ў новай аранжыроўцы можна па спасылцы. «Магчыма, усё гэта дапаможа нам зразумець, што ж адбываецца ў Беларусі апошнія дзесяць гадоў», – фармулюе сэнс чытанняў сам аўтар.