Парады адваката: як паводзіць сябе на допыце?

  • 26.01.2021
  • Аўтар: 34mag
  • 4758

Адвакат Сяргей Зікрацкі напісаў у Facebook пост з парадамі, як паводзіць сябе на допыце/апытанні. З дазволу аўтара дзелімся імі з нашымі чытачамі.

 

Калі вы думалі, што вас гэта не тычыцца, можаце быць упэўненымі, што тычыцца. Абсалютная большасць жыхароў нашай краіны патэнцыйна могуць быць апытаныя або дапытаныя супрацоўнікамі праваахоўных органамі. Амаль у кожнага ёсць сваяк / сябар / знаёмы, які за апошнія шэсць месяцаў быў затрыманы праваахоўнымі органамі. А значыць, і ў вас могуць захацець удакладніць нейкую інфармацыю. Калі ласка, прачытайце і запомніце гэтыя парады. Гэта важна.

 

 1. Памятайце: вы маеце права на юрыдычную дапамогу адваката. 

Вы маеце права атрымаць юрыдычную дапамогу адваката заўсёды і ўсюды. Так, зусім заўсёды і зусім усюды. Хто б і пры якіх абставінах вас ні апытваў ці дапытваў, вы маеце права патрабаваць юрыдычную кансультацыю адваката. Нават калі вы ў КДБ у тры гадзіны ночы, нават калі вы на памежнай заставе ў 300 кіламетрах ад Менска. Артыкул 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму (!) права карыстацца юрыдычнай дапамогай адваката ў любы момант (!).

Вы можаце заявіць, што настойваеце на юрыдычнай дапамозе адваката і не будзеце ўдзельнічаць у апытанні або допыце да таго моманту, пакуль адвакат не будзе прадастаўлены.

Калі ў вас ужо ёсць заключаная дамова з адвакатам, можна патрабаваць, каб прыехаў менавіта ваш адвакат. Калі ў вас няма дамовы з адвакатам, настойвайце, каб вам далі магчымасць заключыць дамову з адвакатам, у тым ліку далі магчымасць патэлефанаваць сваякам і сябрам, каб яны заключылі дамову з адвакатам у вашых інтарэсах.

 

 2. Памятайце, што вы маеце права не даваць паказанні супраць сябе і сваіх блізкіх. 

Права не даваць паказанні супраць сябе павінна трактавацца максімальна шырока. Гэта не толькі здзяйсненне вамі якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў. Гэта здзяйсненне вамі і вашымі блізкімі любых дзеянняў. Напрыклад, вы маеце права адмовіцца ад пытання пра абставіны знаёмства з канкрэтным чалавекам, паколькі такім чынам вы будзеце даваць паказанні ў тым ліку і пра сябе. Вы маеце права не адказваць на пытанне аб сваіх службовых абавязках, паколькі гэта тычыцца вас.

Вам могуць нагадаць аб крымінальнай адказнасці сведкі за адмову ад паказанняў і дачу загадзя лжывых паказанняў. Памятайце, што адказнасць за адмову ад дачы паказанняў не тычыцца выпадкаў адмовы ад дачы паказанняў супраць сябе і сваіх блізкіх.

 

 3. Памятайце, што вы маеце права адмовіцца ад удзелу ў апытанні. 

Зараз будзе крыху тэорыі, але яна важная, каб зразумець сутнасць вашых правоў.

Вас могуць выклікаць у якасці сведкі. Допыт у якасці сведкі рэгулюецца крымінальным працэсуальным кодэксам (КПК). Перад допытам вам абавязаныя растлумачыць вашы правы мець адваката і не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх (гл. параду першую і параду другую).

Але вельмі часта грамадзян апытваюць не як сведак і не ў рамках КПК. Так часцей за ўсё робяць ГУБАЗіК, ДФР, РУУС. Такія апытанні праводзяцца ў рамках аператыўна-вышуковай дзейнасці. Закон «Аб аператыўна вышуковай дзейнасці» дае права грамадзянам адмовіцца ад удзелу ў аператыўна-вышуковых мерапрыемствах (за выключэннем негалосных).

Таму, як толькі вас выклікалі / забралі / павезлі і вырашаюць з вамі пагаварыць, удакладніце, у якім статусе вы знаходзіцеся. Калі сведка і будзе допыт у рамках КПК, то вы маеце права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх (гл. параду другую). Калі ж вы не сведка, а будзе праводзіцца апытанне, то вы маеце права наогул нічога не казаць. Больш за тое, можаце патрабаваць, каб вас адпусцілі, паколькі ўдзел у такіх дзеяннях павінны быць выключна добраахвотным. Нагадаю, што параду першую (аб юрыдычнай дапамозе адваката) ніхто не адмяняў – пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў вы таксама маеце права патрабаваць прысутнасці адваката.

 

 

 4. Памятайце, што вы маеце права не паведамляць паролі ад тэлефонаў, камп'ютараў, электроннай пошты і акаўнтаў у сацсетках. 

Насамрэч гэтае права наўпрост выцякае з права не даваць паказанні ў дачыненні да сябе і сваіх блізкіх. Я вылучыў яго асобна праз вялікую значнасць інфармацыі, закрытай паролем. Падумайце дзесяць разоў, перш чым сказаць пароль супрацоўнікам праваахоўных органаў.

 

 5. Не спяшайцеся з адказамі на пытанні, адказвайце канкрэтна. 

Калі вы вырашылі даваць паказанні, не спяшайцеся адказваць на пытанне. Паўтарыце пытанне ў галаве, сфармулюйце адказ у думках і толькі пасля гэтага агучвайце яго. Адказ на пытанне павінен змяшчаць толькі тую інфармацыю, якую ў вас прасілі. Не варта распавядаць штось падрабязна (толькі калі вы свядома не сведчыце супроць свайго змоўшчыка). Бывалі выпадкі, калі падрабязныя адказы на пытанні і развагі на агульныя тэмы давалі праваахоўным органам тую інфармацыю, якую яны наогул не планавалі атрымаць у рамках апытання / допыту.

 

 6. Уважліва чытайце дакументы, выпраўляйце недакладнасці, рабіце заўвагі. 

Усе вашы паказанні павінны быць дакладна, карэктна і правільна зафіксаваныя. Па магчымасці даслоўна. Калі нешта зафіксавана недакладна, выпраўляйце. Калі нейкія вашы словы не адлюстраваныя ў пратаколе – патрабуйце дапаўненні пратаколу. Вам могуць сказаць, што гэта не істотна, вам могуць сказаць, што тут запісана правільнай мовай і г. д., але гэта насамрэч важна і павінна быць зафіксавана менавіта тымі словамі, якія вы казалі. Настойвайце! Калі гэтыя вашы фразы не з'явіліся ў пратаколе або адлюстраваныя недакладна, выпраўляйце, дапісвайце іх самі і замацоўвайце сваім подпісам.

Калі вы падпісваеце які-небудзь дакумент, можаце зрабіць любыя заўвагі, якія ў вас былі ўвесь гэты час. Вы прасілі адваката, а вам яго не далі – пакажыце на гэта. Вы прасілі шклянку вады, але вам не далі – зафіксуйце. Вам трэба было патэлефанаваць родным, але вам сказалі, што вы не маеце права на званок, – пішыце. Вам балела галава, жывот, вы перажывалі за свайго сабаку – рабіце пазнаку ў пратаколе. Вы нават не разумееце, як гэта можа быць важна. Проста паверце і не бойцеся рабіць заўвагі, выпраўленні і пазнакі ў дакументах, перш чым іх падпісаць.

 

 7. Запамінайце від працэсуальнага дзеяння, пасаду і прозвішча, імя супрацоўнікаў. 

Я ведаю, што гэта складана. Але гэта дакладна таксама і вельмі важна. Запомніце як мінімум назву дакумента, які вы падпісваеце, і назву органа, які праводзіць дзеянне. Папрасіце аркуш паперы і асадку, каб запісаць. Вы маеце на гэта права. Дакладна гэтак жа сама, як маеце права рабіць любыя паметкі падчас працэсуальных дзеянняў. Калі вам не далі паперу і асадку, калі вам забараняюць рабіць пазнакі – указвайце на гэта ў пратаколе, перш чым паставіць свой подпіс.

 

 8. Адключыце эмоцыі, уключыце галаву. 

Гэта, мабыць, складаней за ўсё. Вы апынецеся ў асяроддзі, у якім не бывалі раней. Вам будзе страшна з-за нявызначанасці. Людзі, якія вас будуць атачаць у гэты момант, будуць рабіць усё, каб гэты стан захоўваўся ў вас максімальна доўга. Яны будуць прыходзіць і сыходзіць. Яны будуць казаць шмат незразумелых слоў. Яны будуць называць нумары артыкулаў і тэрміны. Некаторыя могуць ціснуць, некаторыя могуць пагражаць, іншыя будуць усміхацца. Яны будуць казаць, што хочуць дапамагчы вам.

Памятайце: гэтыя людзі не могуць быць вашымі сябрамі. У вас з імі дакладна розныя мэты. Я ведаю кучу прыкладаў, калі ў абмен на патрэбныя паказанні супрацоўнікі праваахоўных органаў абяцалі адразу адпусціць і не праводзіць ператрус у доме састарэлых бацькоў, а па выніку пасля атрымання гэтых паказанняў адразу везлі на ператрус і «закрывалі» на 72 гадзіны.

Таму паспрабуйце адключыць эмоцыі. Паспрабуйце думаць галавой. Папытайце шклянку вады. Супакойцеся. Калі побач ёсць адвакат, пагаварыце з ім яшчэ раз. Ён адзіны, хто сапраўды гуляе ў вашай камандзе. Калі адваката няма – патрабуйце прысутнасці адваката (гл. параду першую).

Памятайце: што б вам ні казалі, за сценамі і варотамі гэтай установы абавязкова ёсць вашы блізкія, знаёмыя і сябры. Яны любяць вас і перажываюць за вас. Яны гатовыя зрабіць усё, каб вам дапамагчы. І яны абавязкова вам дапамогуць. Ваша задача – захоўваць самавалоданне, вытрымку, думаць галавой і не кіравацца эмоцыямі.