«Мастацтва на маршы» – новы фільм 34mag.net

  • 21.05.2021
  • Аўтар: 34mag
  • 12880

34mag прэзентуе фільм «Мастацтва на маршы». Гэта аповед пра тое, як беларусы раптам палюбілі сваіх артыстаў, а многія адкрылі артыстаў у сабе. Але ці дапамагае трыпутнік мастацтва загаіць адкрытую рану памерам з краіну?

 

 

Каманда 34 працавала над фільмам вясной 2021 года, ва ўмовах, калі на «суткі» можна трапіць не толькі за шматлюдны флэшмоб, але і за «няправільную» песню ў пераходзе ці графіці без зялёнай плямы. У Беларусі працягваюцца чысткі ў тэатрах, закрываюцца культурныя прасторы. Канцэрт найлепшых гуртоў рызыкуе скончыцца «маскі-шоу» (гэта калі яго наогул дазволяць правесці). Папаўняецца спіс забароненых кніг. Алесь Пушкін сядзіць за карціну. Паводле дадзеных апошняга маніторынгу ПЭН-цэнтра, за студзень-сакавік культурныя правы беларусаў і проста чалавечыя правы дзеячаў мастацтва былі парушаныя 291 раз.

«Мастацтва на маршы» – гэта сёрф на хвалі пратэснага арту ў момант, калі пена ўжо сышла і можна вывучыць, якія сляды засталіся на пяску. Ці аказаліся артысты ў авангардзе падзей? Знайшлі тую мову, якой можна апісаць усё, што здарылася з намі ў жніўні? Падарылі нам новыя гімны? Вынайшлі словы, трывалейшыя за шчыт? Далі ключы да разумення новай рэальнасці?

Гэтыя пытанні мы адрасавалі мастакам Міхаілу Гуліну, Ульяне Няўзоравай і Глебу Бурнашаву, кінарэжысёру Максіму Шведу, спявачцы Маргарыце Ляўчук, музыканту Паўлу Гарадніцкаму, акцёру Міхаілу Зую, паэтцы Ганне Комар, культуролагу Максіму Жбанкову, мастацтвазнаўцу Мікіту Монічу. І атрымалі сумленныя адказы.

 

Падпісацца на YouTube 34mag

 

 Падтрымаць 34 на Patreon