Галоўрэд KYKY Насця Рагатко – пра тое, як быць з аўдыторыяй нягледзячы ні на што

Лета-2020 шмат што змяніла ў працы беларускіх медыя: фатографы прымерылі бронекамізэлькі, любы(-ая) журналіст(-ка) ведае, як, калі што, паводзіць сябе падчас ператрусу, рэдакцыі асвоілі эмігранцкія лятучкі і пошук сродкаў да існавання ў адсутнасць рэкламных кантрактаў, а чытачы навучыліся карыстацца VPN-сэрвісамі ды ўсур’ёз адкрылі для сябе тэлеграм. З вышыні мінулых месяцаў нам здалося цікавым абмеркаваць гэтую новую рэальнасць з Насцяй Рагатко – галоўрэдам сайта kyky.org. KYKY ляжыць у шчыльным блоку і пазбаўлены звыклых крыніц даходу, але трымаецца дзякуючы яго ўпартай і крутой камандзе. Як у іх атрымліваецца?

 

Важны кантэкст: сузаснавальнік kyky.org Аляксандр Васілевіч – палітычны зняволены. У ліпені ён трапіў на суткі па 23.34, а 27 жніўня ў офіс кампаніі Vondel/Hepta, суўладальнікам якой Аляксандр з'яўляецца, прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі ДФР, пасля чаго сам ён быў затрыманы. У верасні Аляксандру высунулі крымінальнае абвінавачанне. Рахункі кампаніі «Мінт Медыя», у якой ён таксама меў долю, заблакавалі – праекты KYKY і The Village пазбавіліся магчымасці карыстацца сваімі грашыма і зарабляць новыя. Сайты праектаў трапілі пад блок на тэрыторыі Беларусі, а каб пазбегнуць пераследу, рэдакцыя KYKY вымушаная была з'ехаць з краіны.

 

Пра блакіроўкі і палітызацыю аўдыторыі

– У снежні Мінінфарм заблакаваў сайт KYKY на тэрыторыі Беларусі. Што за гэты час стала з вашай аўдыторыяй?

– Калі раней наведвальнасць была на ўзроўні 2 млн карыстальнікаў штомесяц (а ў асабліва добрыя месяцы мы набліжаліся да 2,5 мільёна), то ў лютым мы не дацягнулі нават да 400 тысяч. Хоць, вядома, знаходзіцца пад блакіроўкай і выпампоўваць 400 тысяч карыстальнікаў – гэта клёва.

За гэты час, яшчэ да блакавання, у нас моцна выраслі тэлеграм і інстаграм, што дае нам сілы жыць, бо гэта паўнавартасныя новыя пляцоўкі. Цяпер KYKY ўжо не сайт, у якога ёсць нейкія сацсеткі, якія яго гайдаюць. Цяпер KYKY – гэта і сайт, гэта і instagram-акаўнт, гэта і telegram-канал, гэта і іншыя сацсеткі са сваімі кам'юніці.

– Чыноўнікі неяк рэагавалі на ваш кейс са зменай даменаў на sabachka.help, kykyold.com, nachesy.country і гэтак далей?

– Распавяду гісторыю: да таго моманту, калі гэтае лета пачало з намі адбывацца, чыноўнікі з намі размаўлялі, і, напрыклад, была такая размова, калі мяне папрасілі не ставіць на сайт калажы, дзе ў Лукашэнкі замест галавы велікодны куліч. Мне станавілася смешна кожны раз пры думцы пра тое, як чалавек пракручваў у галаве ўсю гэтую сітуацыю, што вось ён мне скажа пра куліч. Пасля выбараў чыноўнікі проста пачалі блакаваць усіх і перасталі камунікаваць.

– Як лічыш, блакіроўкі дапамагаюць ім дасягнуць сваіх мэт?

– Блакіроўкі дапамагаюць дасягнуць мэт у тым сэнсе, што разумення іх дзеянняў становіцца ўсё меней, а жадання з усім гэтым скончыць становіцца ўсё болей. Не думаю, што блакіроўкі працуюць на тое, каб знішчаць медыя. Мы для сябе вырашылі: калі ім так хочацца, каб мы спынілі сваё існаванне, то мы не можам зрабіць такі падарунак і насуперак усяму будзем працягваць існаваць.

Нядаўна я ўдзельнічала ў канферэнцыі з кіеўскімі калегамі. Яны ўспаміналі, як цяжка было ў часы Майдана, калі ты ўжо нейкі час змагаешся, але нічога не адбываецца (так ім у моманце здавалася, далей мы ўжо ведаем, што здарылася і як). Гэтыя калегі пыталіся: «Як вы так доўга падтрымліваеце ў сабе сілу духу? Пратэсты працягваюцца больш за 200 дзён...» Я адказвала, што нам неймаверных сіл надае той факт, што яны ўжо ўсімі спосабамі спрабуюць перакрыць кісларод, але гэта проста маханне рукамі ў паветры, мы не зробім ім такога падарунка.

«Знаходзіцца пад блакіроўкай і выпампоўваць 400 тысяч карыстальнікаў – гэта клёва»

– Якія фарматы матэрыялаў на сайце заходзяць цяпер лепш за ўсё?

– Добрыя сакавітыя інтэрв'ю. Мне вельмі спадабалася інтэрв'ю з выбітным культуролагам Юліяй Чарняўскай, якое зрабіла Маша Мялёхіна. Раскошны тэкст, бо мала хто цяпер падымае тэму таго, куды нас можа завесці нянавісць паміж тымі, каго называюць змагарамі, і тымі, каго называюць ябацькамі. Кожны дзень жыву з думкай, што ўсім нам жыць у адной краіне. А як, калі ўзровень нянавісці і пагарды зашкальвае з абодвух бакоў?

– Беларускі чытач усё яшчэ хоча чытаць пра палітыку?

– Адназначна так. Беларускі чытач стаміўся ад палітыкі ў цэлым, але беларускі чытач усё яшчэ хоча пра яе чытаць.

– Але накіраванасць яго інтарэсаў унутры тэмы неяк змянілася?

– Так. Жнівень быў канцэнтраваным месяцам: адбылося шмат гвалту, а потым было вельмі шмат гісторый пра гвалт. Некалькі месяцаў цягнуўся гэты шлейф, усе пра гэта казалі. Да зімы тэма жнівеньскіх рэпрэсій – і наогул тэма вяртання ў тое, што было летам, – перастала працаваць. Цяпер ёсць велізарны запыт на тое, каб людзям тлумачылі, што адбываецца з эканомікай, з правам, з рознымі сферамі жыцця, якія таксама коцяцца ў прорву, але якія давядзецца рэабілітаваць.

У нас вельмі актыўна чытаюць усё пра новую Беларусь, што б ні мелася на ўвазе пад гэтым брэндам: ад digital-рэформаў да прамацвання, што там будзе з юстыцыяй, ці спатрэбяцца люстрацыі і гэтак далей. Усё, што ляжыць у плоскасці сучаснага-будучага.

 

 

«Калі ім так хочацца, каб мы спынілі сваё існаванне, то мы не можам зрабіць такі падарунак»

Пра тое, як тэлеграм узлятае ў ≈ 50 разоў

– Як атрымалася, што ваш telegram-канал для кулуарных жартаў пераўтварыўся ў асобнае медыя з аўдыторыяй 60К?

– Telegram-канал «Кулуары KYKY» заводзіўся таму, што перыядычна ў рэдакцыі нараджаліся мемы і жарты, якія не знаходзілі выплюхвання ў тэкстах, паколькі былі «нецэнзурныя», але трымаць у сабе мы іх не маглі. Да жніўня 2020 года «Кулуары» чыталі дзесьці 1300 чалавек, канал боўтаўся ў іх на дне тэлеграма, а калі раз на месяц у нас даходзілі рукі запосціць туды нейкі жарт, чалавек заходзіў, смяяўся разам з намі і сыходзіў.

Усё змянілася 9 жніўня. KYKY заблакавалі днём, яшчэ да таго, як у краіне лёг інтэрнэт і зачыніліся ўчасткі для галасавання. Мы з маімі сябрамі і часткай супрацоўнікаў KYKY дамовіліся сабрацца ўвечары ў мяне дома, каля Стэлы. Увечары мы выйшлі на вуліцу, але аказалася, што вакол вядуцца ваенныя дзеянні. Вярнуліся дадому, і ўсё, што мы тады маглі зрабіць, – пачаць пісаць пасты ў тэлеграм-канал з майго тэлефона – гэта была адзіная прылада, на якой працаваў інтэрнэт.

Шэсць чалавек у адным пакоі і адзін дэвайс, праз які адбываецца сувязь са сваякамі, рэдакцыямі і ўласна наша праца. Мы пачалі пісаць пасты: хтосьці адну гадзіну піша з майго тэлефона ў гэтую тэлегу, хтосьці – іншую гадзіну. Мы рабілі гэта, таму што нічога не рабіць было немагчыма. Проста херачылі днём і ноччу.

Мая кватэра на першыя тры дні пратэстаў стала каворкінг-камунай. Мы жылі ў мяне, спалі на падлозе. Па іроніі лёсу ў гэты момант дома была котка, якая разрадзілася пяццю кацянятамі. За трое сутак кватэра ператварылася ў бедлам, потым усе разам заказвалі клінінг.

Да серады, калі ўключылі інтэрнэт і ў нас зноў з'явіўся сайт, мы разгайдалі тэлеграм-канал тысяч да 15. На нас ужо падпісалася «Медуза», нас ужо рэпосцілі рабяты накшталт N***A. Мы адкрылі telegram-бота, і людзі сталі масава дасылаць фота, відэа, паведамленні. І гэта проста космас, велізарная махіна інфармацыі. Мы зразумелі, што нельга проста так пакінуць telegram, бо ён вельмі важны людзям ва ўмовах, калі кожныя выходныя рубіцца інтэрнэт, і мы перавялі на тэлеграм-канал аднаго з журналістаў, якія пісалі навіны і тэксты на сайт.

– У што ператворацца «Кулуары KYKY» далей?

– Узімку мы дамовіліся, што не плануем ісці ў будучыню як канал аб пратэстах ці канал аб палітыцы, таму цяпер пішам туды пра рознае. Вельмі вялікае месца ва ўсёй нашай павестцы займае палітыка, але гэта не таму, што мы вырашылі памяняць накіраванасць. Хутчэй наадварот: палітыка ўвайшла ў лайфстайл настолькі, што мы не можам па-іншаму.

Telegram забраў на сябе навіны. Калі ты правёў дзень па-за тэлефонам, можаш зайсці ў «Кулуары KYKY» і, пагартаўшы, зразумець карціну навін за дзень. Пры гэтым па вечарах мы задаём нейкія дурныя пытанні ў духу: «Пражыць сем гадоў без сэксу або стаць адмінам "Жоўтых сліў"?» Дазваляем сабе свавольствы, бо гэта тое, за што нас шануе ядро аўдыторыі.

– На якія тэлеграм-каналы ты падпісаная сама?

– Падпісаная на Арцёма Шрайбмана, бо даўно люблю, як піша і думае Арцём. З навіновых каналаў падпісана на TUT.by і Onliner, ад астатніх адпісалася. У мяне відавочны перадоз інфармацыяй, трэба гэта фіксіць.

– Instagram таксама прагрэла рэвалюцыя?

– У тым жа жніўні, але незалежна ад падзей, да нас павінна была прыйсці дзяўчынка весці Instagram. 17-га чысла яна прыйшла і сказала: «Насця, я сёння на паўдня, бо мне трэба ехаць на Акрэсціна забіраць свае рэчы». І я зразумела, што ўсё стала зусім іншым, бо на працу да цябе прыходзіць чалавек, які не браў слухаўку не таму, што ён не хоча прыходзіць на працу, а таму, што ён у гэты момант знаходзіўся ў катавальні.

Калі не памыляюся, гэтая дзяўчына прыйшла на ледзьве пройдзенай адзнацы ў 10 тысяч, калі мы ўжо маглі даваць спасылкі ў сторыс. Цяпер у інстаграме 46 тысяч. Час ужо рабіць усё асобнымі каналамі і расціць паасобку, пакідаючы агульны кукушны tone of voice.

Наш instagram аўтэнтычна рос на патрыятычным руху, але потым мы пачалі разводзіць яго лайфстайлам. Мы разумеем, што ёсць запыт ад людзей і на тое, і на тое. Пакуль нам рашуча незразумела, куды мы з нашым акаўнтам прыйдзем, але нам вельмі цікавы ўжо сам працэс пошуку.

 

 

Пра Patreon і пра будучыню

– Можаш вылучыць нейкі новы медыяпрадукт, які цябе ўразіў?

– Нешта канкрэтнае не, бо я шчыра лічу, што нашы калегі, якія працуюць у беларускім парадку ў Беларусі і за яе межамі, – гэта абсалютныя героі. Шчаслівая бачыць, чытаць і чуць той узровень прафесійнага гонару, які журналісты ў сабе нясуць. І рада думаць, што наша праца і нашы гульні ў змену даменаў цешаць іншых журналістаў з іншых рэдакцый, якія падвяргаюцца найстрашнейшым рэпрэсіям і ціску. Мы даем калегам нагоду пасмяяцца, бо падстаў зажурыцца ў нас цяпер вельмі шмат.

Тым, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі, заўсёды быццам крыху страшна, а нам заўсёды быццам крыху сорамна за тое, што мы не там. Таму я схіляюся перад тым, як нашы медыя сябе паказваюць.

– Як камунікуе ваша рэдакцыя?

– Мы жывём на пяць гарадоў. Зумы – наша ўсё, чаты – наша ўсё. Але гэта не дзіўны досвед, бо так адбываецца з сакавіка, калі пандэмія прыйшла ў Беларусь.

«Мы даем калегам нагоду пасмяяцца, таму што падстаў зажурыцца ў нас цяпер вельмі шмат»

– Калі б вы цяпер запускалі новы праект, то што б гэта было?

– Мы запускаем Patreon з усялякімі пацешнымі бенефітамі ад рэдакцыі і мерчам. Хочам даць нашым чытачам магчымасць аформіць падпіску, каб атрымліваць мерч і разам з тым падтрымліваць каманду. Бо ніхто не робіць выгляд, што камандзе цяпер лёгка – і ў маральным сэнсе, і ў фінансавым.

Мы былі прадуктам, які забяспечваў сябе сам. Цяпер атрымліваецца, што табе, даросламу чалавеку, які даўным-даўно з'ехаў ад мамкі і разлічвае на свой уласны гаманец, раптам сказалі, што твой гаманец больш не твой, цяпер ён належыць нейкаму ДФРу. Вядома, даводзіцца прыдумляць новыя спосабы ўставаць на ногі. Я не бачу ў гэтым трагедыі. Мне, наадварот, падабаецца, што мозг нарэшце пачынае працаваць не на асэнсаванне жахаў, а на асэнсаванне таго, як жыць далей і як не дазволіць вось гэтаму злу ўсё разбурыць. Думаю, гэта ўва мне кажа мантра нашага сузаснавальніка Сашы Васілевіча.

Запусцім Patreon, а далей паглядзім, на што нам хопіць фантазіі. Я думаю, што мы цяпер у такой сітуацыі, калі самы час прыдумляць новыя фарматы, новыя спосабы зарабляць, новыя спосабы выказваць сябе. Вельмі хачу вярнуць камандзе адчуванне патрэбнасці. Я ж адчуваю, што журналісты, якія прывыклі пісаць класныя тэксты на 50-100 тысяч наведвальнікаў, цяпер, калі на старонку заходзіць 12 тысяч, а можа быць, і ўсяго дзве тысячы, адчуваюць сябе не настолькі патрэбнымі.

Будзем абавязкова нешта прыдумляць. Магчыма, запусцім увогуле новыя фарматы кантэнту. Ужо пачалі рабіць эфіры ў інстаграме – вельмі класная штука, вельмі лямпавыя гутаркі атрымліваюцца. Думаю, што ўсякія клабхаўсы таксама пойдуць у ход.

«Мне падабаецца, што мозг нарэшце пачынае працаваць не на асэнсаванне жахаў, а на асэнсаванне таго, як жыць далей»

– Як ты адпачываеш?

– Пакуль я толькі і раблю, што клянуся, што як толькі ў Беларусі ачысціцца паветра і я прыеду, абдыму сваіх бацькоў, абдыму Сашу Васілевіча, якога выпусцяць з турмы, то паеду потым у які-небудзь ашрам. Выкіну тэлефон у акіян, ноўтбук нават браць з сабой не буду. Буду там два месяцы маўчаць, медытаваць і займацца ёгай. Да жніўня я хадзіла на ёгу, потым перапыніла гэтую гісторыю і да гэтага часу да яе не вярнулася. Памятаю, наколькі добрае самаадчуванне яна дае, але не магу – няма ні сіл, ні энергіі, ні жадання.

Я не разумею, якім жыццём я цяпер жыву, бо жыву я не дома. Я не разумею, ці магу я паўнапраўна адпачываць, бо ўсё яшчэ атрымліваю лісты ад Сашы Васілевіча і плачу над кожным з іх. Адчуваю, што я падыходжу да этапу, калі мне сапраўды трэба будзе паехаць адпачыць. Калі разумею, што я ў гэтай кропцы, то абавязкова гэта зраблю. Чуць сябе важна.

– У ашрам, калі ў краіне свята?

– Вядома, гэта казка. Хутчэй за ўсё я буду з ліку тых людзей, якія першыя пабягуць, нібы сабака ў лужыне, купацца ва ўсім, што будзе. Калі я ўяўляю сабе гэтую будучыню, у якой можна будзе рабіць усё новае (і рабіць на поўную катушку), у мяне дадаецца энергіі. Працы будзе велізарная колькасць – спадзяюся, як і ініцыятывы ад беларусаў. Уяўляю сабе вось такую Беларусь, калі ўсе прафесійныя сферы – гэта фактычна рэйвы. Вядома, у іх будзе вельмі мала парадку, але ў іх будзе столькі варушняку, што я ўжо хачу ва ўсё гэта ўварвацца.