Рэпорт: «Кожны дзень. Мастацтва. Салідарнасць. Супраціў»

У Дзень Волі, 25 сакавіка, у кіеўскім культурным комплексе «Мастацкі арсенал» пачала працу выстава сучаснага беларускага мастацтва «Кожны дзень. Мастацтва. Салідарнасць. Супраціў». Гэты праект – філігранны зрэз пратэснага беларускага мастацтва за апошнія 26 гадоў, але асаблівую ўвагу тут, вядома, надалі падзеям 2020–2021.

 

Запазычваючы ў беларусаў лозунг «Кожны дзень», выстава факусуецца на даследаванні салідарнасці, механізмаў дзяржаўнага гвалту, рэвалюцыйнай паэтыкі, прасторавага і архітэктурнага вымярэнняў пратэсту. Такіх грандыёзных мастацкіх падзей у Беларусі не праводзілася з розных прычын, шмат з іх – палітычныя.

Выстава рыхтавалася шасцю куратарамі і куратаркамі на працягу чатырох з паловай месяцаў. У экспазіцыйнай прасторы плошчай 4000 квадратаў выстаўляюцца 86 мастакоў і мастачак. Прадстаўленыя работы розных тэхнік і відаў: ад замалёвак, зробленых на «сутках» у СІЗА, да маштабных інсталяцый і праектаў, адноўленых з дзевяностых і нулявых.

Праз узмацненне жорсткасці каранцінных абмежаванняў у Кіеве адкрыццё выставы і іншыя актыўнасці перанесліся ў анлайн да 9 красавіка. Каманда падрыхтавала 3D-тур, аўдыягід і дыскусійную праграму.

Пакуль выстава набывала сваю фінальную форму, арт-кантрыб'ютарка 34 Ліза Маслёнчанка пагутарыла з дырэктаркай Мастацкага арсенала, мастакамі і часткай куратарскай групы, распытаўшы пра тое, як гэта – адкрываць маштабную выставу ў лакдаўн, пра тое, дзе ў Менску мог бы здарыцца свой Арсенал, і наколькі лёгка правозіць праз мяжу «вострае» беларускае мастацтва.

 

 

Максім Тымінько

мастак, сакуратар выставы

– Не мы выбіралі пляцоўку, пляцоўка абрала нас: прадставіць беларускае мастацтва ў святле пратэстаў было ініцыятывай і жэстам салідарнасці Мастацкага арсенала і фонду «Відродження». Спачатку прадстаўнікі Арсенала кантактавалі з Валянцінай Кісялёвай і Ганнай Чыстасардовай [стваральніцамі галерэі «Ў». – заўв. 34], а пасля вакол праекта сфармавалася куратарская група з шасці чалавек: гэта Андрэй Дурэйка, Сяргей Шабохін, Марына Напрушкіна, Аляксей Барысёнак, Антаніна Сцебур і я.

Першапачаткова Арсенал планаваў выстаўляць не больш за 20 удзельнікаў і ўдзельніц, але гэта было нерэальна. Па-першае, утрымліваць такую вялізную прастору 20-цю аўтарамі складана. Па-другое, хацелася прадставіць і паказаць як мага больш розных мастацкіх пазіцый: ад прамых палітычных заяў да абстрактнага мастацтва, якое ва ўмовах крызісу і пратэстаў усё роўна гучыць як палітычнае выказванне. Цяпер у праекце прымаюць удзел 86 чалавек: 47 мастакоў і мастачак з індывідуальнымі выказваннямі, астатнія – удзельнікі праекта Cultprotest.me і самвыдату пратэсных плакатаў Antibrainwash.net.

Вядома, мы не змаглі ўзяць усіх, каго хацелі. Мы стварылі спіс з 180 мастакоў (хутчэй нават не імёнаў, а твораў), затым шляхам доўгіх спрэчак, пярэчанняў і кампрамісаў вызначылі канчатковы набор удзельнікаў і ўдзельніц. Хачу падкрэсліць, што гэта не рэпрэзентатыўны спіс, а толькі выбарка аўтарскіх выказванняў, якія дазволілі нам выбудаваць гарызантальную структуру, сетку сэнсаў і жэстаў, такіх як «сіла слабасці», «тактыкі супраціву», «пратэсная харэаграфія», «механізмы гвалту» і іншыя.

– Раскажыце крыху пра Cultprotest.me.

– Пляцоўку мы арганізавалі разам з Сяргеем Шабохіным. Сайт стартаваў яшчэ да выбараў – з ідэяй даць мастакам і дызайнерам платформу, дзе яны маглі б візуальна выказваць свой пратэст і дзяліцца сваімі творамі. Галоўная ідэя гэтага праекта заключаецца ў тым, што ўсе постары, плакаты і ўлёткі можна свабодна спампоўваць, раздрукоўваць і распаўсюджваць. У нас цяпер сабрана каля 450 работ, сто плакатаў з праекта прымаюць удзел у выставе «Кожны дзень».

 

 

Марына Напрушкiна

мастачка, сакуратарка выставы

– Вялікіх супярэчнасцей паміж куратарскай і мастацкай дзейнасцю няма. Хтосьці з нас бачыць сябе больш у куратарскім полі, хтосьці ў вытворчасці мастацкіх работ, але ў выпадку сумеснай працы ў планаванні і арганізацыі выставы мы маглі абменьвацца вопытам і вучыцца адно ў аднаго.

Нам было важна ўключыць у выставу як мага больш перспектыў і галасоў. У пачатку працы асноўным прынцыпам арганізацыі структуры выставы і нас саміх мы выбралі «ланцуг салідарнасці», які вельмі гетэрагенны, уключае людзей розных узростаў і прафесій.

Сама я прадстаўляю на выставе матэрыялы «Бюро анты-прапаганды», праекта 2007 года; працу з 2010-х «Подыум» і палатно-верш, якое пачынаецца словамі «Я хачу жанчыну прэзідэнтку» – гэта амаж на тэкст амерыканскай мастачкі Зоі Леанард «I want a president» (1992) і, вядома, адсылае да цяперашніх падзей у Беларусі.

 

 

Антанiна Сцебур

сакуратарка, даследчыца

– Падрыхтоўка да выставы «Кожны дзень» пачалася яшчэ ў кастрычніку 2020 года. Тэма, вакол якой пабудаваная выстава, – «мастацтва, салідарнасць і супраціў» – складаная, шматслаёвая і эмацыйная. Таму на выставе такі вялікі склад куратараў, шэсць чалавек. Ужо на ўзроўні арганізацыі мы хацелі падкрэсліць гарызантальнасць, кааперацыю, салідарнасць, гэта значыць стварыць выставу, якая будзе крытычна асэнсоўваць і пярэчыць жорсткім іерархіям, вертыкалям, уладным адносінам, аўтарытарызму. Вядома, такая прамая дэмакратыя патрабуе больш часу і больш тонкіх наладак, але ў той жа час дазваляе з розных бакоў асэнсаваць працы.

На ўзроўні архітэктуры выстава арганізаваная як незавершаны працэс: работы знарочыста супрацівяцца дасканаласці, а канструктыўным элементам выставы сталі мантажныя лясы, на іх размяшчаюцца работы. Заходзячы ў экспазіцыйную прастору, глядач бачыць нейкі незавершаны працэс і задаецца пытаннем: што гэта – мантаж, дэмантаж, рэстаўрацыя, будаўніцтва? Бо самі падзеі, якія асэнсоўвае выстава, яшчэ не завершаныя, мы не можам паставіць кропку ў пратэсце. Адсюль і назва выставы. «Кожны дзень» – лозунг не толькі пра абяцанне пратэстоўцаў вярнуцца да пратэстаў, але яшчэ і пра нашу штодзённую барацьбу за правы і свабоды, пра гэты бясконцы працэс, які не можа завяршыцца, не можа спыніцца, а наадварот, павінен аднаўляцца кожны дзень. Для нас таксама важным было пазбегнуць ілюстрацыйнай, плоскай, павярхоўнай выставы, а наадварот, паказаць тыя складаныя і супярэчлівыя працэсы супраціву і салідарнасці, якія адбываліся і адбываюцца сёння. Барацьба за правы не пачалася ў 2020 годзе: мастакі і мастачкі шмат працавалі з гэтай тэмай і раней.

Важна адзначыць, што 2020 год выдаўся не адзіным годам хвалі эміграцыі, такія хвалі падымаюцца з 90-х. Некаторыя аўтары, якія ўдзельнічаюць у выставе, даўно не жывуць у Беларусі, некаторыя былі вымушаныя пакінуць краіну ў 2020 або ў 2021 годзе; атрымалася так, што працы прывозіліся з усёй Еўропы.

 

 

Михаiл Гулiн

мастак, перформер

– З дастаўкай работ усё складана. Зараз на мяжы можа выклікаць пытанні нават звычайны чырвоны колер. Каб з транспарціроўкай не было праблем, сваю працу я рабіў на месцы, у Кіеве. У ліку маіх аб'ектаў – інсталяцыя са словам «Бессмяротны» і «Персанальны манумент» – адноўленая інсталяцыя 2012 года. Арыгінальны аб'ект быў знішчаны ў Цэнтральным РУУС Менска.

Ідэя куратарскай групы – паказаць у тым ліку і пратэсныя працы мінулых гадоў, пазначыўшы ўвагу людзей да падзей, якія адбываліся, не толькі за апошні год. Напрыклад, на выставе будзе прайграная акцыя Алеся Пушкіна «Падарунак Прэзідэнту» 1999 года.

– Як табе прастора?

– У такой вялікай прасторы я выстаўляюся, напэўна, упершыню. Крута, што сказаць. Над праектам працуе вялікая каманда, і вельмі радуе, што не трэба нікому тлумачыць, чаму падчас працы ўзнікае неабходнасць нешта змяніць або навошта табе патрэбныя дадатковыя матэрыялы. Усе разумеюць, што такое вялікая выстава, і ўсе працуюць на вялікі вынік.

– Як лічыш, мог бы Ок16 стаць для Менска тым жа, чым Арсенал для Кіева?

– Улічваючы тое, што Палац мастацтва пад сучаснае мастацтва не аддаюць, цэх МЗКР стаў бы добрай альтэрнатывай. Я ўспамінаю размову з Машай Калеснікавай, калі ў яе былі планы летам 2020-га правесці біенале. Гэта была сакрэтная інфармацыя, і я так чакаў навін! Калі пачалася перадвыбарная кампанія, зразумеў, што Машы і ўсім астатнім будзе не да гэтага.

Біенале ў Ок16 – гісторыя, якая прымусіла б прастору па-сапраўднаму запрацаваць, стаць своеасаблівай праверкай на трываласць. Мастацтву патрэбнае не толькі памяшканне, неабходна якаснае напаўненне і магутная суправаджальная праца. Пакуль што зрабіць выставачны праект для многіх азначае напісаць тэкст і даць мастакам сценкі.

 

 

Алеся Астроўская-Лютая

генеральная дырэктарка Мастацкага арсенала

– Першы раз з беларускім мастацтвам я працавала яшчэ ў пачатку 2000-х на выставе «Балота Empire» ў кіеўскім Цэнтры сучаснага мастацтва. Там выстаўляліся Артур Клінаў, Руслан Вашкевіч і іншыя вашы мастакі. У тыя часы беларускае пратэснае мастацтва карысталася метафарай «партызанскае».

– Як украінская арт-супольнасць ставіцца да падзей у Беларусі?

– Шмат хто ва Украіне думае, што ўсе гэтыя падзеі — адзін вялікі гістарычны працэс, які ахоплівае мноства краін. Мы вельмі рады выказаць салідарнасць беларускай культурнай сферы.

Адна з місій Арсенала – трывожыць грамадства надзённымі пытаннямі, таму мы пастаянна працуем з тэмамі, якія закранаюць палітыку ў тым ліку. Напрыклад, некалькі гадоў таму мы рабілі выставу «Революціонуймо», куратарамі якой былі Кацярына Філюк і Натанія ван Дайк. Праект быў падобнага маштабу і, як выстава «Кожны дзень», закранаў прыроду рэвалюцыі і дэмакратыі.

– Як працавалася з беларускай камандай?

– Куратарская група вырашыла абапірацца на практыку кансэнсусу, а гэта вельмі складана. Але ў працэсе падрыхтоўкі праявілася, напэўна, ваша культурная асаблівасць: усё было вельмі арганізавана і сабрана.

Арсенал – прыгожая і складаная прастора, важна ўмець з ёй працаваць. Заўсёды прысутнічае рызыка, што глядач першым справай убачыць архітэктуру, а не працы мастакоў. І ў гэтым сэнсе аўтары справіліся – стварылі маштабныя, манументальныя работы, якія запаўняюць усю экспазіцыю. Справіліся і куратары, і архітэктар Аляксандр Бурлака, які працаваў з экспазіцыяй.

Цяпер выстава працуе анлайн, на Дзень Волі праект прыязджаў паглядзець міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба – выказаць салідарнасць з Беларуссю.

– Як ставіцеся да таго, што беларускае мастацтва не выстаўляецца ў Беларусі?

– Ёсць такая нямецкая фраза: «Калі ўсё дрэнна, у канцы будзе добра. Калі яшчэ не добра, то гэта яшчэ не канец».

 

Выстава «Кожны дзень. Мастацтва. Салідарнасць. Супраціў» адкрыецца для наведвальнікаў пасля 9 красавіка. За анонсамі падзей Мастацкага арсенала зручна сачыць у сацыяльных сетках прасторы: Facebook і Instagram.

 

Фотa: murmurash