Горад-герой. Дзмітрый Задорын – пра пратэсны Менск

Пратэсты – гэта не толькі людзі, ідэі і прага перамен, але яшчэ і гарадская прастора, дзе ўсе гэтыя падзеі разгортваюцца. Гэтая прастора можа прымаць на сябе ўдары ды траўмы, спрыяць салідарызацыі людзей і ўвогуле па-рознаму – і вельмі нечакана – уплываць на пратэст. Мы пагаварылі з архітэктарам Дзмітрыем Задорыным аб тым, як Менск стаў пляцоўкай для беларускіх пратэстаў – і як гораду прыходзіцца ў ролі найважнейшага суб'екта ўсяго таго, што ў ім адбываецца. Пра велізарныя праспекты, якія аказаліся такімі зручнымі для акцый, небывалую актыўнасць у дварах і новы менскі феномен, які фармуецца проста цяпер.

 

 Дзмітрый Задорын 

архітэктар, гісторык архітэктуры, аўтар кнігі «Minsk. Architectural Guide»

 

 

Менск як горад для масавых маршаў

– Наколькі Менску «да твару» пратэст? І як гарадскім вуліцам і праспектам прыходзіцца ў якасці фону для пратэсных акцый?

– Менск па сваім вызначэнні горад савецкі – у нас вельмі мала старога ядра. А з таго моманту, як горад стаў вельмі хутка расці, у савецкім горадабудаўніцтве ўжо было ўсё прыдумана. Для чаго патрэбныя ўсе гэтыя вялікія плошчы і праспекты? Для масавых маршаў. Але тое, што адбываецца цяпер, фактычна перакульвае ўсю гэтую ідэю мас, бо меркавалася, што яны будуць маршыраваць у падтрымку дзяржавы, а аказалася ўсё наадварот. Менск, захоўваючы сваю савецкую структуру, зладзіў процілеглую сітуацыю: замест таго каб дапамагаць дзяржаве, структура ўстаўляе яму палкі ў колы. Відавочна, што ўсе гэтыя вялікія прасторы падыходзяць для масавага пратэсту.

З іншага боку, менскае ядро настолькі маленькае, што сілавікам аказалася даволі лёгка выцесніць з яго людзей у першыя дні. І пратэсты тут жа перамясціліся на перыферыю горада, дзе адбываліся галоўныя падзеі. Мне здаецца, гэта галоўнае змяненне ў прасторавым вымярэнні пратэстаў у Менску.

– Ці можна ў такім выпадку казаць, што Менск аказаўся зручным для пратэсту?

– Я б так не казаў. Я думаю, для гэтага любы горад прыдатны. Так, для таго каб падлічваць колькасць удзельнікаў, Менск сапраўды зручны. Калі ўсе ўзялі і сабраліся на плошчы Незалежнасці, гэта лёгка ўзяць і палічыць. А калі людзі стаяць на Стэле, відаць, што нейкія ўчасткі больш загружаныя, нейкія менш – і гэта ўжо больш стыхійная маса. Таму казаць, што Менск прама зручны для пратэстаў, – не. Хутчэй, пратэст падладжваецца пад тую прастору, якая ў яго ёсць.

«Тое, што цяпер адбываецца, фактычна ажыўляе гісторыю»

– У Менску многія прасторы «бесчалавечныя». Той жа праспект Пераможцаў каля Стэлы – занадта маштабны – ніколі асабліва не падыходзіў для звычайных шпацыраў па горадзе. Але пасля першага жнівеньскага маршу аказалася, што гэты праспект вельмі зручны для такіх вось масавых шэсцяў. А навошта ўвогуле (калі не браць у разлік маршы) Менску першапачаткова былі патрэбныя настолькі велізарныя прасторы?

– Тут важна ўспомніць пра ідэалогію прасторы, якая панавала ў 60-70-я гады ў Менску. Да 60-х гадоў цэнтрам лічыўся праспект Незалежнасці з нанізанымі на яго плошчамі: мы стаім нейкі час на адной плошчы, потым маршыруем і даходзім да наступнай. У сярэдзіне 60-х гадоў архітэктары прапанавалі павярнуць цэнтр Менска папярок і развіваць яго ўздоўж ракі. І на працягу 70-х была распрацаваная велізарная колькасць праектаў Кастрычніцкай плошчы, якая павінна была нібыта адкрыць горад да ракі. Кастрычніцкая плошча стала цэнтрам перасячэння двух асноўных дыяметраў: праспекта Незалежнасці і водна-зялёнага дыяметру.

І вось ад гэтай новай Кастрычніцкай плошчы да самай Стэлы архітэктары малявалі шырачэзную прастору. Што на ёй рабіць, было зусім незразумела. Але гэта было проста такое стаўленне да прасторы – яе не трэба было напаўняць нейкай канкрэтнай функцыяй. Нават сама Кастрычніцкая плошча, на думку Лангбарда, адразу пасля вайны была значна большай, чым трэба было гораду. Ён лічыў, што яна запрацуе як плошча, толькі калі ў Менску будзе жыць каля чатырох мільёнаў чалавек. Цяпер у горадзе каля двух мільёнаў жыхароў, і плошча так і застаецца занадта вялікай. А вось пасля пратэстаў у сотні тысяч чалавек, сапраўды, раптам выявілася, што горад спраектаваны «пра запас».

 

 

«Карта пратэстаў зрушаная, з аднаго боку, у бок новых раёнаў, і з другога – у бок жылых комплексаў з камерцыйным жыллём»

Новы сімвалізм і пратэсты «на раёнах»

– У Менску шмат савецкіх знакаў і надпісаў у духу «Подзвіг народа бессмяротны», «Слава пераможцам». І калі раней яны ўспрымаліся проста як прывітанне з мінулага, то цяпер набылі новы сэнс, фатографы наўмысна ловяць кадры з акцый на фоне такіх надпісаў. Ці можна ў такім выпадку казаць пра дэсакралізацыю старых знакаў?

– Тое, што цяпер адбываецца, фактычна ажыўляе гісторыю. Той жа помнік Леніну, які яшчэ гадоў пяць таму быў помнікам проста нейкаму гістарычнаму дзеячу, пра якога маладое пакаленне не вельмі памятае, цяпер становіцца больш актуальным і набывае новыя сэнсы. Гэтак жа і з гэтымі сімваламі.

Я думаю, улады і самі працавалі ў гэтым кірунку: каб савецкія сімвалы не засталіся ў мінулым. Бо яны маглі іх акуратна пахаваць, а сэнсы паволі сышлі б. Але ўладам хочацца трывожыць гэтую гісторыю, яны робяць гэта самі. А на выхадзе атрымліваюцца вось такія рэчы з новымі сэнсамі.

– І такі паварот, мабыць, трывожыць уладу? Пасля таго як на першым маршы на статую Радзімы-маці павесілі БЧБ-сцяг, да яе больш не падпускаюць пратэстоўцаў, нацягваючы ля Музея ВАВ калючы дрот.

– Рэч у тым, што бел-чырвона-белы сцяг наогул усё ярчэй становіцца сімвалам беларускай рэвалюцыі. Адразу пасля выбараў мяжа са сцягамі была не такой жорсткай. Яшчэ на мерапрыемствах Ціханоўскай да выбараў былі і тыя, і іншыя сцягі. Цяпер падзел па сцягах стаў відавочным. А калі людзі пачынаюць чарціць мяжу, то яна вычэрчваецца з двух бакоў. Добра яшчэ, што пакуль у горадзе няма асаблівага прасторавага падзелу: дзе жывуць людзі з аднымі перакананнямі, а дзе – з іншымі. Але ён можа паўстаць, таму што сама дзяржава спрыяе гэтаму расколу.

– Як магчыма падзяліць грамадства настолькі, каб людзі з адрознымі перакананнямі жылі ў розных частках горада?

– Самае важнае, што кідаецца ў вочы, калі глядзець за малюнкам з пратэстаў, – гэта месцы, дзе вывешваюцца бел-чырвона-белыя сцягі. Гэта будынкі, што з’явіліся нядаўна. Гэта асобныя ўтварэнні – жылыя комплексы. Калі браць іерархію савецкай планіроўкі горада, то яна выглядае так: горад, потым планіровачныя зоны, потым раёны, затым жылыя раёны, якія складаюцца з мікрараёнаў, а тыя, у сваю чаргу, дзеляцца на жылыя комплексы. Дык вось, сцягі з'яўляюцца на Чарвякова, у Брылевічах, у «Мінск-Свеце» – гэта значыць, у дамах новага беларускага пакалення. І ў гэтым сэнсе ў нас адбываецца сацыяльнае дзяленне на тых людзей, якія чагосьці дамагліся, самі купілі кватэры і лічаць гэта сваім, і на «сацыяльны сектар».

Калі ў кантэксце раёнаў казаць пра структуру Менска цалкам, дык вось што важна: як толькі пратэсту перагарадзілі шлях у цэнтр горада, пазначылася некалькі месцаў, дзе адбываліся асноўныя сутычкі. Мала хто ведае, але ў савецкай горадабудаўнічай сістэме ў Менску існавалі тры (цяпер іх чатыры) планіровачныя зоны: Паўднёва-Усходняя, Паўночна-Усходняя (вакол «Рыгі») і Заходняя (з цэнтрам на Пушкінскай плошчы). Гэта такія часткі горада, якія могуць працаваць як незалежныя гарады. І ў кожнай з гэтых адзінак ёсць свой цэнтр. Пратэсты засяродзіліся ў гэтых цэнтральных частках перыферыі. А пасля пратэст пабег па прыступках гарадской іерархіі ўніз. Жылыя комплексы – гэта самая маленькая адзінка гарадскога планавання. І гэтыя прасторавыя адзінкі ідэальна падышлі для самаарганізацыі.

Тут, дарэчы, можна заўважыць, што Паўднёва-Усходняя зона, дзе жывуць у асноўным «пралетарыі», аказалася найменш актыўнай у пратэсце, у параўнанні з хваляваннямі ў іншых планіровачных зонах. Крыху больш актыўнай стала Паўночна-Усходняя частка, дзе жыве шмат старой савецкай інтэлігенцыі. А мацней за ўсё стрэліла Пушкінская – і не выпадкова. Менавіта там месціцца самае маладое насельніцтва. Заходняя частка – гэта «новы» Менск. Нельга казаць, што толькі там сканцэнтравана ўсё маладое насельніцтва, але пэўная сувязь з узростам усё ж такі існуе. І менавіта ў гэтай новай частцы больш тэрыторыі аддадзена пад «несацыяльную» забудову.

Такім чынам, карта пратэстаў зрушаная, з аднаго боку, у бок новых раёнаў, і з другога – у бок жылых комплексаў з камерцыйным жыллём.

 

 

«Менавіта так і сталее паўсюль у свеце грамадзянская супольнасць. Ёй дапамагаюць пэўныя ўспышкі, звязаныя з агульнай незадаволенасцю нечым»

– Гэта значыць, тут можна гаварыць яшчэ і пра такім фактар, як узровень жыцця? Чым заможнейшыя жыхары нейкага жылога комплексу або раёна, тым вышэйшыя там пратэсныя настроі?

– Так, мне здаецца, гэта агульная рыса ўсёй беларускай рэвалюцыі. У нас утварыўся сапраўды вялікі пласт буржуазіі, якая гатовая змагацца за свае правы. І «Каскад», і «Новая Баравая» ўкладваюцца ў гэтую канцэпцыю. Хоць «Новая Баравая», можа быць, крыху ўбаку, бо гэта занадта канцэнтраваны кластар айцішнікаў. Але заканамернасць такая: людзі пачынаюць зарабляць грошы, і робяць яны гэта ў тым ліку з-за сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Тваё жаданне паляпшаць сваё жыццё адпавядае твайму крытычнаму погляду на тое, што адбываецца. Магчыма, пра гэта так мала кажуць, бо гэты факт дае беларускаму пратэсту такое асаблівае вымярэнне.

– Тое, што цяпер адбываецца ў раёнах: узнікненне муралаў, з'яўленне стыхійных мемарыялаў, святы ў дварах, – гэта, напэўна, упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі дакладнае ўвасабленне таго самага права на горад яго жыхарамі. Ці захаваецца гэтая традыцыя добрасуседства ў будучыні, калі ўжо не будзе такой патрэбы ўсіх кансалідавацца вакол агульнай праблемы?

– Я думаю, так, хоць, можа быць, гэта ўжо не будзе настолькі прыкметна. Але менавіта так і сталее паўсюль у свеце грамадзянская супольнасць. Ёй дапамагаюць пэўныя ўспышкі, звязаныя з агульнай незадаволенасцю нечым.

Думаю, калі ў будучыні зменіцца палітыка ў дачыненні да двароў, усё стане яшчэ лепш. Цяпер у Менску па большай частцы наогул няма двароў – яны ёсць толькі там, дзе пра іх спецыяльна падумалі архітэктары і на гэта асобна былі выдаткаваныя грошы. У Еўропе архітэктары сёння працуюць над спадчынай 60-70-х, яе спрабуюць перапраектоўваць. У нас таксама гэта ўсё трэба прыводзіць у парадак, але для гэтага няма ніякага механізму, акрамя вечнага падфарбоўвання. І, магчыма, такая неўладкаванасць і перашкаджае арганізацыі людзей у дваровыя абшчыны. Калі якасць гарадскога асяроддзя палепшыцца, то нам усім будзе прасцей адно з адным знаёміцца. Калі ты прыязджаеш у «Новую Баравую» і ходзіш па гэтых дворыках, то разумееш, што суседзям там лягчэй збірацца і праводзіць час разам.

Але я думаю, што фармаванне мясцовых супольнасцяў, якое адбываецца ў раёнах цяпер, якраз і прывядзе да паляпшэння гарадскога асяроддзя пасля.

 

 

Гарадскія траўмы і новы менскі феномен

– Узровень трывожнасці ў менчукоў вельмі павысіўся. Асабліва пасля таго як нават самыя галоўныя «астраўкі бяспекі», накшталт касцёлаў і цэркваў, сталі ўразлівыя (дастаткова ўспомніць заблакаваны АМАПам уваход у Чырвоны касцёл). Што цяпер нам усім рабіць з гэтай траўмай? Як знаходзіцца ў горадзе пры такім узроўні трывожнасці?

– Дзяржава паказвае, што для яе прыватнай прасторы няма. Гэта адзін з прынцыпаў запалохвання. Што з гэтым рабіць? Не ведаю. Мне здаецца, трэба проста старацца трымацца і менш глядзець дрэнныя навіны. Грамадства «разбоўтанае», класічныя межы звыклага парушаюцца. Бяспечныя калісьці закрытыя месцы, накшталт двароў каля дома, таксама ў адзін момант сталі небяспечнымі: усе памятаюць, як з 9 па 11 жніўня людзей ганялі і хапалі па падваротнях. Потым пачалося і беганне па пад'ездах. Гэта ўсё такія розныя бар'еры грамадскай прасторы, дзе самы далёкі бар'ер – ужо асабістая кватэра. А цяпер аказваецца, і ў кватэры знаходзіцца не заўсёды бяспечна.

Таму, на жаль, калі ты ідзеш у Чырвоны касцёл, ты першапачаткова разумееш, якая гэта рызыка. Гэта твой выбар: ісці туды ці з'ехаць да бабулі ў вёску, дзе, хутчэй за ўсё, нічога не будзе. Але, як бы ні было цяжка цяпер, галоўнае адбылося: у нас ужо змянілася грамадства. Назад гэта не запхнуць.

«Але, як бы ні было цяжка цяпер, галоўнае адбылося: у нас ужо змянілася грамадства. Назад гэта не запхнуць»

– Атрымліваецца, што пратэст шмат чаго даў Менску, але, на жаль, сустракаюцца і нейкія траўмы, якія гарадская прастора яшчэ будзе доўгі час памятаць. Калі рабіць глабальную выснову, чаго здарылася больш: добрага ці траўматычнага?

– Вядома, пратэст даў гораду больш добрага. Фізічна Менск за гэты месяц не памяняўся, але знутры ён змяніўся вельмі моцна. І за гэтымі зменамі мы будзем назіраць яшчэ цягам некалькіх гадоў.

Я веру, што калі арганізуюцца новыя супольнасці, то потым яны знойдуць увасабленне і ў прасторавых зменах. Людзі, якія жывуць у звычайных шматпавярховіках у Серабранцы, пачнуць збірацца адно з адным і абмяркоўваць, як яны хочуць палепшыць свой двор, што зрабіць разам для агульнай прасторы. А ў будучыні гэта можа наогул інстытуалізавацца, бо так і ўтвараецца грамадзянская супольнасць. Ці адаб'ецца гэта на палітычнай структуры грамадства і ці з'явіцца ў нас больш моцная мясцовая ўлада – пакуль складана меркаваць, гэта патрабуе часу.

Мабыць, самае важнае, што ў Менску цяпер з'явілася новае прасторавае вымярэнне – перыферыйнае. І гэта новы феномен горада. Раней былі два менскія феномены: першы, агучаны ў сярэдзіне 1970-х гадоў, звязаны з вельмі хуткай урбанізацыяй; другі – больш горадабудаўнічы, які звязаны з тым, што менскія архітэктары з тыпавых дэталяў змаглі стварыць у горадзе вельмі цікавыя архітэктурныя ансамблі. А цяпер раптам стрэліла гарадская перыферыя – гэта тое, чаго мы зусім не чакалі. Гэта, сапраўды, вельмі цікавы феномен. І ўсе падзеі, якія адбываюцца цяпер у Менску, увойдуць у падручнікі гісторыі.

 

Фота: palasatka, murmurash, flejtmotiv