Хачу лічыць галасы на выбарах: як?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 12.06.2020
- 4494
Да 21 чэрвеня паўналетнія беларусы могуць паспрабаваць трапіць ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, каб вечарам 9 жніўня заняцца займальнай справай – падлікам галасоў на прэзідэнцкіх выбарах. Расказваем, якія дакументы для гэтага патрэбныя і як павысіць свае шанцы на траплянне ў камісію.
Самы нізавы ўзровень – участковыя выбарчыя камісіі (УВК), куды, уласна, і прыходзяць ахвочыя аддаць свой голас за спадарыню А. або спадара Б.
Калі выбарчы ўчастак зачыняецца, менавіта члены УВК апрацоўваюць галасы і адпраўляюць інфармацыю вышэй – на ўзровень раённых або гарадскіх камісій, якія ў сваю чаргу здаюць звесткі ў Цэнтральную выбарчую камісію (ЦВК).
Ва УВК уваходзіць 5-19 чалавек. Можа быць менш, можа быць больш.
Старшыню, намесніка старшыні і сакратара камісіі людзі, якія ўвайшлі ў яе склад, выбіраюць на першым пасяджэнні наваспечанай УВК.
Наогул лічыць галасы можа любы грамадзянін Беларусі не маладзейшы за 18 гадоў – за выключэннем суддзяў, кіраўнікоў выканкамаў і некаторых іншых чыноўнікаў.
Заручыцца падтрымкай суайчыннікаў(-іц). Вылучыцца можна:
ад групы грамадзян – для гэтага збіраюць 10 подпісаў людзей, якія жывуць у межах абранага ўчастка (для замежных УВК планка зніжаная да 3 подпісаў); збіраць больш за 10 аўтографаў сэнсу не мае, таму што тыя ж людзі могуць табе спатрэбіцца для абскарджання адмовы ў рэгістрацыі, а сабраць подпісы паўторна ў 10 чалавек прасцей, чым, напрыклад, у 20;
ад працоўнага калектыву (важна, каб калектыў складваўся не менш чым з 10 чалавек) – пытанне вылучэння ў гэтым выпадку ставяць на сходзе, а рашэнне прымаецца простай большасцю галасоў;
ад грамадскай арганізацыі (або палітычнай партыі) – тут кандыдатаў на падлік галасоў адабрае кіраўнік арганізацыі.
Не абавязкова быць прапісаным на тым жа ўчастку, дзе прапісаны твой сапорт, так што калі даўно хацеў(-ла) патусавацца дзе-небудзь у Чачэрскім раёне – калі ласка.
Калі ты вылучаешся ад групы людзей, то лічыш галасы на іх «родным» участку. Калі вылучаешся ад арганізацыі – тады там, дзе арганізацыя вядзе сваю дзейнасць.
Як аформіць дакументы – гл. арт. 35 Выбарчага Кодэксу Беларусі. З шаблонамі ўсіх докаў табе гатовая дапамагчы ініцыятыва «Сумленныя людзі».
Да заявы або пратаколу варта прыкласці рэкамендацыйны ліст альбо іншыя дакументы, якія характарызуюць цябе як сумленнага рахункавода. І наогул – як адказнага, працавітага, годнага чалавека (так-так, мы ведаем, ты такі(-ая) і ёсць).
Да ўсяго гэтага дадаём пашпарт і выпраўляемся ў выканкам свайго ўчастка. Каб там нічога не страцілася, рэкамендуем суправадзіць пакет дакументаў заявай, у якой склад гэтага самага пакета распісаць.
Хто выбірае членаў УВК?
Улада на месцах.
Робіцца гэта ў рамках пасяджэння, на якім ты тэарэтычна можаш прысутнічаць (цяпер пандэмія – так што наўрад ці).
Ужо традыцыйна на беларускіх выбарах у камісіі трапляе мізэрны працэнт ад апазіцыі: выканкам адпраўляе на ўчасткі тых, у каго «ёсць вопыт», па загадзя вызначаных спісах. Выбарчы кодэкс не абараняе прынцып разнастайнасці палітычных поглядаў, але гэта не значыць, што цябе разгорнуць з парога.
«Канкурэнцыя» на маленькіх участках значна ніжэй, а значыць, з большай верагоднасцю можна прайсці квэст паспяхова ў маленькіх гарадах і вёсках.
Калі твая кандыдатура ўсё ж такі не прайшла, можаш у трохдзённы тэрмін скардзіцца ў раённы суд.
Якія задачы ў члена УВК?
удзельнічаць у пасяджэннях камісіі (яны пачынаюцца яшчэ да выбараў);
атрымліваць бюлетэні;
удакладняць спісы выбаршчыкаў;
рыхтаваць участкі да прыёму гасцей;
спраўджваць пашпарты выбаршчыкаў з дадзенымі ў журнале рэгістрацыі;
выдаваць бюлетэні;
лічыць галасы;
рыхтаваць пратакол па выніках.
Ці за гэта плацяць?
На час калявыбарнай дзейнасці членаў УВК могуць вызваляць ад працоўных спраў з захаваннем заработнай платы («даўжок» перад арганізацыяй або прадпрыемствам гасяць са сродкаў, выдаткаваных на арганізацыю выбараў).
Калі будзеш лічыць галасы ў непрацоўны час, табе належыць аплата па факце за гадзіны, праведзеныя на ўчастку.
Ці можна фатаграфаваць на ўчастку?
Законы гэтую гісторыю не рэгулююць. Аднак важна не забываць пра таямніцу галасавання і пра тое, што не надта асцярожнымі дзеяннямі таямніцу гэтую можна парушыць. Напрыклад, калі ты сфатаграфуеш чыйсьці бюлетэнь і выкладзеш у сетку, твае дзеянні палічаць парушэннем.
З УВК могуць выключыць?
Так, калі ты не выконваеш абавязкі і парушаеш закон. Выбылага члена УВК замяняюць іншым альбо камісія працуе ў больш камерным фармаце. Калі цябе несправядліва выключаць з камісіі, можаш скардзіцца ў суд.
Як дапамагчы сумленным выбарам, калі ў УВК не пройдзеш?
Пайсці ў назіральнікі. Але гэта зусім іншая гісторыя, бо галасы лічаць не назіральнікі.