Разам з тымі, хто бастуе. Ліст рэдакцыі 34mag.net

  • 26.10.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 1984

Рэдакцыя 34mag.net выступае ў падтрымку ўсіх, хто страйкуе, выходзіць на акцыі за свае правы, распавядае аб акцыях і іншым спосабам змагаецца за справядлівасць.

 

26 кастрычніка па ўсёй Беларусі праходзяць забастоўкі рабочых, людзі выстройваюцца ў ланцужкі салідарнасці, студэнты выходзяць на пікеты. Улада адказвае гэтым сумленным людзям мовай амапаўскага дручка і тэлевізійнай локшыны.

Мы ў 34mag.net упэўненыя, што кожны і кожная мае права прымаць актыўны ўдзел у жыцці сваёй краіны. Праца – гэта не падачка ад «гаспадара» і не механічнае выкананне загаду, што спусцілі зверху. Праца – гэта магчымасць зарабляць грошы, развівацца і прыносіць усеагульную карысць. Праца – гэта наша права, якое камусьці хочацца ператварыць у абавязак.

Усе мы маем голас. Усе мы вольныя казаць, за якія каштоўнасці працуем і аб чым марым (так, у нас ёсць мары). Ніхто не павінен працаваць у зачыненым цэху пад пагрозай звальнення і міліцэйскага пераследу.

Сёння, заўтра і заўсёды 34mag.net выпускае матэрыялы ў падтрымку тых, хто змагаецца за будучыню Беларусі.