Як размаўляць з тымі, у каго іншы погляд на падзеі?

«Колькі табе заплацілі?», «Ты што, хочаш, як ва Украіне?», «Чаму ты ходзіш на мітынгі, ідзі працаваць!» – такі ці падобны да яго набор фраз, здаецца, чуў сёння амаль кожны ўдзельнік мірных пратэстаў. Як рэагаваць на падобны ціск і захаваць адносіны з тымі, хто па іншы бок барыкад, але дарагі табе асабіста? Як не спаліць сябе ад гневу на працы? Што рабіць, калі ўцягнуўся(-лася) у «трамвайную спрэчку»? Пашукалі адказы разам з псіхалагіняй Таццянай Палхоўскай.

 

Гэта раскол?

  У Беларусі жывуць людзі з вельмі рознымі поглядамі, але ніхто насамрэч моцна не канфліктаваў адно з адным толькі праз палітыку. Часам людзі азлоблена ставяцца адно да аднаго на фоне нейкага эмацыйнага стрэсу. Цяпер усе ва ўсхваляваным стане.

  У нас тысячы затрыманых, таксама ёсць сведкі вулічных падзей, якія знаходзіліся ў сваіх дамах і ўсё бачылі, ёсць людзі, якія проста атрымліваюць інфармацыю са СМІ. Усе яны трапляюць у стрэсавую сітуацыю, некаторыя – у шокавую, і ва ўсіх нас падарваная базавая патрэба ў бяспецы. Таму цяпер усім трэба дапамога.

  Любая моцная стрэсавая сітуацыя можа стаць трыгерам для чалавека і спрацаваць у тым кірунку, у якім у чалавека ўжо была траўма. Напрыклад, калі мае межы парушаліся і я моцна злуюся на бацькоў ці на працадаўцу, а тут мяне затрымліваюць, я магу пакутаваць ад моцнага гневу. Калі я трывожная і запалоханая, магу больш схіліцца ў гэты бок.

 

Палітыка разбурае сем’і?

  Звычайна гэта сітуацыя, калі паміж сваякамі ўжо ёсць канфлікт. Цяперашнія падзеі робяцца яшчэ адной кропляй. Але бывае, што муж і жонка апынуліся па розныя бакі сітуацыі, і гэта больш складана, бо людзі расчароўваюцца адно ў адным. Яны хочуць жыць разам, але не разумеюць як, бо ў іх проста змяняецца стаўленне адно да аднаго.

  Калі сям’я цёплая, крытычныя моманты перажываць прасцей. У такой сітуацыі важна зладзіць стол перагавораў і дамовіцца з роднымі, што трэба нешта зрабіць, каб жыццё сям’і стала камфортным. Калі сям’я не цёплая, ім трэба на тэрапію.

  Калі ўсе згаджаюцца на перагаворы, трэба выпрацаваць некаторыя правілы. Напрыклад: мы зусім не размаўляем пра палітычную сітуацыю, ці размаўляем пра яе толькі да нейкага моманту, ці не дазваляем сабе крычаць і зневажаць іншых падчас размовы. Усе, нават дзеткі, павінны пагадзіцца з гэтымі правіламі.

«Ва ўсіх нас падарваная базавая патрэба ў бяспецы. Таму цяпер усім трэба дапамога»

Размаўляць ці маўчаць?

  Тут важныя эмоцыі, што вы адчуваеце. У асноўным пры такіх дыялогах і сварках моцныя пачуцці ўзнікаюць ад непаразумення, чаму чалавек так ці інакш ставіцца да сітуацыі, і таму твая задача – проста гэта высветліць. Але калі гэта пераходзіць у стадыю гневу, важна захоўваць форму размовы, каб не разбурыць ні сябе, ні стасункі. Калі ўжо адчуваецца крыўда, тут ёсць пытанне годнасці, сумневы ў тым, ці любяць мяне. Тут трэба зусім адыходзіць ад палітыкі і высвятляць, што насамрэч адбываецца паміж сваякамі. Самае страшнае – гэта сітуацыя расчаравання адно ў адным. Тут ужо трэба звяртацца да спецыяліста, спробы нешта даказаць могуць не дапамагчы.

  Размаўляць заўжды трэба, але варта глядзець, якая стаіць мэта: жаданне нешта даказаць ці пераканаць чалавека, прыпыніць ціск і захаваць стасункі. У першым выпадку важна захоўваць галоўны прынцып – каб абодва бакі дакладна хацелі гэтай дыскусіі і паважалі адно аднаго.

  Калі хоць адзін чалавек не гатовы да дыскусіі, лепш яе не пачынаць, бо людзі толькі перасварацца і больш упэўняцца ў сваёй пазіцыі. Яшчэ важна сачыць, каб размова была толькі па адной пачатай тэме, і ўсё. Лепш загадзя падрыхтаваць нейкія аргументы і размаўляць гэтымі катэгорыямі. Тады размова мае нейкі шанец на добрае сканчэнне.

 

 

Як супрацьстаяць ціску з боку блізкіх?

  «Метад папугая». Вельмі спакойна і цвёрда паўтараеце чалавеку адно і тое ж, напрыклад: «Я не жадаю размаўляць на гэтую тэму». Чалавек злуецца, але вы паўтараеце так 10-15 разоў, і ён упіраецца ў гэтую сценку і сам адступае. Яшчэ можна казаць пра свае пачуцці: «Мяне абражаюць твае словы, не рабі са мной так». То-бок цвёрда і спакойна кажаш пра сябе, не пераходзіш на іншую асобу. Як толькі мы самі пачынаем крычаць, метад перастае працаваць.

  «Узяць уладу ў свае рукі». Напрыклад, у цябе пытаюцца: «Вы што, хочаце разваліць Беларусь?» Пераходзь у наступ пытаннямі, спытайся, чаму чалавек так вырашыў, дзе ён гэта ўбачыў. Проста даводзім усё пытаннямі да абсурду, тады чалавеку трэба неяк апраўдвацца, ён сам не можа ціснуць на вас. Ідзём у наступ разумна – не завальваем чалавека агрэсіўнымі пытаннямі. Звычайна суразмоўца проста стамляецца, а вы адчуваеце, што захавалі сілы, бо не адказвалі на яго пытанні.

  Пагаджацца і адказваць на пытанні. «Вы хочаце, як ва Украіне?» – «Не, не хачу. Сапраўды не жадаю, каб на нас напала Расія і было як ва Украіне». Ці кажуць пра стабільнасць і мір – «Я таксама за стабільнасць і мір». У нас сапраўды ёсць аднолькавыя каштоўнасці з людзьмі па розныя бакі барыкад, проста мы, магчыма, інакш іх разумеем.

  «Метад журналіста». Людзі размаўляюць пра сітуацыю толькі фактамі і не даюць ім ацэнку. Калі апаненты трымаюцца гэтага правіла, яны не пераходзяць на асобы і проста могуць падзяліцца тым, што іх атачае.

  «Стоп-боль». Мы пагадзіліся, што наша мэта – каб усім было камфортна ад размовы. І калі бачым, што некаму робіцца балюча або ён кажа стоп-слова, пра якое дамовіліся раней, усе перастаюць размаўляць на дадзеную тэму і абдымаюцца або робяць нешта іншае. Такімі простымі правіламі можна неяк прыстасавацца да новай сітуацыі.

«У нас сапраўды ёсць аднолькавыя каштоўнасці з людзьмі па розныя бакі барыкад»

Што рабіць з эмоцыямі?

  Гнеў. Калі нас накрывае гневам, гэта можа быць прыкметай адчування бездапаможнасці. Тады трэба вяртацца да мэты: «Чаму я жадаю яму нешта даказаць? Я сапраўды веру, што гэты чалавек зменіцца? Калі ў мяне няма падстаў так думаць, чаго я жадаю? Скінуць свой гнеў?» Тады можна перш за ўсё сказаць: «Я зараз вельмі моцна злуюся і не жадаю зараз з табой размаўляць, бо ледзьве сябе стрымліваю». Ну і пайсці пакрычаць у прастору ці пакідацца падушкамі, зрабіць нейкія рэзкія рухі, каб скінуць гэтую энергію.

  Крыўда. Калі накрывае крыўдай, гэта горш, чым гнеў, бо чалавек адчувае сябе параненым, нелюбімым. Калі гэта крыўда на блізкага чалавека, трэба прыпыняць дыскусію і размаўляць пра тое, што мы адчуваем адно да аднаго. Калі размова пра далёкага чалавека, то пытанне такое: чаму ты думаеш, што ён мусіў цябе любіць, і крыўдзішся, што ўсё аказалася не так? Бо крыўда праз гэта звычайна і ўзнікае.

  Страх. Трэба глядзець, чаго менавіта напалохаўся чалавек, магчыма, крыку ці нейкіх слоў. Калі хочацца плакаць, трэба глыбока дыхаць, бо так можна прыпыніць любое рыданне, а далей ужо сабрацца з думкамі.

 

 

Як абараніць сябе на працы?

  Трэба глядзець па сітуацыі. Калі ў калектыве нармальна, калі людзі падчас працы размаўляюць на розныя тэмы, тут трэба глядзець на мэту. Калі мне непрыемная такая размова, я б пра гэта шчыра сказала. Калі мяне не пачулі, скарысталася б «метадам папугая»; калі пачулі – папрасіла б абмежаваць падобныя размовы, напрыклад, кава-паўзай. Калі ў калектыве людзі ў прынцыпе негатыўна ставяцца адно да аднаго, гэта іншая размова, гэта ціск.

  Калі ўсё сыходзіць ад дырэктара, можна спрабаваць яму патлумачыць, што стараешся выконваць працу як мага лепш, але праз падобныя размовы пачынаеш губляцца і твая прадуктыўнасць падае. Калі немагчыма данесці сваю праблему, узнікае пытанне, навошта заставацца ў такім месцы.

 

Як спрачацца ў трамваі?

  Тут пытанне: а навошта мы ўцягваемся? Гэта бывае, калі мы моцна злуёмся ці верым, што здолеем пераканаць чалавека. Можна проста адысці і не ўцягвацца ў гэтыя правакацыі, а можна дзейнічаць па-іншаму. Напрыклад, у цябе пытаюцца, колькі табе заплацілі, а ты шчыра адказваеш: «Мне не плацілі». Апаненты звычайна чакаюць не гэтага, а нейкую абразу ці правакацыю ў адказ, каб ім можна было выплюхнуць усе эмоцыі, таму губляюцца.

  Можна адказаць на пытанне пытаннем: «А вы заўсёды ўсё робіце за грошы?» Калі размова ідзе не на мітынгу, а недзе на працы, можна падзяліцца пачуццямі: «Мяне абражаюць вашы пытанні». І так можна рэагаваць на розныя пытанні.

  Галоўнае быць устойлівым(-ай), калі цябе правакуюць: гэтак можна прыпыніць амаль любую агрэсію адэкватнага чалавека.

«Галоўнае – быць устойлівым(-ай), калі цябе правакуюць»

Што рабіць, калі села батарэйка?

  Набірацца рэсурсу. Ніхто нікому нічога не павінен. Чалавек мусіць шчыра зразумець, чаго ён хоча і што можа ў дадзенай сітуацыі. Калі ў цябе пуста, ты адтуль нічога не возьмеш. І калі ў цябе няма зараз сілы рызыкаваць сабой ці нават проста выйсці з дому, можаш сябе прымушаць колькі заўгодна, але які ад гэтага будзе эфект?

  Кожны мусіць рабіць тое, на што ў яго хапае сіл. Нічога не здарыцца, калі нехта возьме тыдзень-два на тое, каб напоўніцца рэсурсам – кудысьці паехаць ці проста пасядзець у пледзіку з кнігай, адпачыць і далей рабіць тое, што чалавек умее і што ў яго найлепш выходзіць.

  У кожнага з нас ёсць штосьці, што дае нам энергію, а яе наяўнасць – галоўны крытэр таго, што мы ў рэсурсе. Некаторыя здаровыя людзі могуць ледзьве дажываць да вечара і скардзіцца, што ўсё баліць. Гэта азначае, што няма рэсурсу. У кожнага з нас ёсць таксама свае рэчы, якія забіраюць энергію, трэба іх шукаць і працаваць з гэтым.

Фота: murmurash