Падкаст дня: «Псіхіка і пратэсты: як жыць падчас рэвалюцыі?»

У эфіры з’явіўся новы выпуск душавыратавальнага падкасту пра ментальнае здароўе «Мы не дагаварылі», які робяць Кацярына Ажгірэй і Аляксандр Старадзетка. Эпізод прысвечаны таму, як не паехаць дахам падчас пратэстаў, і, мяркуючы па каментарах першых слухачоў, ён годна выконвае ўскладзеныя на яго функцыі гаючага трыпутніку.

 

«Асабістае і грамадскае занадта перамяшана. Мы бачым сваю карысць і патрэбу адкрыта пагаварыць аб траўме сведкі і аб тым, як на нашу псіхіку ўплывае палітычны кантэкст. Мы з Сашам больш не клічам герояў. Цяпер героем стаў кожны(-ая). Проста дзелімся храналогіяй падзей і, што самае важнае, сваёй рэакцыяй на іх. Бо інфаплыня цяпер перапоўненая, а што рабіць і з ёю, і з сабой – не заўсёды зразумела. Усім аднолькава балюча. Ніхто не ведае, як правільна. Ніхто не можа забараніць вам адчуваць і казаць, як трэба. Кожны мае рацыю па-свойму», – так у сябе на Facebook анансуе першы выпуск пятага сезону Кацярына.

Эпізод «Псіхіка і пратэсты ў Беларусі: як жыць падчас рэвалюцыі» пачынаецца з 30-секунднай нарэзкі спічаў Лідзіі Ярмошынай, Аляксандра Лукашэнкі і ўзрушанай вядучай дзяржканала, а таксама рову амапаўцаў і іншых гукаў, якія беларусы не забудуць, бадай, ніколі. У фінале гучыць аўдыяпаведамленне ад псіхалагіні Тані Пуцяцінай, пасля якога атрымліваецца нарэшце выдыхнуць.

 

 

Падкаст таксама можна паслухаць у Apple Podcasts, на Podtail, PodFM і іншых папулярных пляцоўках.