«Нябачная траўма» – праект пра псіхалагічны гвалт падчас пратэстаў

З лета 2020 года беларускія і замежныя СМІ распавядаюць гісторыі людзей, якія пацярпелі падчас пратэстаў у Беларусі, уздымаючы тэмы фізічнага і сэксуальнага гвалту. Але гвалт псіхалагічны застаецца амаль што нябачным. Праект «Нябачная траўма» імкнецца вырашыць гэтую праблему і спыніць яе абясцэньванне.

 

Аўтаркамі праекта з'яўляюцца беларуская фатографка Леся Пчолка і праваабаронца з Украіны Кацярына Памазаная.

Цяпер праект «Нябачная траўма» – гэта пяць асабістых гісторый пра паўсядзённасць беларусаў(-ак), якія пацярпелі ад псіхалагічнага гвалту пасля затрымання, палітычнага пераследу і ўдзелу ў пратэстах. У тэлеграме праекта можна падзяліцца сваёй гісторыяй, і яна будзе апублікаваная на сайце. Тое ж самае можна зрабіць і праз інстаграм.

 

 

Кацярына Памазаная

украінская праваабаронца

«Мы з Лесяй трапілі ў адну групу на майстэрні праектаў па сумяшчэнні культуры і правааховы ад платформы ARTIФ. З самага пачатку было зразумела, што наш будучы праект будзе тычыцца падзей у Беларусі, бо для і Лесі, і для мяне яны былі і застаюцца прыярытэтнымі. Мы вырашылі задаць сабе пытанне: чым мы, звычайныя людзі, сапраўды можам дапамагчы? Як хоць крыху, але make a difference? Канцэпт “Нябачнай траўмы” з'явіўся літаральна праз 20 хвілін камунікавання з Лесяй – было адчуванне, што мы размаўляем адной мовай.

У дызайне праекта можна прасачыць ідэю “нябачнасці”: белыя блокі на белым фоне, нібы на старонцы сапраўды пуста. За гэты мастацкі ход – нізкі паклон Лесі: яна сапраўдная мастачка, якая мысліць уражальнымі сімвалічнымі вобразамі. Гэта яна прапанавала такі фармат, а я толькі дзівілася з прыгажосці і лаканічнасці ідэі. Нябачнасць у форме – працяг нябачнасці ў змесце: усе сабраныя намі гісторыі складаюцца з адчуванняў і перажыванняў, якія губляюцца і абясцэньваюцца на фоне пастаяннай катастрофы барацьбы з рэжымам.  

Я лічу, што беларусы і беларускі ўжо перамаглі, паказаўшы сабе, што ёсць адно ў аднаго, паказаўшы ўсяму свету, якія неймаверныя, моцныя, смелыя і таленавітыя людзі жывуць у Беларусі.

З траўмай прасцей справіцца, калі ведаеш, што ты не адзін(-на) такі (-ая). Таму важна, каб людзі чыталі гісторыі герояў і гераінь праекта і дзяліліся імі з іншымі».

 

 Сайт праекта «Нябачная траўма»