Пра што пішуць студэнты з СІЗА і што напісаць ім?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 07.12.2020
- 3967
З 12 лістапада за кратамі знаходзяцца пяць рабят, якія не проста карпелі над канспектамі ў сваіх ВНУ, а яшчэ і з эмпатыяй імкнуліся зрабіць жыццё студэнтаў у Беларусі больш усвядомленым, насычаным, цікавым – каб нашы выпускнікі маглі шчыра прыносіць карысць краіне сваімі светлымі галовамі і сэрцамі. Цяпер маладыя людзі ўтрымліваюцца ў статусе падазраваных па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса, мера стрымання – 2 месяцы ў СІЗА. Мы запыталіся ў іх блізкіх, як рабяты сябе пачуваюць, пра што пішуць, якія часопісы іх пацешаць і пра што распавесці ім у лістах, каб крыху аблегчыць турэмны побыт.
Студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ, мастачка.
Пра што піша Кася?
У СІЗА ёсць бібліятэка, і Кася чытае Кафку. Сваякі кажуць, што яна бадзёрая: канешне, цяжка, але трымаецца. Дасылае маляваныя паштоўкі, піша: «Кормяць нас добра, што там [спачатку актывістаў утрымлівалі ў СІЗА КДБ, амерыканцы. – заўв. 34], што тут. А цяпер яшчэ і камера большая, таму ўсё нармальна. Малюю кожны дзень, чытаю. Ужо падаравала некалькі партрэтаў сваім сукамерніцам. Санаторый нейкі, шкада, што без ціхай гадзіны :) Тут у мене таксама люкс-камера з добрым туалетам (ура!)».
Як падтрымаць?
Кася цікавіцца сучасным мастацтвам, яна была бы вельмі рада атрымоўваць фотаздымкі прац беларускіх мастакоў.
Студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ, мастачка.
Пра што піша Яна?
«Сумаваць – можна. Адчайвацца – нельга!!!» – піша Яна маме. Сяброўка кажа, што Яна вельмі любіць чыпсы, шмат разоў пісала, каб ёй іх перадалі, сябры гэта зрабілі – і атрымалі ў лісце: «Асабліва была рада атрымаць чыпсы!!!» Піша, што ў яе ўсё няблага, перадае прывет усім-усім-усім.
Як падтрымаць?
Цяпер Яна чытае беларускіх пісьменнікаў – будзе файна, калі яна атрымае добрыя вершы. Сябры кажуць, што малявалі для яе ў лістах мемы. Можна намаляваць свежых.
Студэнт біялагічнага факультэта БДУ.
Пра што піша Ягор?
У лістах з СІЗА Ягор кажа, што ўмовы ўтрымання прымальныя: «Са мной усё добра (на дадзены момант выдатна). Сілкуюся, рухаюся, чытаю, сплю, гляджу тэлік (РЭН ТБ ва ўдары, як заўсёды)», «"Homo deus" пачынаў чытаць, але з сабой узяць не змог (не мая). Цяпер чытаю Хокінга "Кароткая гісторыя часу". Потым на С. Кінга мб перайду». «Яшчэ бібліятэкарам камеры буду хутка. Кар'ерыст, атрымліваецца?»
«Сваякі сказалі, што ў мяне незразумелы почырк, не мае праблемы, мучцеся)». «Варта было мне ўпасці ў анабіёз і напісаць, што дзён 6 не атрымліваў лістоў, адразу каля 20 лістоў за 2 дні! Ненармальныя чэрці!» «Вельмі шаную вас, жадаю толькі добрага, вы можаце ўсё. Хацеў бы абняць, але лепш будзе ўсіх пакусаць. Склаў бы вас у адзін мяшок і цягаў з сабой паўсюль. Ай, не магу, сумую па вас, додзікі!»
Як падтрымаць?
Просіць сяброў, каб дасылалі яму малюнкі. Парада ад Ягора: «Калі атрымліваеце адказы, у наступным лісце напішыце, калі атрымалі. Каб я мог арыентавацца. І нумаруйце лісты для зручнасці».
Студэнтка ФФСН БДУ.
Пра што піша Ксенія?
«Ксюша, наколькі можа, пачуваецца няблага – як мінімум фізічна, – кажа сястра Кася. – Гэта мы можам адсочваць з яе лістоў (адзінае, даходзяць яны амаль праз тыдзень пасля напісання), а таксама са слоў адваката, які можа з ёй бачыцца. Кажа, што было вельмі халодна ў амерыканцы. Цяпер цяплей, але горш кормяць. Цяпер мы ведаем, што ў Ксюшынай камеры ёсць тэлевізар і можна чытаць кнігі. У лістах Ксюша піша, што ўсё будзе добра, перадае ўсім прывітанні, высылае малюнкі, кажа, што сачыняе смешныя твіты і запісвае, каб не забыцца. Пачала складаць апавяданне. Бачна, што Ксюша спрабуе маральна падрыхтаваць бацькоў да таго, што можа знаходзіцца там доўга».
Як падтрымаць?
Ксенію можна падтрымаць лістамі і паштоўкамі, але далёка не ўсе лісты і паштоўкі перадаюць палітвязням, таму варта фатаграфаваць іх і дасылаць асабістымі паведамленнямі ў інстаграм Касі – так Ксюша дакладна ўбачыць усё па вяртанні дадому.
Пісаць ёй лепей нешта такое, што падбадзёрвае, і што наўпрост не тычыцца справаў і навінаў, бо цэнзура можа адразу «завярнуць» ці нават выкарыстаць гэта з іншай мэтай. Добра заходзяць малюнкі, фотаздымкі. Можна нават даслаць бандэроль з часопісамі – перыёдыкай, напрыклад, на тэматыку падарожжаў, прыгажосці, бізнэсу ці навукі.
Алана ўжо экс-студэнтка, яна скончыла БДМУ, але працягвала цікавіцца студэнцкім жыццём і рабіць свой унёсак у яго паляпшэнне.
Пра што піша Алана?
«Цяпер умовы лепей, яна ў камеры з іншымі жанчынамі, прыходзіць у сябе, – распавёў хлопец Аланы. – Паводзяцца з ёй нармальна, фізічнага ўздзеяння няма. Адчувае сябе як чалавек, які трапіў у такія абставіны, самі разумееце. Трымаецца, захоўвае бадзёрасць, спадзяецца на лепшае. Паволі прывыкае да таго, што адбываецца».
Як яе падтрымаць?
Алана любіць горы. Ёй было б цікава пачытаць пра розныя краіны ды народы. З адукацыі яна стаматолаг – выдатна, калі новыя сябры распавядуць ёй пра інавацыі ў тэхналогіях і медыцыне. Навучпап быў бы вельмі дарэчы, і хоць выбар магчымых падпісак на перыёдыку не такі вялікі, але чым больш, тым лепш.
КУДЫ ПІСАЦЬ?
Усе рабяты цяпер утрымліваюцца ў Пішчалаўскім замку. Адрас для лістоў, паштовак, тэлеграм: 220030, СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Менск. Лепш афармляць заказнымі.