Выпускай! Як падтрымаць Марыю Рабкову?

  • 20.11.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 1425

Працягваем дзяліцца гісторыямі людзей, якія сёлета месяцамі знаходзяцца ў ізалятарах па палітычных матывах пад крымінальнымі артыкуламі. Сёння расказваем пра тое, як дапамагчы праваабаронцы Марыі (Марфе) Рабковай.

 

 

 Хто такая Марыя Рабкова? 

Марыя – праваабаронца, каардынатарка вядомага ўсім праваабарончага цэнтра «Вясна». Праз свае погляды шматкроць адчувала на сабе ціск рэпрэсіўнай машыны: «Мяне двойчы выключалі з апошняга курсу з універсітэтаў у Беларусі, не хаваючы, што гэта робіцца па палітычных матывах. Мяне звальнялі некалькі разоў з розных месцаў працы пасля званкоў "адтуль, ну вы ж самі ўсё разумееце". Мяне кожны раз здымаюць з транспарту пры перасячэнні мяжы, калі я еду на вучобу ў ЕГУ, і зноў "ну вы ж самі ўсё разумееце". На маіх блізкіх сваякоў заводзілі справы, таму што "зверху папрасілі". Мяне штрафуюць за фатаграфіі ў інтэрнэце, выдумляюць адміністрацыйныя справы і закрываюць на суткі без доказаў», – дзялілася Марыя ў Facebook летась.

Са сваіх 25 гадоў Марыя каля двух гадоў дапамагае «Вясне». У яе задачы ўваходзіць пошук валанцёраў, каардынацыя іх дзейнасці, назіранні за мірнымі сходамі. Сёлета Марыя ўдзельнічала ў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», у жніўні 2020-га назірала за акцыямі – пазначаная адпаведным бэйджам і накідкай. Таксама яна кантактавала з сем'ямі зняволеных, арганізоўвала перадачы ў СІЗА, задакументавала больш за 500 сведчанняў катаванняў.

 

 

 Як яе затрымалі? 

Марыю затрымалі каля дзевяці гадзін вечара 17 верасня разам з мужам – Вадзімам Жаромскім. Як Вадзім распавёў «Вясне», пара вярталася дадому, калі пасярод вуліцы раптам спыніліся некалькі «бусаў», адтуль выскачылі невядомыя і паклалі мужа і жонку тварам на асфальт. Ім паведамілі, што яны затрыманыя паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці»). Затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіК.

Вадзіма павезлі ў кватэру для правядзення ператрусу – канфіскавалі тэхніку, асабістыя рэчы, грошы. Потым яго даставілі ў ГУБАЗіК, а праз некалькі гадзін адпусцілі. Марыю ж павезлі ў ізалятар на Акрэсціна.

25 верасня Марыі было прад'яўленае абвінавачванне. Цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага. Санкцыі паводле ч. 3 арт. 293 КК прадугледжваюць да трох гадоў пазбаўлення волі. З яе адваката ўзятая падпіска пра неразгалошванне матэрыялаў справы.

Супольнасць ЕГУ выказала салідарнасць са сваёй студэнткай.

 

 

 Як падтрымаць Марыю? 

Даслаць ліст, паштоўку або тэлеграму па адрасе: 220030, СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, Марыі Рабковай.

Выслаць заказным лістом на яе імя часопісы з ілюстрацыямі, артыкуламі ды інтэрв’ю. Гісторыя, прырода – што заўгодна будзе цікавае.

Дарэчы, любы чалавек можа падпісаць вязня на друкаваныя выданні ў аддзяленні «Белпошты» або анлайн.

 

Вадзім Жаромскі, муж

«За больш чым два месяцы зняволення ў Валадарскай турме следчыя дзеянні ў дачыненні да Марыі праводзіліся толькі тры разы, і кожны раз яна адмаўлялася даваць якія-небудзь паказанні па цалкам беспадстаўных абвінавачваннях. У той жа час вядомыя факты сістэматычнага наведвання праваабаронцы з боку аператыўнікаў ГУБАЗіК, якія рознымі спосабамі спрабавалі прымусіць яе да дачы паказанняў і атрымання патрэбнай ім інфармацыі. У ход ішлі нават такія нізкія прыёмы, як пагрозы ніколі больш не ўбачыць хворага бацьку, у выпадку калі Рабкова адмовіцца з імі супрацоўнічаць.

Умовы ўтрымання пакідаюць жадаць лепшага. Са столі абсыпаецца тынкоўка, замест унітаза ў падлозе проста дзірка, на ложку цяжка ляжаць з-за жорсткай металічнай асновы і тонкага матраца. Памер камеры таксама вельмі малы, нагадвае больш камору, дзе можна зрабіць не больш за тры крокі і ўперціся ў сцяну або нары.

Назіраюцца перабоі з карэспандэнцыяй, і калі ад тых, хто спачувае, лісты ды паштоўкі з затрымкай, але даходзяць, то з бацькамі і сваякамі камунікцыя цалкам заблакаваная, мабыць, для ўзмацнення ціску і ізаляцыі. Хацелася б перадаць ад яе словы падзякі ўсім, хто піша ёй і падтрымлівае ў цяжкую хвіліну».