Politzek.me: «Важна, каб чалавек не проста напісаў адзін ліст і забыўся»

  • 05.02.2021
  • Аўтар: 34mag
  • 3667

Лісты – найважнейшы інструмент падтрымкі палітвязняў, аднак важна перамагаць не толькі інфармацыйны вакуум турмы, але і замоўчванне праблемы ў быццам бы свабодным грамадстве. На агалоску гісторый зняволеных, у справах якіх відавочна прысутнічае палітычны складнік, актыўна працуе сайт politzek.me, прапаноўваючы разнастайныя інструменты ўцягнутасці. Мы пагаварылі з прадстаўніцай каманды праекта Інай Кавалёнак пра тое, як у іх справы і што будзе далей.

 

Politzek.me – праект штаба Віктара Бабарыкі. Створаны для сяброўства з палітвязнямі Беларусі. Прынцып просты: дадаеш у сябры палітвязняў, выбіраеш заданні, якія ты для іх выканаеш (напішаш ліст, перадасі прывітанне сябру, адправіш пасылку і г. д.), дзелішся вынікамі, тым самым залучаючы ў сяброўства ўсё новых і новых людзей. Каманда праекта фармулюе сваю місію прыкладна так: давайце разам зробім з палітвязняў новых селебрыці.

 

Іна Кавалёнак

 

 Навошта патрэбны «яшчэ адзін сайт» пра палітвязняў? 

– Па-першае, наша ідэя ў тым, каб надаваць агалоску праблеме, але рабіць гэта менш фармальнымі спосабамі. «Вясна» робіць велізарную частку працы, і без іх дадзеных нам было б вельмі складана, але калі гаворка ідзе аб падтрыманні тэмы ў медыя, тут працуюць ужо іншыя механізмы. Па-другое, мы адштурхоўваліся ад ідэі, каб у праекта была магчымасць існаваць доўга, а гэта пытанне з'яўлення механік уключэння. Важна, каб чалавек не проста напісаў адзін ліст і забыўся. І важна, каб мы не проста дадавалі новых палітвязняў, а прапаноўвалі новыя спосабы дапамогі.

Ідэя праекта politzek.me ўзнікла яшчэ ў верасні, як толькі стала зразумела, што колькасць палітвязняў расце, што на гэта немагчыма заплюшчваць вочы і што мы на гэта заплюшчваць вочы не хочам. Мы баяліся, што тэма пачне сыходзіць на другі план. І мэта праекта – як мінімум утрымаць увагу.

Афіцыйны рэліз адбыўся 2 снежня. Да гэтага было шмат падрыхтоўчай працы. Вельмі хачу сказаць дзякуй усім тым зараджаным людзям, якія на розных стадыях падлучаліся да праекта, прыходзілі, сыходзілі, цяпер у ім.

Politzek.me – праект штаба Віктара Бабарыкі, у які я ўваходжу. Але пасля свайго дастаткова драматычнага вопыту хаджэння на «суткі» [Іну затрымалі 28 верасня і ўтрымлівалі ў ізалятары на Акрэсціна ў агульнай складанасці 27 сутак. – заўв. 34] я стала па-іншаму адчуваць некаторыя рэчы і з радасцю падключылася менавіта да праекта пра палітвязняў.

 

 

 Чаму колькасць профіляў адрозніваецца ад дадзеных праваабаронцаў? 

– Справа ў тым, што прызнанне палітвязнем – гэта пэўная працэдура: спачатку збіраюць дадзеныя, потым іх падаюць у праваабарончыя арганізацыі, далей тыя вырашаюць, прызнаваць чалавека палітвязнем ці не. Цяпер палітвязнямі прызнаныя 226 чалавек, але, як нам вядома, пацярпелых за сваю грамадзянскую пазіцыю нашмат больш – заведзена больш за 900 крымінальных спраў. Таму, калі нам становіцца вядомая нейкая гісторыя ці на нас выходзяць сваякі зняволенага, мы дадаем гэтых людзей таксама.

 

 Як даведацца, колькі людзей рэальна сябруюць з палітвязнямі? 

– Мы адсочваем статыстыку, і ў нас ёсць ідэі, як рабіць гэта лепш. На дадзены момант мы ведаем, колькі выконваецца заданняў у цэлым і па кожнаму чалавеку. З моманту запуску сайта гэта амаль 9000 заданняў. Цяпер у профілі зняволенага ёсць лічыльнік – можна паглядзець, колькі чалавек закаміцілася пісаць ліст, перадаць прывітанне сябру палітвязня і гэтак далей.

Мы верым людзям: калі чалавек націскае на кнопку «я зраблю», то ён зробіць. Але таксама мы запускаем механізм верыфікацыі заданняў: зараз можна дасылаць пацверджанні таго, што ты гэта заданне рэальна зрабіў(-ла). Можна расказаць тэкстам, а ў хуткім часе мы запусцім аплоадар, каб можна было загрузіць фотку, як ты, напрыклад, п'еш «чыфір з палітвязнем». Самыя крутыя карцінкі і тэксты будуць адпраўляцца ў профіль палітвязня і ананімна ў ім адлюстроўвацца для ўсіх.

 

 Хто з палітвязняў самы(-ая) папулярны(-ая)? 

– Медыйныя асобы. Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка. Вельмі доўга па колькасці сяброў лідзіраваў Максім Знак, рэакцыя на яго была як на коцікаў у інстаграме. Людзі вельмі яго любяць. Але гэта не значыць, што ў іншых сяброў адзінкі. Зараз у васьмі чалавек на сайце болей за сто сяброў.

Людзей, у якіх зусім няма сяброў – калі яны дададзены на сайт не ўчора, – няма. А наконт «непапулярных» палітвязняў – мы рэгулярна распавядаем іх гісторыі ў інстаграме.

Баяліся, што з часам людзі будуць сябраваць менш, але не, відаць, што падключаюцца не толькі сваякі і знаёмыя. Лісты не становяцца штодзённасцю. Хоць гэта цяжка замерыць масава, але адчуваецца па фідбэку, які мы атрымліваем. Учора, напрыклад, людзі ў Трактарным пасёлку напісалі зняволеным сто лістоў, і гэта далёка не першая такая гісторыя.

Я сябрую на politzek.me з дванаццаццю людзьмі. У пятніцу апраналася цалкам у чорнае [адно з заданняў – апрануць чорнае як сімвал таго, што патрабуеш вызваліць палітвязняў. – заўв. 34] і сфоткала сябе прыгожа, як змагла.

 

 

 Навошта пісаць незнаёмцам(-кам)? 

– На «сутках» я не атрымлівала лістоў увогуле. Ведаю, што многія мне дасылалі, але не атрымала нічога.

Пра важнасць лістоў, у тым ліку ад незнаёмцаў, кажуць розныя палітвязні: божа мой, гэта круцей за падарунак Дзеда Мароза на Новы год! 

Важны сам факт ліста, і гэта развязвае рукі. Ты можаш пісаць пра тое, што хочаш: кім працуеш, як даведаўся пра палітвязняў, як правёў выходныя. Можна адштурхоўвацца ад гісторый: заходзіш, напрыклад, у профіль Паўла Нядбайлы і бачыш, што ён бегае паўмарафоны, а ты іх таксама бегаеш. «Ты бег у Быдгашчы ў 2019 годзе?.. Значыцца, мы беглі побач!» Такія рэчы збліжаюць.

Сам факт ліста перакрывае страх таго, што мы нагадаем пра нешта недасягальнае. Мы дапамагаем чалавеку ўтрымліваць сувязь з мінулым і вяртаць сабе сябе і каштоўнасць сваіх захапленняў.

Людзі, якія атрымліваюць першы адказ з СІЗА, плачуць і пішуць даўжэзныя пасты пра тое, як гэта важна. Я таксама памятаю свае эмоцыі, калі атрымлівала адказ: шчокі балелі, бо ўсмешка не сыходзіла з твару цэлы дзень. Мне прыходзіў адказ ад Сашы Васілевіча, быў адказ ад Ільі Салея, калі ён яшчэ не быў на хатнім арышце, ад Лявона Халатрана прыходзілі адказы. Гэта аграмадная радасць.

 

 Што далей? 

– У планах: 1) зрабіць так, каб людзі пры жаданні маглі распавядаць пра тое, як яны выканалі заданне, і гэта маглі ўбачыць іншыя; 2) стварыць памочніка па напісанні лістоў палітвязням; 3) адрасна дапамагаць сем'ям палітвязняў і падсвятляць іх гісторыі (гэта часта робяць журналісты, але сем'яў шмат, таму праца дарма не пройдзе).

Цяпер мы думаем над варыянтамі дапамогі – матэрыяльнай ці не – людзям, калі яны выйдуць. Ім трэба будзе з чагосьці пачынаць. І нават дэпрэсіўныя тэрміны, якія зараз даюць, некалі абавязкова скончацца.

Цяпер нам патрэбныя распрацоўшчыкі і дызайнеры. Важны момант: шукаем людзей, якія ўмеюць не толькі выконваць да дробязяў распісаныя ТЗ, але і праяўляць ініцыятыву.

 

Сайт    Instagram   Facebook