Як новыя законы паўплываюць на СМІ ў Беларусі?

Усё, што можна трактаваць супраць журналіста, будзе трактавацца супраць журналіста – вось табе кароткае рэзюмэ ўсіх змен, што чакае наша заканадаўства. Падрабязней – у канспекце тэматычнага вэбінара Алега Агеева, які медыяюрыст правёў спецыяльна для Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

 

Летась шмат якія дзеянні дзяржорганаў у дачыненні да рэдакцый і журналістаў можна было назваць нелегітымнымі, але цяпер, падобна, такую практыку вырашылі ўзаконіць. Дакументы, пра якія пойдзе гаворка, ужо прынятыя і адобраныя абедзвюма палатамі парламента. Зараз яны праходзяць наступныя юрыдычныя працэдуры і ўступяць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання.

 

 Алег Агееў 

медыяюрыст і намеснік старшыні БАЖ

 

Закон «Аб СМІ»

  Умовы працы замежных СМІ становяцца больш суворымі. Пашыраны пералік асоб, якім забаронена засноўваць замежныя СМІ, уведзеныя падставы для адхілення рэгістрацыі і перарэгістрацыі, усталяваныя падставы для адмовы ў распаўсюдзе замСМІ.

  Абнаўляецца спіс абавязкаў рэдакцый СМІ, у тым ліку ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў і сеціўных выданняў, пашыраюцца патрабаванні да пасады галоўнага рэдактара.

  Пры распаўсюдзе інфармацыі з іншых крыніц трэба даваць гіперспасылкі.

Такі абавязак быў і раней, але ён рэгуляваўся заканадаўствам аб аўтарскіх правах. У законе аб СМІ яго прапісалі, мабыць, для таго, каб не дапускаць рэпосцінгу з telegram-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Цяпер, калі пабліш спасылку на такі канал, атрымліваеш штраф «за экстрэмізм», не пабліш – парушаеш Закон «Аб СМІ».

Свежы кейс: выданне Hrodno.life атрымала штраф 12 325 рублёў за распаўсюд забароненай інфармацыі, хоць на момант, калі спасылка была размешчаная, той telegram-канал экстрэмісцкім яшчэ не прызналі.

  Журналістаў зараз можна пераследаваць па самых розных прычынах: уводзіцца забарона на ўтойванне або фальсіфікацыю інфармацыі, на распаўсюд недакладнай інфармацыі, на збор інфармацыі не для СМІ, у якім працуеш, на дыскрэдытацыю па прыкметах полу, узросту, расавай або нацыянальнай прыналежнасці, мовы, стаўлення да рэлігіі, прафесіі, месца жыхарства, а таксама ў сувязі з палітычнымі перакананнямі.

Пункт пра інфармацыю для іншых СМІ, меркавана, патрэбны для таго, каб змагацца з работнікамі дзяржСМІ, якія сумяшчаюць працу ў незалежных медыя.

  Вызначаныя падставы для пазбаўлення журналіста акрэдытацыі: «бэджык» забяруць, калі парушаны парадак акрэдытацыі, або распаўсюджаныя звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, або здзейсненыя супрацьпраўныя дзеянні.

Калі ўвосень МЗС забіраў акрэды ў замежных журналістаў, то такой працэдуры ўвогуле не існавала і яе можна было называць незаконнай. Зараз усё легалайз. Самі ж падставы для пазбаўлення акрэдытацыі даволі размытыя. Здаецца, цяпер журналіста можна «разакрэдытаваць» нават за безбілетны праезд. Бо гэта таксама незаконна.

  Пашыраецца пералік інфармацыі, распаўсюджванне якой забараняецца. Цяпер ён уключае апытанні грамадскай думкі.

Магчыма, не апошнюю ролю тут адыграў вядомы мем па выніках перадвыбарчага сацапытання. Міліцыя і раней спрабавала затрымліваць журналістаў за інтэрв'ю на вуліцы: былі спробы прыцягнуць супрацоўнікаў СМІ да адказнасці за парушэнне парадку правядзення сацапытанняў. Бо іх можа праводзіць толькі арганізацыя з ліцэнзіяй. Дарэчы, калі такая справа разглядалася ў Бабруйску, юрыстам удалося атрымаць адказ Акадэміі навук, і навукоўцы патлумачылі, што сацапытанне і інтэрв'ю на вуліцах – розныя рэчы. Але гэта можа быць зразумела не ўсім.

  Пашыраецца пералік падстаў для вынясення папярэджанняў Міністэрства інфармацыі на адрас СМІ.

Змяняецца працэдура спынення выхаду СМІ. Мінінфарм цяпер сам можа выносіць рашэнне – без суда. Акрамя таго, пашыраецца пералік асоб, якія могуць заблакаваць доступ да анлайн-рэсурсу (дадалі пракуратуру), і, адпаведна, змяняецца працэдура аднаўлення доступу.

Працэдура спынення выхаду СМІ і раней выклікала шмат пытанняў, а цяпер стала зусім непразрыстай. Па сутнасці, чыноўнікі Мінінфарма, седзячы ў сябе ў кабінеце, могуць асабіста здзяйсняць юрыдычныя забойствы рэдакцый.

Калі восенню блакавалі сайты, то частка кейсаў была відавочна неправамернай, бо доступ закрывалі органы, якія не былі на такое ўпаўнаважаныя. Зараз жа любы пракурор можа спыніць доступ да анлайн-рэсурсу, і гэта будзе законна.

 

Закон «Аб органах унутраных спраў»

Маленькі, але важны дадатак у арт. 25 «Правы супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»: кожны міліцыянт цяпер мае права забараняць грамадзянам весці фота-, відэа- і кіназдымку. Аўдыязапіс, праўда, пакуль не.

У Канстытуцыі і ў міжнародным праве замацавана, што такія забароны можа ўводзіць толькі закон. Але ў Беларусі гэта дазволілі любому міліцыянту. Змена лёгка можа закрануць любога чалавека, напрыклад, пры здымцы ў судзе.

 

Закон «Аб масавых мерапрыемствах»

  У арт. 11 уводзіцца забарона на асвятленне масавых мерапрыемстваў, якія не атрымалі дазволу ад дзяржаўных органаў.

Калі раней затрымліваць журналістаў і прыраўноўваць іх да ўдзельнікаў масавага мерапрыемства было нелегітымным, то зараз усё ок.

Ці можна асвятляць недазволеныя мерапрыемствы пасля таго, як яны прайшлі? Прамой забароны няма, але хто ведае, як яно працуе.

 

 

Закон «Аб персанальных дадзеных»

  Законам уводзіцца забарона на атрыманне, збор і распаўсюджванне персанальнай інфармацыі без згоды. Калі нейкі масіў інфармацыі дазваляе ідэнтыфікаваць чалавека, гэта ўжо трапляе пад артыкул. У тым ліку фота і відэа.

  Але ёсць і добрая навіна: журналіст можа збіраць і распаўсюджваць персанальныя дадзеныя без згоды асобы, калі гэта накіравана на задавальненне грамадскіх патрэб у атрыманні інфармацыі.

 

Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму»

  Змяняецца фармулёўка адказнасці за экстрэмізм.

Заканадаўства аб экстрэмізме ў нас сфармулявана настолькі шырока, што дае магчымасць для адвольнага прыцягнення практычна любога чалавека.

 

Закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму»

  Закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму»

Як і закон аб экстрэмізме, гэты дакумент накіраваны на ўвядзенне дадатковых абмежаванняў у грамадскай дыскусіі. У тым ліку ў пытаннях гістарычнай памяці. Тое, як ён сфармуляваны, дае магчымасці для шырокага тлумачэння і прыцягнення да адказнасці.

Ёсць верагоднасць, што за некаторыя сімвалы, якія людзі калісьці выкарыстоўвалі, супрацоўнічаючы з нацыстамі, можна будзе прыцягнуць па гэтым законе. І наўрад ці гэта будзе расійскі трыкалор.

Закон можа стварыць дадатковыя праблемы для людзей, якія пішуць ці здымаюць на гістарычныя тэмы.

 

Крымінальны кодэкс

  У арт. 203-1 прадугледжана крымінальная адказнасць за разгалашэнне інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальных дадзеных. Будуць караць за збор і прадастаўленне інфармацыі, якая прывяла да прычынення істотнай шкоды, – абмежаванне волі да 2 гадоў. Калі гэта тычыцца службовай дзейнасці службовай асобы – да 5 гадоў.

  Арт. 203-2 тычыцца ўцечкі персанальных дадзеных, нават калі яны былі сабраныя журналістам легітымна. Адказнасць можа дасягаць абмежавання волі да 2 гадоў.

  Арт. 198-1 тычыцца інтэрнэт-рэсурсаў, не зарэгістраваных як СМІ. Ім нельга распаўсюджваць забароненую інфармацыю (а гэта вельмі вялікі адкрыты спіс). Пры паўторным парушэнні для ўладальніка сайта можа наступіць крымінальная адказнасць на тэрмін да 2 гадоў.

  У кодэкс дадаецца адказнасць за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4) і за праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-5). Наўпрост журналістаў гэта не закранае, але з адукацыйнымі мерапрыемствамі – пытаннечка. Верагодна, у новай рэдакцыі спіс экстрэмісцкіх фармаванняў пачне пашырацца вельмі хутка. І калі арганізацыя або група людзей з гэтага спісу праводзіць лекцыю, вэбінар ці нешта падобнае, то ўдзельнікаў ужо можна прыцягнуць да адказнасці.

  Арт. 369 тычыцца абразы прадстаўніка ўлады і яго блізкіх. Калі яна здзейсненая ў публічным выступе, альбо ў друкаваным або публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ, альбо ў інфармацыі, размешчанай у інтэрнэце, то можа карацца абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў.

  Арт. 369 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». Раней артыкул тычыўся прадастаўлення заведама лжывых звестак замежнай дзяржаве або арганізацыі. Цяпер гэта прыбіраецца, застаецца проста распаўсюд заведама лжывых звестак. Пакаранне павялічваецца: арышт або абмежаванне волі на тэрмін да 4 гадоў.

  Арт. 369-3 зрабіў больш жорсткім пакаранне за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. Публічныя заклікі, распаўсюджаныя ў інтэрнэце, зараз могуць быць ацэненыя тэрмінам да 5 гадоў пазбаўлення волі.

  Арт.375-1 «Незаконнае збіранне альбо атрыманне звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты». Паняцце «дзяржсакрэт» сфармуляванае вельмі абцякальна: ніколі не ведаеш, якая інфармацыя можа пад яго патрапіць. За збор такіх звестак можна атрымаць да 3 гадоў пазбаўлення волі. За збор з дапамогай тэхнічных сродкаў – да 5 гадоў.