Як дапамагчы рэпрэсаванаму(-ай)?

Псіхатэрапеўтка А. працуе з рэпрэсаванымі са жніўня. Спачатку яна дапамагала вызваленым з ізалятараў на Акрэсціна, пазней стала праводзіць бясплатныя сеансы для людзей, якія перажылі затрыманне і заключэнне. Адмыслова для 34mag.net А. распавяла аб тым, як людзі перажываюць арышт і аднаўляюцца пасля. Здаецца, яе парады актуальныя цяпер для ўсіх беларусаў увогуле.

 

Хто такія рэпрэсаваныя

  Калі казаць канкрэтна пра сферу дапамогі рэпрэсаваным, то гэта тыя людзі, якія былі затрыманыя і знаходзіліся ў зняволенні. Таксама гэта тыя, каго закранулі звальненне, штрафы, іншыя негатыўныя наступствы выказвання іх грамадзянскай пазіцыі.

 

 


Як рэпрэсаваныя перажываюць траўму

  Людзі сутыкнуліся з вопытам, які істотна выходзіць за рамкі звычайнага. Нармальная псіхіка не заточаная на пазбаўленне волі, знявагу, збіццё, а за сценамі ізалятараў нярэдка зневажаюць годнасць асобы, выбіваюць адчуванне бяспекі і свабоды выбару.

  У многіх, хто перажыў заключэнне, узнікае «віна таго, хто выжыў»: чалавек лічыць свой вопыт малазначным у параўнанні з вопытам іншых людзей. Напрыклад, кажа, што яму пашанцавала, бо яго не білі. Тым не менш ён сапраўды перажыў гвалт, і гэта важна ўлічваць.

  Самымі разгубленымі на Акрэсціна былі тыя, каго затрымалі выпадкова, напрыклад па дарозе ў краму. Тыя ж, хто мэтанакіравана ішоў на марш, разумелі, дзеля чаго рызыкавалі, у іх быў сэнс. А сэнс – гэта значная апора, тое, дзеля чаго варта выжыць. Акрамя палітычных, у кожнага знаходзяцца асабістыя сэнсы: напрыклад, некаторым вытрымаць заключэнне і справіцца з наступствамі дапамагае ўсведамленне таго, што дома чакаюць дзеці. Стан чалавека і хуткасць аднаўлення шмат у чым залежаць ад асаблівасцей псіхікі, умоў жыцця, наяўнасці падтрымкі і рэсурсаў.

  Важна разумець, якое жыццё было ў чалавека да затрымання. Неяк я працавала з неўладкаваным, адзінокім чалавекам, у дадатак да ўсяго ў яго перад арыштам адбылася траўматычная падзея. Чалавек змог прыйсці па рэчы толькі праз тры тыдні пасля вызвалення, але нават тады ля сцен ізалятара яго атакавалі навязлівыя ўспаміны: стала здавацца, быццам ён чуе гукі дакранання дубінак з целамі.

  Гештальт-супольнасць ладзіла адмысловыя семінары для псіхолагаў-валанцёраў, і на адной з такіх анлайн-сустрэч выступала ўкраінская калега з вопытам работы ў перыяд Еўрамайдана (гэта падобная гісторыя пра людзей, якія перажылі маштабную траўматызацыю). Калега падзялілася фразай, якую казала ў шпіталі параненым на Майдане людзям: «Дзякуй за тое, што вы там былі». Я стала шукаць больш універсальную фразу, якая падышла б і для тых беларусаў, хто ведаў, на што ішоў, і для тых, хто апынуўся там выпадкова. Казала: «Тое, што з вамі адбылося, – жахліва, гэтага быць не павінна», – пазначала такім чынам, што гвалту няма апраўдання, а ўсе рэакцыі на тое, што адбылося, – нармальныя.

  У траўмаваных людзей часта сустракаюцца думкі аб іх ненармальнасці – быццам яны занадта павольна адыходзяць ад таго, што адбылося. Трэба разумець, што ў кожнага свая хуткасць аднаўлення, гэта нармальна.

  Для людзей, якія прайшлі рэпрэсіі, характэрны пастаянны страх. У нашым галаўным мозгу ёсць зона пад назвай «амігдала», яна адказвае за рэакцыю на небяспеку. Пасля вострага стрэсу амігдала паступова супакойваецца, а ў часткі рэпрэсаваных яна ўвесь час актыўная, таму яны заўсёды адчуваюць сябе ў небяспецы. Рэпрэсаваным важна разумець, што страх мае пад сабой падставу. Гарантаваць, што чалавек выйдзе на вуліцу і яго не забяруць у аўтазак, сапраўды немагчыма.

  Ёсць два палярныя станы ў траўме: чалавек або пазбягае ўсяго, што нагадвае аб сітуацыі, якая траўмуе, або дакучліва да яе імкнецца. Да пазбягання прыводзіць страх, да імкнення зноўку пагрузіцца ў сітуацыю – жаданне псіхікі яе перайграць, не быць бездапаможным перад абліччам гвалту.

  Многія людзі пасля перажытага траўматычнага вопыту пачынаюць узмоцнена кантраляваць рэальнасць. Калі ў нас усё добра, мы не злоўжываем кантролем, хутчэй, жывём на аўтамаце або кіруемся пракладзенымі схемамі.

  Таксама сярод сімптомаў псіхалагічнай траўмы адзначаюцца парушэнні сну, навязлівыя ўспаміны, начныя кашмары, дысацыяцыя, трансавы стан.

  Многія беларусы і беларускі, якія ніяк не пацярпелі за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі, адчуваюць сорам. Гэта можа быць і сорам за клопат пра сябе, калі камусьці іншаму дрэнна, і сорам за задавальненне ад маленькіх радасцей. Я назірала канфлікт, у якім прымала ўдзел жанчына, у якой ёсць маленькае дзіця, праз што яна не можа прымаць актыўны ўдзел у пратэстах. Маладым мамам кажу адно: «Дзіцяці вы больш патрэбныя». А яшчэ вось, магчыма, самая важная думка: цяпер няма вялікіх і маленькіх спраў, важны любы ўдзел.

 

 

Як дапамагаць блізкаму(-ай)

  Усё залежыць ад рэакцыі самога чалавека на тое, што адбылося з ім. Калі ён хоча распавядаць – трэба слухаць, паказваць, што яго разумеюць і не асуджаюць. Проста будзь побач і не задавай пытанняў у духу «Навошта ты туды пайшоў(-ла)?». Калі чалавек не хоча казаць – нічога страшнага, дай зразумець, што ты побач і гатовы(-ая) да размовы. А калі не гатовы(-ая), то лепш сумленна ў гэтым прызнацца, бо няздольнасцю падтрымаць чалавека можна неспадзявана яго параніць.

  Часам цяжка праяўляць эмпатыю ў адказ на гісторыі пра гвалт. Але калі сваякі ці сябры кажуць пацярпеламу: «Які жах, не расказвай мне пра гэта!» – ён успрымае гэта так, нібы яго перажыванні бессэнсоўныя і ні для каго не важныя. А людзі, сувязі, прыхільнасці – важны фактар вылячэння.

  З-за пачуцця бяссілля часта з'яўляюцца думкі, што трэба хутчэй загаіць траўмаванага блізкага, паставіць яго на ногі ўсімі магчымымі спосабамі ці даць нейкую чароўную таблетку. Такія думкі прыводзяць да з'яўлення лішняй мітусні і непатрэбных парад, аднаўленню гэта спрыяе мала. Любое перажыванне цыклічнае: яно мае пачатак, сярэдзіну і канец. Важна даць перажыванню прайсці ўвесь цыкл.

  Часам чалавек выходзіць пасля «сутак» і адчувае павышаную апеку, яго імкнуцца ад усяго зберагчы. Але інвалідызаваць не трэба. Трэба, наадварот, усяляк заахвочваць спробы вярнуцца да звычайнага, самастойнага жыцця. Дапамагай чалавеку па неабходнасці і памятай, што ад усіх бед нікога не зберажэш.

  На фоне страху за блізкіх рэпрэсаваны чалавек можа пачаць сам іх празмерна кантраляваць, не адпускаць лішні раз з дому. У такім выпадку пакажы, што ты ўдзячны(-ая) яму за клопат, што ён для цябе дарагі і важны. З ім усё ў парадку, ён нармальны дарослы чалавек. Нягледзячы на тое, што з ім адбылося, ён выжыў, і трэба заахвочваць тыя рэчы, якія дапамагаюць яму спраўляцца з траўмай. (Праўда, варта насцярожыцца, калі чалавек «спраўляецца» пры дапамозе алкаголю і іншых некарысных рэчываў.)

  Калі рэпрэсаваны замыкаецца ў сабе, у яго з'яўляюцца суіцыдальныя думкі або намеры, і тут лепей праявіць празмерную асцярожнасць, чым недагледзець. У нейкіх выпадках можа спатрэбіцца шпіталізацыя – каб чалавек аднаўляўся пад наглядам кампетэнтных лекараў.

  Але сілком цягнуць чалавека да псіхолагаў або праваабаронцаў не трэба – проста дай яму ведаць, што ёсць магчымасць атрымаць такую дапамогу. Калі няма даверу і добрай волі чалавека на такую працу, псіхолаг бяссільны. Часцяком людзі, якія знаходзяцца побач з пацярпелым, не вытрымліваюць усяго аб'ёму перажыванняў і не разумеюць рэакцый чалавека. Каб з усім гэтым не датыкацца, яны і прапануюць яму схадзіць да псіхолага.

  Фразы, якія казаць дакладна не трэба:

– «Які жах! Не кажы мне пра гэта!»

– «Ты сам(-а) вінаваты(-ая)!»

– «Навошта ты туды хадзіў(-ла)?»

– «Які(-ая) ты бедны(-ая), няшчасны(-ая)!»

– «Слухай, ты стаў(-ла) нейкім(-ай) дзіўным(-ай) пасля сутак, нешта з табой не тое».

– «Ну ты ж справішся!»

– «Ты ж заўсёды быў(-ла) такім(-ой) стойкім(-ай), а тут заплакаў(-ла)».

 

 

Як дапамагчы сабе самому(-ой)

 Пачынай з базавых рэчаў: харчавання, сну і фізічнай актыўнасці. Выкарыстоўвай тэхніку «зазямлення», калі «правальваешся» ў траўмуючыя ўспаміны: назаві пяць прадметаў, якія ты бачыш, чатыры гукі, якія ты чуеш, тры пахі, два тактыльныя адчуванні і адзін смак. Перад гэтым пажадана спыніцца, адчуць паверхню, на якой ты стаіш або сядзіш.

 Ужо потым, калі ты прыйшоў(-ла) у сябе, можна аналізаваць, што і як запусціла ланцуговую рэакцыю ўспамінаў, і ісці да чалавека, у якога можна знайсці падтрымку. Рэкамендую псіхатэрапію: своечасовы зварот да спецыяліста дапаможа мінімізаваць наступствы траўматычнага вопыту.

 Добра, калі ўзнікае агрэсія, у дадзеным кантэксце гэта, хутчэй, імкненне абараніць сябе, якое было спыненае ў момант траўматызацыі. Могуць з'яўляцца агрэсіўныя фантазіі або сны. Не варта іх баяцца, праяўляць агрэсію экалагічнымі спосабамі карысна. Важна разумець, што фантазія і яе рэалізацыя – гэта розныя рэчы. Можна біць посуд, баксёрскую грушу, пайсці ў лес пакрычаць, рабіць фігуркі з пластыліну і ламаць іх, рэзаць тканіну і г.д. Галоўнае – выказваць свой агрэсіўны імпульс і аднаўляць парушаную цэласнасць уласнага досведу. Пажадана рабіць гэта ў прысутнасці спецыяліста, які дапаможа інтэграваць вопыт.

 

Як не варта працаваць з рэпрэсаванымі

 Некаторыя журналісты ў лагеры на Акрэсціна паводзілі сябе некарэктна. Напрыклад, яны пыталіся ў людзей, якія выйшлі на волю людзей, білі іх або не, і адхіляліся, атрымаўшы адмоўны адказ. Такія паводзіны – выдатны спосаб развіць у чалавека віну таго, хто выжыў, і прымусіць яго думаць, што, раз яго не білі, ён не варты ўвагі. Акрамя таго, мы не ведаем, што было з чалавекам на самой справе. Ён мог падвяргацца збіццю, але потым адказаць, што нічога не было, з-за дзеяння ахоўных механізмаў псіхікі. Я ў сваёй працы зыходзіла з таго, што ўсё, што там адбывалася, – гвалт, і не важна, якім менавіта ён быў. У размове паміж спецыялістамі можна вылучаць віды гвалту, але ў зносінах з чалавекам не варта гэтага рабіць.

 У некаторых псіхолагаў у лагеры былі такія дыялогі з рэпрэсаванымі. Падапечны кажа спецыялісту, што ён адчувае сябе нармальна, а той яму адказвае: «Гэта табе пакуль нармальна, а вось потым будзе посттраўматычны сіндром, панічныя атакі, алкагалізм і суіцыдальныя думкі». Гэта ўсё сапраўды магчыма, але ў нашы планы не ўваходзіла спалохаць людзей. З табой усё нармальна? Добра, звяртайся, калі што, трымай памятку. Часам чалавек не прызнаваўся, што яму дрэнна, з пачуцця сораму і ўяўленняў пра тое, што камусьці дапамога патрэбная больш. Тут важна было адысці і даць чалавеку пабыць з інфармацыяй аб тым, што дапамога даступная. Калі справа была сапраўды ў сарамлівасці, то ён падыходзіў сам і звяртаўся па дапамогу.

Фота: palasatka