Магутны змей

Тры дні таму, у нядзелю, у некалькіх гарадах краіны прайшлі «Маршы недармаедаў», Віцебск значна вылучыўся сярод астатніх – па дадзеных СМІ, на вуліцы выйшла каля дзвюх тысяч чалавек. Як незнаёмыя людзі могуць стаць адзіным, цэлым арганізмам, што такое сапраўдная самаарганізацыя і чаму неацэнна было аказацца ў глыбіні гэтага натоўпу – інсайдарская калонка ад Тані Аліпчыкавай.

 

Мы з сяброўкай падыходзім да галоўнай плошчы горада, якая лічыцца ледзьве не самай вялікай у Еўропе, бачым сцягі і пераходзім на левы бок – справа на сцэне вядучы крычыць нешта пра Масленіцу і хрэн яго ведае што яшчэ, я ўжо перастала слухаць. Уся ўвага прыкаваная да натоўпу, маё сэрца танцуе ламбаду: апошні раз такую колькасць людзей я бачыла на «акцыях маўчання» ў Менску шэсць гадоў таму. А тут не Менск, а Віцебск. Уаў.

«Уаў», – кажа і мая сяброўка. Натоўп рэзка пачынае рухацца, мы ўліваемся ў ягоную плынь і плывем невядома куды. Лаўлю сябе на думцы, што не мае значэння, куды мы ўсе пойдзем, мне не страшна не ведаць мэты і напрамку, галоўнае – што разам. Злева ўзнікае хлопец з сабакам, за ім бацька з маленькім хлопчыкам і яшчэ адна жанчына з дзіцячым вазком. Потым мы сустрэнем яшчэ нямала бацькоў з дзецьмі, а пакуль ідзем і разважаем пра дэкрэт, пра колькасць людзей, справа сігналяць машыны, натоўп гудзе, наперадзе хтосьці адчайна пачынае крычыць пра тое, што Беларусь жыве, і чалавек дзесяць скандуюць разам. Я таксама спрабую, але мае блізкія суседзі па маршы маўчаць, робіцца неяк няёмка, і я затыкаюся.

Мы ідзем праз цэнтр горада, у інэце ўжо з’явілася інфа, што нас больш за тысячу, хочацца смяяцца і ганарыцца. Мы смяемся і ганарымся.

Я гляджу на людзей, якія ўсе розныя: сталыя, маладыя, сумныя, радасныя, з апушчанымі вачыма, з высока паднятай галавой, жанчыны на абцасах і ў красоўках, брытагаловыя хлопцы і дзядзечкі ў касцюмах, але не з усім вядомай канторы. Хаця і гэтых, канешне, хапае. Не трэба мець звышздольнасцей, каб адрозніць гэбэшніка ці мянта ад недармаеда.

Насустрач ідуць людзі, некаторыя здзекліва фыркаюць, але такіх мала. Праз хвілін сем сустракаем мілую бабку, якая плюе ўслед і раве на ўвесь прыпынак, каб мы, алкаголікі, лепей працавалі, дармаеды сраныя.

«Не трэба мець звышздольнасцей, каб адрозніць гэбэшніка ці мянта ад недармаеда»

Я адчуваю прыліў энергіі, я адчуваю сабе часткай нечага магутнага і бясконцага – пачатак калоны яшчэ бачны, а канца не відаць, я быццам доўгі рознакаляровы змей, які цягнецца праз увесь горад, і рух мой няспынны, і сам я магутны, і нават рэгуліроўшчыкі на скрыжаваннях не наважваюцца мяне разарваць.

З розных бакоў чуваць гутаркі пра надвор’е, здароўе, а ў асноўным – пра набалелае: тое, пра што, магчыма, дагэтуль атрымлівалася сказаць толькі блізкім, а мо і ўвогуле нікому, пра тое, што баліць і што тут, у гэтай масе неабыякавых, быццам змогуць зразумець. Пра знішчэнне паркаў, пра недахоп працы, пра якасць медыцыны. Змей паўзе і паўзе далей, а тыя, хто ў ім, напэўна, незаўважна для саміх сябе адкрываюць сэрцы і галовы, выплёскваюць боль і незадаволенасць, атрымліваюць бясплатны сеанс псіхатэрапіі і ачышчэння.

Мы даходзім да канечнай кропкі і распаўзаемся па пляцоўцы каля філармоніі. Тут жа Ленін, ён мо і хацеў бы збегчы, але прыйшлося стаяць і слухаць, дзякуй хоць усталяваны спінаю. Скандуюць рознае, без мегафона, словы проста ляцяць у натоўп, і калі адгукаюцца ў адкрытых як ніколі душах віцяблян – гул ціхіх гутарак змяняецца гучным рэхам.

Казаць можа кожны жадаючы – няма ніякага арганізатара – адзін у касцюмчыку з тых самых 90-х лямантуе пра славу Расіі, але яго словы гінуць яшчэ да таго, як сканчваюць гучанне.

Я больш не баюся (у мяне меней шанцаў адхапіць па мордзе, чым у гэтага чувака, напрыклад), я ведаю, што мой голас – ужо не мой, ён пераўтварыўся ў адзіны гук, гук вялізнага магутнага змея, я крычу тое, што мне баліць, я хачу ачышчэння: «Жыве Беларусь!»

 

КАМЕНТАРЫ (0)

КАМЕНТАВАЦЬ