Хэштэгі беларускіх рэдакцый

 

 

Нават калі ты ў медыйным свеце як рыбка ў вадзе, разбірацца ў рэдпалітыках сам медыябожанька загадаў. Якія тэмы «адразу так», а якія – «адразу не», як біць не ў рэдактарскае брыво, а наўпрост у вока, – запыталіся ў калег з часопіса «Большой», CityDog.by, Kyky.org, «Как тут жить» і Lady.tut.by. І яны нам адказалі – хэштэгамі.

 

 

 

 

  Зміцер Навіцкі, галоўны рэдактар часопіса «Большой»

Рэдакцыйная палітыка – максімальная свабода. Само сабой неяк атрымалася, што мы пачалі рабіць тэматычныя нумары: цяпер здаецца летні літаратурны нумар. Лета, тэрасы, адпачынак – раскрыў часопіс і занурыўся ў чытанне.

Вераснёўскі нумар таксама будзе прысвечаны пэўнай тэме. Гэта ўсё надбудова, а базіс – інтэлектуальны часопіс, простымі словамі пра складанае.

Мы не «скандалы, інтрыгі, расследаванні». Мы старарэжымныя, прыхільнікі ўдумлівых лонгрыдаў. Дыяпазон у выбары тэм вельмі шырокі. Галоўны крытэрый – каб было цікава. Унутры рэдакцыі поўная свабода – гэта пацвердзяць усе супрацоўнікі. «Ніякай свабоды ворагам свабоды» – такі наш дэвіз.

Магчыма ўсё – галоўнае, каб было цікава. Ці прыгожа: не будзем забываць пра візуальны складнік, у гэтай намінацыі інтэрнэт ніколі не пераможа паперу. З-за спакойнага, філасофскага стаўлення да жыцця і хэштэг адпаведны – #нештабудзе. Спакойнае сузіранне – у генным кодзе кожнага беларуса.

 

 

 

 

 

   Яся Каралевіч-Картэль, рэдактарка CityDog.by

CityDog.by – двухмоўны часопіс, які забаўляе і прасвятляе.

Я б сказала, што CityDog.by – гэта пра ўважлівае стаўленне да горада, яго «выкарыстанне» і пераўтварэнне. Для нас важна паказваць, што любы гараджанін – герой, што пра любога вашага суседа ёсць што напісаць, і гэтая гісторыя заслугоўвае ўвагі.

У нас не праходзяць гвалт, адкрытая агрэсія, дыскрымінацыя. Мы за ўсё добрае, супраць усяго дрэннага (смяецца). Адкрытыя накіды імкнемся не выкарыстоўваць.

Ёсць тэмы, пра якія мы ведаем, што яны не будуць самымі прагляданымі, але яны адпавядаюць нашым мэтам і каштоўнасцям, таму мы ўсё роўна пішам: напрыклад, пра меншасці, пра гарадскія ініцыятывы. Гэта не заўсёды чытаюць, але нам здаецца, што без гэтага горад будзе не да канца цэлым і сапраўдным.

 

 

 

 

   Аляксандр Карнейчук, шэф-рэдактар 34mag.net

Рэдакцыйная палітыка 34mag нас саміх цікавіць не менш. Кожную раніцу з упартасцю маёра Кейджа наш баявы медыядэсант узгадвае, хто мы, што мы і пра што мы. І куды імчыцца наша лятаючая талерка. Каб палегчыць працэс, мы спрабавалі складаць гайдлайны, прапісваць вызначальныя тэгі, ездзіць на карпаратыўныя рэтрыты, але ўсе пабудаваныя схемы праз нейкі час распушчаюцца ў непадуладных (нават нам) водах рэдакцыйнага Салярысу.

У штабе 34 ёсць залаты коцік з драўлянымі яйкамі. Дык вось, у першую чаргу закатваюць тыя тэмы, ад якіх нават у яго яны пачынаюць зіхацець. Асаблівы свет выпраменьваецца ад «аўтсайдараў», «андэрдогаў», тэмаў, звязаных са справядлівасцю, і твіст-падыходаў. Аднак прыдумаць бамбічную тэму – гэта толькі першы шуфель вуглёў у кацёл «адразу так»-матэрыялаў. Яшчэ важна не абасрацца па дарозе і правесці сваю ідэю па чырвонай дарожцы, ні разу не спатыкнуцца і не *бануцца патыліцай аб бліжэйшы лімузін.

Нам важна, каб кожная тэма ўтрымлівала нейкае рацыянальнае зерне, уплывала на баланс белага і спрыяла грамадскаму і персанальнаму шчасцю.

 

 

 

 

 

   Насця Рагатко, галоўная рэдактарка Kyky.org

Наша рэдакцыйная палітыка разыходзіцца на тры галоўныя задачы. Па-першае, мы спрабуем нарошчваць колькасць і якасць тэкстаў у рубрыцы «бізнэс». Наша мэта – выпускаць матэрыялы, якія тлумачаць, чаму нейкія сферы стартуюць хутка, а нейкія развіваюцца вельмі павольна.

Другая задача – цягнуць узровень натыўнай рэкламы ўверх. Мы павінны акупляць сябе самі, а значыць, нам трэба зарабляць. Калі мы пачнем ляпіць на сайт адкрытую джынсу або абкладваць яго банэрамі, чытач проста выкажацца матам у каментарах і сыдзе назаўжды. І будзе абсалютна мець рацыю.

Трэцяя задача – не забываць, што руціннае жыццё жудасна зацягвае. Адзіны спосаб не загразнуць у грашовым крызісе, праблемах з былымі і агідных навінах – смяяцца з навакольнага свету і з сябе. Цынічны гумар выкарыстоўваецца і ў дачыненні наогул да ўсіх інфанагодаў, акрамя тэрактаў і войнаў.

Усімі сваімі рэдакцыйнымі нагамі бяжым ад кніжнага стылю, якім блішчаць дзяржаўныя выданні. Мы не вытраўліваем з інтэрв'ю фактуру чалавечай мовы, стараемся тлумачыць складанае праз простае, разводзячы гэтую прастату непахабным сарказмам.

«Мы не пішам пра нашых “палітыкаў” і іх асабістае жыццё. Тут працуе прынцып “чым менш чапаеш, тым менш смярдзіць”»

Мы – часопіс меркаванняў. Мы любім калумністыку, таму што яна дазваляе выдаваць пульсаванае меркаванне на гарачую тэму.

Мы практычна не пішам пра «дзяржаўную» культуру, пра нашых «палітыкаў» і іх асабістае жыццё. Тут працуе прынцып «чым менш чапаеш, тым менш смярдзіць».

Тэмы «адразу так» для нас – гэта расповеды людзей, якія робяць нешта карыснае, адважнае і крутое. Няхай гэта будзе гісторыя пра аматара шыбары або хіміка, які робіць крафтавае віно з дзьмухаўцоў.

Хэштэг у рэдакцыі адзін, галоўны і вельмі просты – #ничегосвятого. І яго мы змяняць не збіраемся.

 

 

 

 

 

   Паліна Кузьміцкая, галоўная рэдактарка Lady.tut.by

З аднаго боку, мы частка буйнога медыя, з другога – дзяржава ў дзяржаве, цалкам самастойнае СМІ для жанчын. Мы адпавядаем рэдакцыйнай палітыцы TUT.BY, але пры гэтым маем звод сваіх правілаў.

У адрозненне ад друкаваных СМІ (жаночага глянцу), рэдакцыя павінна працаваць максімальна аператыўна: мы штодня абнаўляем раздзел (4 навіны).

Жанры тэкстаў застаюцца характэрнымі для жаночага СМІ – інтэрв'ю, рэпартаж, нарысы, эсэ. Мы працуем на скрыжаванні інфармацыйнага і мастацка-публіцыстычнага жанру, які не дазваляе штампаваць па некалькі нататак у дзень з адказамі на пытанні «што, дзе, калі».

«Напрыклад, слова “вагіна” па-ранейшаму нервуе ўражлівых чытачак»

Самае страшнае, што можа зрабіць жаночы СМІ са сваімі чытачкамі, – працаваць з тэматычным ахопам «kinder, küche, kirche». Але і дазволіць сабе смеласць Wonderzine мы пакуль таксама не можам – многія тэмы праз ментальнасць застаюцца табуіраванымі. Напрыклад, слова «вагіна» па-ранейшаму нервуе ўражлівых чытачак.

Мы прызнаем права жанчын адначасова цікавіцца падрабязнасцямі біяграфіі Бродскага і коштамі на дэпіляцыі, лекцыямі Таццяны Чарнігаўскай і калготкамі без бляску, магчымасцю атрымаць другую вышэйшую за мяжой і рэцэптам торта без цукру. І сцвярджаем: усё гэта ніяк не супярэчыць адно аднаму.

У нас ёсць унутрырэдакцыйнае вызначэнне кепскага тэксту – «пшанічныя вусы». Яно вызначае лексічную надмернасць.

Лічым, што Лэдзі – гэта тая, хто выглядае дарэчна і з выклікам у любым грамадстве. Адсюль і хэштэг – #уместноивызывающе.

 

 

 

 

 

   Света Хмяльніцкая, галоўная рэдактарка «Как тут жить»

Мы працуем ужо два гады, у нас вялікі паблік у VK, і, як мне здаецца, усе нашы асаблівасці і так бачныя. Тлумачыць іх няма сэнсу – сайт або камусьці цікавы, або не, а чытаць, што галоўрэд думае пра ўласную палітыку і мову, – мне здаецца, гэта жахліва нудна і часта жудасна непраўдзіва.

 

 

 

 


КАМЕНТАРЫ (1)

Алекс
Алекс | 4.10.2017 16:28

феминистские убежища

0 0