Дакументальны фiльм Аляксея Палуяна аб пратэстах пакажуць на «Берлінале»

Дакументальны фільм беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна «Courage» адабралі ў праграму Berlinale Special.

 

 

Галоўныя героі – акцёры Беларускага свабоднага тэатра Марына Якубовіч, Павел Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка – аказваюцца ў эпіцэнтры жнівеньскіх падзей 2020-га, хістаючыся на эмацыйных арэлях, знаёмых кожнаму свядомаму беларусу. Камера Тані Гаўрыльчык фіксуе ўсе ключавыя падзеі тых дзён: ад перадвыбарных чаканняў да «закатвання ў асфальт».

Сваю «хроніку ўнікальнага часу мірнага паўстання беларускай нацыі супраць несправядлівасці і прыгнёту правоў чалавека» Аляксей Палуян, які жыве і працуе ў Германіі, прысвяціў усім, хто загінуў ад беларускага рэжыму. Рэжысёр адзначыў у сваім Facebook: «Вельмі сімвалічна, што фільм пра беларускі боль і змаганне беларускага народа за свабоду трапіў менавіта на Берлінскі кінафестываль. Гэта горад, які быў распаласаваны на дзве краіны праз берлінскі мур. Хто, як не берлінцы, ведаюць колькі насамрэч каштуе свабода».

«Берлінале-2021» прызначаны на 9-20 чэрвеня – пазней за звычайныя для яго даты праз пандэмію.

Раней пра фестывальны поспех Аляксея Палуяна СМІ пісалі, калі яго ігравы кароткаметражны фільм «Возера радасці» трапіў у лонг-ліст «Оскара».