Горадня. «Гэтая дэмакратыя скончылася праз два дні»

18 жніўня Гарадзенскі гарвыканкам апублікаваў дзівосны для беларусаў дакумент: маўляў, дазваляем вам бчб-мітынгі ў цэнтры горада (нават апаратуру дамо), затрыманых падчас акцый адпусцім, на страйкоўцаў ціснуць не будзем, нават эфірны час на дзяржканале вам, пратэстоўцам, вылучым. Аднак нацешыцца такім паваротам падзей нават не ўсе паспелі. Абяцанні чыноўнікаў хутка пераўтварыліся ў гарбуз.

 

34mag.net пагутарыў з айцішнікам Глебам Койпішам, які ўдзельнічае ў ініцыятыве дапамогі страйкоўцам, і з каляжанкай Ірынай Новік з Hrodna Life, якая асвятляе гэтыя арэлі годнасці, роспачы, эйфарыі і адчаю ад самага пачатку іх гайдання.

 

Глеб Койпіш, CEO, IQUADART design studio – пра збіццё амапаўцамі, салідарнасць і гатоўнасць да марафону:

– Яшчэ да выбараў я выклаў на YouTube ролік аб тым, што беларусы ўжо не тыя, што былі нават некалькі гадоў таму, і, як вынік, тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, будзе мець рэзананс. Я хацеў натхніць людзей, якія не вырашаюцца на тое, каб выказаць сваю пазіцыю, і хацеў паказаць сваю салідарнасць з людзьмі, якія ўжо выказаліся. Рэакцыя на ролік была класная, яна натхніла мяне самога яшчэ больш.

9-га я хадзіў галасаваць, а вечарам накіраваўся ў бок цэнтра паглядзець, што адбываецца ў горадзе. Адчуванні былі супярэчлівыя: ключавыя вуліцы перакрытыя, людзі разрозненыя, іх няшмат. Мы з сябрам далучыліся да групы чалавек са ста на вуліцы Карла Маркса. Людзі паводзілі сябе абсалютна спакойна, але падскочыў АМАП і амапаўцы сталі выдзіраць асобных людзей, а потым пачалі распыляць газ у твар тым, хто стаяў наперадзе. Людзі пачалі разбягацца. Увесь гэты вечар стаў вечарам перабежак.

10-га я даведаўся, што цяпер людзі збіраюцца ў больш спальных раёнах, і пайшоў на Ціміразева. Там ля «Еўраопта» стаялі чалавек сто, калі пад'ехаў АМАП – і ўсе разбегліся. Потым пад'ехаў іншы аўтобус АМАПу, але мы з хлопцамі падумалі: які сэнс пастаянна бегаць? Усталі ў счэпку на дзве шарэнгі па 10-15 чалавек у кожнай. Тут на нас выбегла 15-20 амапаўцаў, пачалі біць па галовах дубінкамі. Потым я здолеў прыкрыць галаву рукой, і другі ўдар прыляцеў праз руку. Трэці – па спіне. Я зайшоў у краму, папрасіў у прадавачкі вільготную паперку, каб трошкі спыніць кроў. Падышла цудоўная дзяўчынка, перабінтавала мяне. Нейкі хлопец выклікаў хуткую.

Мы адправіліся ў БХМД. Я вырашыў зафіксаваць пабоі. Калі мы прыехалі, там ужо быў следчы са Следчага камітэта. Мяне агледзелі некалькі лекараў, зрабілі здымак галавы, пальца, зашылі галаву. Потым дзесьці гадзіну дапытваў следчы.

На наступны дзень мяне выклікалі ў Следчы камітэт, каб «задаць некалькі пытанняў». Папрасілі прынесці майку, якая была ўся ў крыві, маўляў, паглядзець, ці толькі мая там кроў. Калі я прыйшоў у СК, у іх была нейкая блытаніна. Пра майку гэтыя следчыя былі не ў курсе, відэа з камер і іншыя доказы іх не цікавілі. Адзінае, што іх цікавіла, – забраць у мяне тэлефон. Было зразумела, што яны хочуць павярнуць справу на 180 градусаў. У выніку я правёў там тры гадзіны і змог выдаліць з тэлефона ўсё тое, што не хацеў, каб патрапіла ў староннія рукі. Тэлефон, дарэчы, мне абяцалі аддаць на працягу сутак, а пратрымалі пяць дзён.

«Наша айцішная тусоўка запусціла рэгіянальны праект Grodno Help – агрэгатар дапамогі»

Далей улада чакала агрэсію, на якую яна можа адказаць агрэсіяй. А тут дзяўчаты выйшлі ў ланцужкі салідарнасці з кветкамі, пачаўся стачкавы рух, і пратэсты сталі яшчэ больш папулярнымі, прывабіўшы людзей, якія баяліся фізічнай расправы. У нядзелю 16-га, на самым вялікім маршы ў Горадні, людзі адчувалі эйфарыю. Бо ніколі такога не было: ты разгортваеш бел-чырвона-белы сцяг – і цябе проста хтосьці абдымае, а не міліцыянт з дубінкай бяжыць.

А ў панядзелак мы сабраліся з айцішнікамі: расцягнуліся ад былога корпуса ПВТ да плошчы, на якой знаходзіцца гарвыканкам. Туды падцягнуліся прадпрыемствы і іншыя людзі. Прыехаў мэр. Яму зачыталі петыцыю з патрабаваннямі: правесці новыя выбары, пакараць адказных за гвалт, адпусціць зняволеных. Мэр паводзіў сябе вельмі няўпэўнена. Усе яго адказы зводзіліся да таго, што, маўляў, «за гэта я не адказваю, але я з народам».

У мяне абсалютна не было эйфарыі ад таго, што гарадзенцам далі нейкія паслабленні, – з той простай прычыны, што пакуль Лукашэнка ва ўладзе, то гэтыя мітынгі могуць назаўтра забараніць, а людзей, якіх выпусцілі, пасадзіць зноў. Або пасадзіць іншых.

Цяпер усе паслабленні адкочваюцца назад. Але асабіста мне было зразумела, што хуткага выніку не атрымаецца. Трэба перабудоўвацца на доўгатэрміновую перспектыву. Калі мы сфакусуем энергію на тым, каб падтрымаць рабят на заводах – фінансава, эмацыйна, арганізацыйна і юрыдычна, – тады ў нас можа ўсё атрымацца.

Наша айцішная тусоўка запусціла рэгіянальны праект Grodno Help – агрэгатар дапамогі, якая даходзіла б на ўзроўні рэгіёна проста цяпер і проста тут рабятам, якія страйкуюць і хочуць страйкаваць, якія пацярпелі ад гэтага, а таксама рабятам, якія пацярпелі ад дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. Я менеджару гэты праект.

Эмоцыя фармуе падобную эмоцыю. Калі ты сееш негатыў, то побач з табой хутка з'явіцца чалавек, які будзе сеяць яго ж. Калі скажаш: «Пастараемся – зможам», то ў выніку ў краіне з'явіцца агульная станоўчая эмоцыя. Пры тым стылі, які абрала ўлада, немагчыма перамагчы за дзень, тыдзень, нават дзве. Нам не трэба чакаць хуткай перамогі.

 

 

Ірына Новік, журналістка, рэдактарка спецпраектаў Hrodna Life – пра затрыманне на праўладным мітынгу ды працу адвідна і давідна:

– Аб'яднаны штаб, прыехаўшы ў Горадню, зрабіў тут свята, але ўласна ад выбараў сюрпрызаў я не чакала. Было зразумела, што гэта не будзе элегантная перамога, мы пісалі пра ўкіды на датэрміновым галасаванні, але 9-га чысла на ўчастках была абсалютна стандартная сітуацыя. Хваляванні пачаліся ўвечары, калі там вывесілі (ці не вывесілі) спісы. На вуліцу выйшла міліцыя, людзей сталі затрымліваць. А на наступны дзень горад закрыў АМАП. Наш офіс знаходзіцца ў самым цэнтры, і мы сядзелі ў рэдакцыі кругласутачна, бо проста страшна было выйсці. Нашы рабяты выскоквалі, рабілі здымкі, думаючы больш не пра тое, як зрабіць фатаграфію, а пра тое, як не трапіць пад дубінкі.  

Нашага карэспандэнта Руслана Кулевіча білі прыцэльна. На адной з акцый ён стаяў з іншымі журналістамі асобна ад натоўпу. Калі наляцела куча АМАПу, ён забег у краму, але яго выхапілі, збілі. Яны выдатна ведалі, каго бяруць. А потым пачалося цкаванне, быццам у Руслана рукі не паламаныя, сталі пісаць гадасці пра яго жонку, тэлефанавалі і пагражалі маме. Руслан напісаў заяву ў Следчы камітэт, але там адказваюць вельмі стрымана.

Калі знялі ачапленне, людзі пачалі выходзіць на мітынгі, і цяпер яны выходзяць кожны дзень. Актывісты пайшлі са зваротам да старшыні гарвыканкама. Ён паабяцаў, што будуць дазволеныя мітынгі на цэнтральных плошчах – на Савецкай і Леніна, – што гарадскія ўлады забяспечаць мітынгоўцаў гукаўзмацняльнай апаратурай і гэтак далей. Але гэтая дэмакратыя скончылася праз два дні. Зноў дазволеныя месцы сталі забароненымі, а па тэлебачанні і ў газетах працягваецца церабленне лёну-даўгунцу. На мітынгах не вяжуць актыўна, але чапляюць людзей па адным або прыходзяць, здымаюць, а потым на другі дзень складаюць пратакол.  

Сярод прадпрыемстваў у нас адразу падняліся «Гродна Азот», «Гроднажылбуд», «Гроднапрамбуд». Стварылі стачачны камітэт горада, у яго ўвайшло 22 прадпрыемствы. Але кіраўніцтва адразу стала гуляць у гэтыя іх гульні: так, забастоўкі – ваша права, але трэба, каб яны былі па законе, інакш гэта сабатаж, а сабатаж – гэта крымінальная справа.

Адначасова сталі ўжываць псіхалагічны ціск і пагрозы. Дзяўчыне з «Гроднапрамбуд» ананімна патэлефанавалі: «У цябе ёсць сын. Мала што яму на галаву можа зваліцца». Да таго ж ва ўсякіх лайно-тэлэграм-каналах сталі з'яўляцца плёткі: гэтая прастытутка, гэты хабар бярэ, гэты рукі не ламаў – «паглядзіце, сабаку гладзіць» – і гэтак далей. Калегі кіраўніка стачкама з «Азоту» распавялі, што яму не далі сысці ў адпачынак, ставяць прагулы і рыхтуюць дакументы на звальненне. Страйкоўцаў на «Гроднапрамбуд» паставілі на адзін аб'ект (пры гэтым cацыяльны – гэта анкацэнтр) і прыставілі нарміроўшчыка, які лічыць, хто і колькі зрабіў. Сказаць, што нехта страйкуе па-сапраўднаму, каб завод спынілі, такога няма. Але і сказаць, што забастоўкі здзьмуліся, я таксама не магу.

«Нармальных журналістаў затрымлівалі за бел-чырвона-белыя мітынгі, а мяне – за чырвона-зялёны»

23-га на марш выйшлі, па розных ацэнках, 12–15 тысяч чалавек. Гэта не 40 тысяч, якія выйшлі тыдзень таму, але гэта таксама вельмі шмат для Горадні. Пратэст не здзімаецца. Так, няма эйфарыі, але ўпартасць ды выразнасць пазіцыі захоўваюцца і нават умацоўваюцца.

У суботу я паплацілася за сваю аб'ектыўнасць. Мне нават крыўдна: нармальных журналістаў затрымлівалі за бел-чырвона-белыя мітынгі, а мяне – за чырвона-зялёны. Хацела выканаць агульнае правіла – даць слова двум бакам, каб не было перакосаў. Мы пайшлі з мужам на праўладны мітынг, а тут на плошчу, ёлкі-палкі, выходзіць Лукашэнка, мы не ведалі, што ён там будзе. Дрон пасадзілі, ветлівыя людзі падышлі, папрасілі сесці ў машыну і завезлі ў РУУС, дзе ветліва правялі прафілактычную гутарку, выдалілі запіс з дрона і адпусцілі. Бачыць бог, я старалася быць аб'ектыўнай, але мне не далі! Так, па законе дрон можа толькі пад ложкам ляжаць – тут шмат падводны камянёў, на якія звычайна заплюшчваюць вочы. Але калі раптам на сцэну выходзіць Лукашэнка, то правілы адразу ўспамінаюць.

Калі інтэрнэт у краіне ляжаў, у нас не працаваў сайт, і мы перайшлі ў сацыяльныя сеткі і тэлеграм. Тэлеграм вырас з 400 падпісчыкаў да 7000. Instagram таксама падняўся з 17 тысяч да 23 тысяч. А калі адлягло, то і сайт падрос: мы перакрылі рэкорд наведвальнасці ў 305 тысяч у месяц – за няпоўны жнівень у Hrodna Life ужо 362 тысячы. У першыя дні пратэстаў, калі ўсе маўчалі, засцерагаліся даваць якую-небудзь інфармацыю, мы апынуліся па-за канкурэнцыяй. Так пра нас даведаліся многія людзі, у якіх не было неабходнасці даведвацца пра нас раней.

Без Руслана нас у маленькай рэдакцыі стала яшчэ менш, і гэта вельмі адчуваецца. Два тыдні мы працуем без выходных, адвідна і давідна. Закрываем сабой усё, што можам. Цяжка, але што тут сказаць.

Фота: sleepy_sun