Менск: матэрыял для руйнавання

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч – пра жаданне чыноўнікаў стварыць замест горада ўмоўную Мінскву і недастатковую іх паслядоўнасць у гэтым памкненні.

 

Проста пад балконам дома, у якім мы цяпер жывем, цячэ рака.

Не зусім малочная, канешне, і берагі ў яе не кісельныя – хоць і называецца рака вуліцай Кісялёва.

Асфальтавая рака, колішняя Старажоўская, цячэ па ўзгорку проста пад нашымі вокнамі. Увечары мы пераходзім раку ўброд і трапляем у горад Менск. На Асмалоўку. Да котак і птушак. У засень дрэваў, у мірныя двары, да спакойных людзей – мабыць, самых спакойных у сталіцы, бо ім няма чаго губляць, апрача сваёй душы. Гэта пра іх у гімне пяецца: мы, беларусы, мірныя людзі. Пра асмалоўскіх. Цікава: мы сапраўды ніколі не бачылі тут ніводнай бойкі. А потым мы вяртаемся на свой бераг – пасля Асмалоўкі такое адчуванне, што цябе палячылі ад усіх сталічных стрэсаў.

Мы любім гэты раён. Але каму ёсць справа да нейкай там прыватнай любові? Да нейкага там маленькага старога Менску пасярод раскінутай на сонцы раскошнай Новай Масквы?

***

Я заўжды падазраваў, што менскія чыноўнікі і архітэктары – людзі з паранармальнымі здольнасцямі.

Там, дзе звычайны, паспаліты мянчук бачыць хараство, – яны бачаць грошы. Грошы і нейкія старыя «каробкі».

Там, дзе нічым не выбітны грамадзянін знаходзіць спакой для душы, – яны знаходзяць матэрыял для руйнавання.

Там, дзе простыя людзі чуюць птушыны спеў, – яны чуюць такі мілы іхнаму сэрцу скрыгат экскаватара.

Там, дзе варта падумаць пра сваю гісторыю, – яны задумваюцца пра падземныя аўтастаянкі і «встроенные помещенія торгово-бытового назначенія».

Там, дзе менчукі хочуць Менск, – яны хочуць Маскву. Не такую вялізную, канешне (сціпласць – нашая нацыянальная рыса), а гэткую сабе «паціпу Маскву», Мінскву, на вяршок паменей, але абавязкова дарагую, такую, каб з інвестарамі ды іншымі медзвядзямі.

«Прапаную […] разбурыць к чарцям Купалаўскі тэатр, знесці нарэшце Траецкае. А на плошчы Перамогі, дзе помнік, – там што, зямля акупляецца?»

Экстрасэнсы, іначай не скажаш. Экстрасэнсы ў пясочніцы.

Там, дзе мы хочам жыць, – яны хочуць пагуляцца ў генпланчыкі.

Мяне заўжды цікавіў феномен двайнога зроку ў некаторых грамадзян РБ. На тэму гэтага феномену ў нашай мове існуе некалькі цудоўных прымавак. Напрыклад, глядзець у кнігу, а бачыць хвігу. Добрая прымаўка. Глядзець у акно горада, у якім жывеш, а бачыць варожы стан, які абавязкова трэба раскурачыць дашчэнту і ўтыкнуць у цэнтры штосьці гэткае. Бальшое! Саўрэменнае! Сімвал і сцяг сваёй перамогі са шкла і бетону.

Я ганаруся горадам, дзе жыву. Ён унікальны хаця б тым, што гэта, бадай, адзінае месца ў Еўропе, дзе ўлады так баяцца і не любяць сваё. Знішчэнне Нямігі нікога нічому не навучыла. З ціхай згоды чыноўнікаў і архітэктараў былі разбураныя цэлыя кварталы. Менск падобны да чалавека, якога спрабуюць зрабіць непазнавальным, твар якога ўвесь час падчышчаюць – да поўнага выдалення асаблівых прыкмет. З якой мэтай? Відаць, са шпіёнскай. Каб закінуць у хаос бясчасся і пакінуць там – разам з намі, ягонымі жыхарамі.

ОК. Прапаную быць не толькі сціплымі, але і паслядоўнымі. Пачаць з таго, што разбурыць к чарцям Купалаўскі тэатр, знесці нарэшце Траецкае. А на плошчы Перамогі, дзе помнік, – там што, зямля акупляецца? Трэба абавязкова сцерці з зямнога аблічча ГУМ. Навошта нам будынкі на праспекце Незалежнасці, 17, на Карла Маркса, 38, і іншыя старыя «каробкі»? А цырк? Разбурыць усё і пабудаваць на вызваленым месцы кучу гандлёвых комплексаў, падземных аўтастаянак, аб’ектаў «торгово-бытового назначенія» і ўсяго таго, што мы жаром год за годам і чамусьці ніяк не нажаромся.

#асмалоўкажыві

 


КАМЕНТАРЫ (3)

Алекс
Алекс | 2017-06-15 17:48:21

это капитализм детка!

Мікіта
Мікіта | 2017-06-16 13:44:41

Гэта ідыятызм, дзетка ))

kefirzefir
kefirzefir | 2017-06-15 18:00:46

Это долбоебизм, детка

12 0 +12
Адказаць

КАМЕНТАВАЦЬ