Лайк, шэр, рэпост!

 

 

Завіталі ў сераду ў Прэс-клуб на лекцыю Франака Вячоркі «Сацсеткі для беларускіх журналістаў». Як ствараць нестандартныя фарматы кантэнту для сацсетак і якая будучыня медыя – занатоўваем галоўнае на лекцыі Франака Вячоркі.

 

Франак Вячорка – каардынатар сацсетак «Радыё Свабода» з 2012 да 2016 года, раней працаваў на тэлеканале «Белсат». Навучаецца ў магістратуры American University ў Вашынгтоне па праграме «Міжнародная камунікацыя». Выпускнік праграмы Дзярждэпартаменту Digital Communication Network, лаўрэат журналісцкай стыпендыі Вацлава Гаўла і праграмы «Лідары грамадзянская супольнасці» ад Open Society Foundations.

 

 

 

Што важна асэнсаваць

Традыцыйныя сайты памруць. Самае важнае – не настальгаваць. Звычка і настальгія – гэта тое, што замінае нам развівацца.

Эфектыўнасць ужо не можа вымярацца клікамі на сайт ці праглядамі паста. Эфектыўнасць вымяраецца ангажаваннямі, шэрамі, уцягваннем і глыбінёй праглядаў відэа.

 

 

 

 

 

Social Media First

Ёсць такі прынцып – Social Media First. Калі вы прыменіце такі прынцып у сваіх рэдакцыях, вам будзе прасцей. Што б вы ні рабілі, рабіце гэта з разлікам на тое, што на выхадзе гэты прадукт будзе распаўсюджвацца праз сацыяльныя медыя. Выбірайце выяву, загаловак і падводку да паста з разлікам на тое, як пост будзе ўспрымацца алгарытмам Facebook.

Кантэнт павінен выклікаць эмоцыю. Чалавеку не цікавыя факты самі па сабе. Ім цікавыя адчуванні ўдзелу, уласнай важнасці, патрэбнасці гэтаму свету. Менавіта таму яны купляюцца на фэйкавыя навіны.

Сапраўдная журналістыка павінна ўбудаваць гэтую эмоцыю, пры гэтым не перайшоўшы межы. Ад эмоцыі да маніпуляцыі – адзін крок. Перад публікацыяй падумайце, якую з рэакцый на Facebook чалавек клікне пасля прачытання. Прынцып ангажавання – гэта тое, за што трэба змагацца.

Кожнае ангажаванне мае розную вагу: падзяліцца (share), каментар (comment), лайк (like), клік. Калі вы ствараеце кантэнт, рабіце так, каб людзі шэрылі. Лайкі не настолькі крутыя, як шэры. У Беларусі ёсць рэчы, якія будуць заўжды шэрыць: напрыклад, калі мянты б’юць пратэстоўцаў. Аднак трэба ствараць такі кантэнт, каб людзі шэрылі пастаянна.

За апошнія месяцы колькасць пераходаў з Facebook зменшылася ў разы. У «Радыё Свабода» – 50% пераходаў на сайт з сацсетак. Нам не трэба зацыклівацца на тым, каб весці людзей на сайт.

Трэба пачынаць працаваць на будучыню. Як сказаў Уэйн Грэцкі: «Не важна, дзе цяпер шайба. Важна, дзе яна будзе напрыканцы». Напрыканцы «шайба» будзе на інтэрактыўных платформах.

Людзі пачынаюць карыстацца інтэрнэтам у 5 гадоў. Ужо ў 3-4 гады дзецям ставяць ролікі на Youtube. У 8 гадоў чалавек заводзіць сабе першыя акаўнты ў сацсетках.

Згодна з Беларускай аналітычнай майстэрняй Андрэя Вардэмацкага, у Беларусі 5,8 мільёнаў інтэрнэт-карыстальнікаў. 62% ад агульнага насельніцтва.

Апошні год у Facebook масава валяць пенсіянеры.

43% беларусаў атрымліваюць навіны з сацсетак.

 

 

 

 

 

Жыццё паста

Першыя 15 хвілін – ваш вырашальны час.

Ваша задача – працягнуць рост арганічнага ахопу.

Ад імя суполкі трэба адказваць на кожны камент і лайкаць кожны камент.

Каментатарам хочацца адчуць уласную важнасць, таму трэба адразу адрэагаваць на каментар.

 

 

 

 

 

 

 

Як падтрымаць пост

Не адыходзіць ад паста першую гадзіну.

Пракаментаваць, уступіць у размову.

Папрасіць сяброў лайкнуць ці падзяліцца.

Падняць паспяховы пост з архіву лайкам ці каментаром.

 

 

 

 

 

Як афармляць артыкул для патрэбаў SMM

Ясны загаловак да 100 знакаў.

Словы-кручкі, імёны/назвы. Мы для гэтага выкарыстоўваем такія, як Міхалок, Пазняк, Лукашэнка.

У загалоўку мусіць быць дзеянне.

Лід: у першым сказе сутнасць.

Фотка: якасная, прыгожая. Па сакрэце: Facebook скануе фоткі. Калі вы ставіце неарыгінальную фотку, алгарытм гэта бачыць. І ён паказвае ваш пост менш. Таму для вашага паста на Facebook рабіце арыгінальную фотку.

 

 

 

 

 

Стратэгіі постынгу

Мы трымаемся стратэгіі «менш пастоў, але лепш прыгатаваных». TUT.by давярае больш алгарытму: робіць больш пастоў, а ўжо алгарытм сам выбірае, што лепш жыве ў Facebook.

Стратэгія постынгу «Радыё Свабоды»: 90-100 пастоў на тыдзень. У прыярытэце – відэа, ангажаванні на самой платформе, палітычныя і культурніцкія тэмы, шмат пазасайтавага кантэнту.

Стратэгія постынгу TUT.by – 200-250 пастоў на тыдзень. У прыярытэце – лінкі на сайт, шырокі дыяпазон тэмаў, збольшага сайтавы кантэнт.

Вы павінны выбраць сваю стратэгію эмпірычным шляхам.

 

 

 

 

 

 

 

Чаму SMM-шчык – кепская назва

Надта агульна. Сацыяльныя сеткі – не маркетынг.

У рэдакцыях з’явяцца новыя функцыі:

- Рэдактар сацыяльных медыя;

- Брэнд-менеджар;

- Кантэнт-стваральнік;

- Пікчар, ілюстратар;

- Каардынатар маркетынгу ў сацыяльных сетках.

 

 

 

 

 

Ці варта посціць коцікаў

Калі палітыка рэдакцыі дазваляе, то можна. На «Свабодзе» мы посцім коцікаў, калі яны палітычныя, альбо культурніцкія, альбо грамадскія. Напрыклад, Kyky.org выбудоўваюць коцікаў у гісторыю. І гэта прыклад таго, як можна працаваць коцікамі, каб гэта не замінала вашаму іміджу. Калі, напрыклад, ваша мэтавая аўдыторыя – гэта людзі ад 13 да 20 гадоў, то коцікамі вы можаце забіваць усё. Напрыклад, Buzzfeed цягам года посцілі коцікаў. Гэта можа быць стратэгіяй прасоўвання.

 

 

 

 

 

 

 

Колькі «Радыё Свабода» траціць на прасоўванне пастоў у Facebook

У месяц цяпер прыкладна каля 300 даляраў. Да гэтага – каля 100 даляраў на месяц. На люты і сакавік, калі ў нас былі рэвалюцыі, у нас было пад тысячу даляраў.

 

 

 

 

 

 

 

Ці варта рабіць апытанкі

Апытанні выцягваюць нават самую нудную тэму. У Facebook мы задаем апытанку тэмай перадач. Чым прасцейшае апытанне і менш варыянтаў адказу, тым болей людзей удзельнічаюць у ёй. На Facebook можна рабіць жывыя галасавалкі рэакцыямі. Аднак у верасні 2016 Facebook абвесціў: «Забараняецца рабіць галасаванне рэакцыямі ці каментамі падчас стрыму, калі выява статычная альбо закругленая».

Ёсць выйсце – cэрвіс livereacting.com, дзе можна набыць галасавалку. Гэта такі абыход правілаў Facebook.

 

 

 

 

 

 

 

Што будзе з папяровымі выданнямі

Папера – не экалагічна. Яна становіцца дарагой і неэфектыўнай.

Амерыканскія Washington Post і The New York Times ужо выводзяць папяровыя выданні з асноўных рэдакцый.

Будучыня – paperless, свет без паперы.

 

 

 

 

 

Высновы

Ідзіце туды, дзе вашы чытачы. Не думайце, што яны прыйдуць да вас самі. Яны больш не ходзяць на сайты. Ім вельмі цяжка зрабіць адно намаганне. Ёсць такое правіла: чытальнік-карыстальнік здольны толькі на адно дзеянне. Не чакайце, што ён і лайкне, і пашэрыць, і пракаментуе. Не чакайце, што карыстальнік будзе набіраць доўгі адрас вашага сайта.

Кожны сам сабе СМІ. Ваш капітал – гэта вашы падпісанты. Я заўжды паўтараю: наймайце людзей на працу, у якіх ужо ёсць падпісанты. Вашы фолаверы – гэта частка вашага СV. Калі вы наймаеце, глядзіце, што ён ужо мае.

Мэта – заангажаваць, а не надакучваць. Важна думаць пра чытача. Патрэбна больш візуалізацыі і інтэрактыўнасці, бо чытач – галоўнае.

Уцягвайце з дапамогай жывых трансляцый, апытанняў, тэстаў, каментароў, конкурсаў.

Заўсёды пытайце сябе перад тым, як запосціць або напісаць матэрыял, – навошта? у якой форме? для каго? які будзе вынік?

Кантэнт – кароль.

Чым менш тэксту ў фінальным прадукце, тым лепш. Не распавядайце – пакажыце. У 2018 годзе 80% трафіку будзе відэа.

 

 

 


КАМЕНТАРЫ (1)

Алекс
Алекс | 2017-06-16 20:47:01

этот грантасос- предатель знает как людям мозги пудрить

КАМЕНТАВАЦЬ