Краўдфандынг дня: кніга плакатаў «Я выходжу»

Праз прамяністы крэатыў і дасціпнасць плакаты беларусаў(-ак) з акцый пратэсту сталі сапраўднай культурнай з’явай. Паўгода таму Лёша Пірс, беларускі графічны дызайнер, які жыве ў Варшаве, задумаў кнігу, што магла б гэтую з’яву ўвекавечыць. Цяпер «Я выходжу» рыхтуецца да друку.

 

Выданне змяшчае ў сабе больш за 400 фатаграфій плакатаў, падзеленых на катэгорыі: «Shit Айчыны», «Ябацькі», «Плошча Перамен» і іншыя. Кожны плакат – напамін пра ключавыя сімвалы і падзеі пратэсту.

 

 

Лёша Пірс, аўтар ідэі

«У жніўні, калі ўсё пачалося, у мяне склалася ўражанне, што кожны робіць нешта па меры сваіх магчымасцей для дасягнення супольнай мэты – як унутры краіны, так і за мяжой. Гэтая хваля салідарнасці не абмінула і мяне: я пачаў думаць, як мне, дызайнеру, быць карысным у такой сітуацыі. Сама ідэя згенеравалася абсалютна выпадкова: у галаве прамільгнула думка, што было б файна сабраць пратэсныя плакаты ў кнігу.

Я распавёў пра ідэю ў інстаграме. Мяне падтрымалі заўважныя ў пратэсным руху людзі, і наступным днём я апублікаваў пост, у якім папрасіў людзей дасылаць фатаграфіі плакатаў.

Выпуск кнігі для мяне азначае, што я не прамаўчаў і не застаўся ўбаку тады, калі трэба было дзейнічаць – хоць і ў межах сваіх невялікіх магчымасцей і рэсурсаў. Ну а тое, што мая праца аказалася патрэбнай людзям і мне пісалі “дзякуй, што зрабілі такі праект”, – гэта неапісальна прыемнае пачуццё.

Наўрад ці мяне змяніў сам праект, бо дызайн – гэта тое, чым я займаюся даволі даўно, хоць і не так публічна. Але мяне дакладна змянілі падзеі, што адбыліся ў нашай краіне».

Кампанія ўжо сабрала 115% ад тых грошай, якія былі патрэбныя, але зрабіць свой унёсак ці перадзамову яшчэ магчыма – да 22 лютага. Сума больш за € 17 – гэта аўтаматычна перадзамова кнігі.

 

 Заданэйціць