«Безаблічныя»: выстава пра тое, як чалавек губляе твар

На мінулым тыдні ў «Прасторы КХ» у Берасці адкрылася выстава «Безаблічныя». Гэта мастацкая рэфлексія на тэму ўтойвання ідэнтычнасці, сыходу ад сябе і адказнасці ў сённяшняй Беларусі. На выставе сабраныя працы 13 мастакоў – штосьці было створана нядаўна як рэакцыя на пратэсты і гвалт у краіне, частка работ не новыя і не палітычныя – яны адкрываюць іншыя грані страты асабістасці чалавекам, вяртаючы гледача з палітычнага ўзроўню да разважання пра любога чалавека як пра асобу. Мы пагаварылі з куратаркай выставы Лізаветай Міхальчук пра вяртанне аблічча і адказнасці тым, хто знаходзіцца ў сістэме, аб пытаннях, якія кожны(-ая) павінен(-на) задаваць сабе, і аб прапрацоўцы траўматычнага вопыту праз мастацтва.

 

 Лізавета Міхальчук 

мастацтвазнаўца, куратарка «Прасторы КХ»

 

 

Як з балаклавы нарадзілася ідэя выставы

– Мяне здзіўляе выкарыстанне масак і балаклаваў работнікамі праваахоўных органаў. Да гэтага балаклавы і маскі былі элементам злачыннага свету. Неабходнасць хаваць твар – гэта заўсёды неабходнасць пазбегнуць адказнасці. Яны былі патрэбныя, каб цябе не распазналі камеры відэаназірання, імі карысталіся рабаўнікі банкаў у кіно.

Абурае, калі ты бачыш нават людзей у форме, якія пры гэтым у масках, а тым больш калі яны без формы і ў масках. Функцыі гэтых людзей на вуліцах няясныя. І няправільна, што ніхто не лічыць патрэбным растлумачыць людзям, хто гэта. Мы маем права на гэтую інфармацыю. Зараз адбываецца нечаканая легалізацыя злачыннасці.

Сёння мы бачым раздзяленне людзей. Пратэстоўцы не хаваюць твараў, робяць нешта і выказваюцца ў публічнай сферы супраць рэжыму, аргументуюць сваю ўсвядомленую пазіцыю. На тым баку – пласт людзей, якія свае твары хаваюць. Узнікае пытанне: калі вы сапраўды падтрымліваеце нейкія ідэі і не лічыце іх злачыннымі, то навошта хаваеце твар? Для мяне відавочна, што, калі ты хаваеш аблічча, ты баішся пакарання.

Маска – хутчэй атрыбут змагароў з уладай. Звычайна людзі хаваюць аблічча, калі баяцца несправядлівасці сістэмы. Атрымліваецца, што дзяржава цяпер баіцца несправядлівасці сваёй жа сістэмы? Гэта абсурд.

«Неабходнасць хаваць твар – гэта заўсёды неабходнасць сысці ад адказнасці»

Людзі ўжо не баяцца гэтай несправядлівасці, сістэма сама баіцца сваёй несправядлівасці. Удзельнічаючы ў гэтым, яны прызнаюць свой страх або ўсведамленне ўдзелу ў злачынных мерапрыемствах. Яны разумеюць: за тое, што яны робяць, можна быць пакараным. Вядома, тое, што мы паўгода да гэтага хадзілі у масках, сыграла ім на руку. Дзяржава выкарыстоўвае прыём «аказваецца, у нас ковід, таму мы калі не ў балаклаве будзем хадзіць, то ў масках дакладна». Яны скарысталіся неабходным медыцынскім прыёмам, важнасць якога да гэтага адмаўлялі, у сваіх злачынных мэтах.

З гэтага раскруцілася агульная рэфлексія.

– З'явіўся жарт, што пратэстоўцы не носяць маскі не таму, што не баяцца заразіцца, а таму што не хочуць, каб іх прынялі за ціхароў. Пратэстоўцы часта спецыяльна не апранаюць маску, каб захаваць свой твар, прыняць адказнасць за сваю грамадзянскую пазіцыю.

– Так. Таму, прыдумляючы назву, думала, як гаварыць па тэме, каб не зводзіць усё выключна да пратэсту. Хацелася ўзяць большы вугал. «Безаблічныя» – гэта не толькі «безасабовыя». Для мяне спрацаваў фанетычны момант: «безаблічныя» і «безліч абліччаў». Нас незлічоная колькасць. Нам важна не хаваць свой твар, каб у гэтым натоўпе заставацца асобамі: людзьмі, якія маюць сваю матывацыю, сваё права на выбар, сваю пазіцыю і свой шлях, які яны прайшлі, перш чым далучыцца да пратэсту.

Яшчэ адзін момант: «аблічаныя» – тыя, каго аблічылі. Ёсць адчуванне, што нас аблічылі, скраўшы нашы галасы.

 

 

«Хочацца, каб людзі падумалі пра тых, хто хаваецца за маскай»

Што можна ўбачыць і адчуць на «Безаблічных»

– Усё пачалося з работ Андрэя Анро і Вольгі Пранкевіч. Вольга пачала сваю графічную серыю пра плоскіх і аб'ёмных людзей яшчэ да выбараў – пасля затрыманняў пратэстоўцаў у чэрвені-ліпені. Было ясна, што гэта цікава працуе на графічным узроўні.

Адразу пасля выбараў з'явіўся цыкл Андрэя Арно «Person of the System» – рэакцыя на фальсіфікацыю вынікаў выбараў. Прадстаўніцы выбарчых камісій (у асноўным жаночага полу) цалкам дыскрэдытавалі сябе, ператварыўшыся ў рэжымных лялек.

Потым з'явіўся праект Васілісы Палянінай «Яна не любіць мяне, мама». У яе працах зусім іншы аспект – вельмі кранальны, пра чалавечнасць, якая крыецца за маскамі. Карціна «Маска» Таццяны Кандраценка – таксама пра гэта.

Я шукала для гэтай выставы творы не толькі на сацыяльныя і палітычныя тэмы, але тыя, што працуюць з метафізічнымі, экзістэнцыяльнымі пытаннямі. Што значыць быць чалавекам? Ці можна пакутаваць ад таго, што ты ў масцы? Як з гэтай маскай быць? Тэму масак у сэнсе сацыяльных роляў мы ў выставе не краналі – гэта ўжо вельмі шырокі момант, пра які ў мастацтве было шмат сказана. Што за чалавек там, за маскай? Як гэтую чалавечнасць разглядзецья? Як яе вярнуць гэтаму няшчаснаму чалавеку? Ён жа таксама можа пакутаваць ад гэтага ўсяго.

Усё збіралася па крупінках. Атрымалася, што чыесьці праекты былі створаны непасрэдна цяпер, на гэтым нерве. Чыесьці – старыя, але абсалютна ў логіцы агульнага мастацкага выказвання. Працы Мішы Гуліна «Палітыкі/Злачынцы» ўжо шмат гадоў, а цяпер яна атрымала новае прачытанне. Але мы ў гэтым жывём усе 26 гадоў. Мастакі, якія займаюцца крытычным мастацтвам, казалі пра гэта ўвесь час. Проста тое, што яны казалі, раней усіх так за душу не брала.

– Калі мы збіраем такія працы разам на выставе, як гэта ўплывае на людзей? Ці становіцца чалавек больш чулым да таго, што адбываецца вакол, сутыкнуўшыся з крытычным мастацтвам, або мы ўжо на той стадыі, калі і так «усе ўсё разумеюць»?

– Я заўжды лічыла, што мастацтва можа зрабіць людзей лепшымі. Выстава можа дапамагчы людзям паставіць пытанні і знайсці адказы. Трэба да сябе прад'явіць максімум патрабаванняў, прадумаць, як не стаць безаблічным. Як зрабіць правільны выбар? Ці згодзішся ты адмовіцца ад сябе, каб інтэгравацца ў сістэму? Чым гатовы ахвяраваць?

Яшчэ хочацца, каб людзі задумаліся пра развешванне цэтлікаў – падумалі пра тых, хто хаваецца за маскай. Я б хацела, каб было менш выкрывальніцтва і тыкання пальцам у людзей са словамі «ён вораг, ён злодзей». Гэта павінна адбывацца больш свядома. Чалавеку варта болей канцэнтравацца на сабе, чым на іншых, – глядзець на бярвёны ў сваіх вачах. Гаворка не ідзе пра апраўданне злачынстваў. Я пра тое, што наяўнасць безаблічнасці вакол нас шмат каму развязвае рукі ў плане судзейства.

– З-за таго, што працаўнікі сістэмы спрабуюць схаваць сваё аблічча, у людзей з'яўляецца запыт вярнуць ім згубленую ідэнтычнасць. «Калі вы ад гэтага адмаўляецеся, то мы вам самі вернем вашы асобы – па бровах і зрэнках апазнаем».

– Так, ёсць такі момант. Але я, хутчэй, пра тое, што гэтым людзям самім у першую чаргу трэба гэтае аблічча вяртаць, а некаторыя не могуць зрабіць гэта самастойна. На выставе прадстаўленыя гісторыі не канкрэтных людзей, а сістэмы. Наша задача не пакараць чалавека, сарваўшы з яго маску. Задача – гуманізацыя сістэмы. Каб у людзей у рамках гэтай сістэмы не было неабходнасці хаваць свой твар.

Яны таксама закладнікі. Трэба вывесці іх з гэтага жаху, пабудаваць новую сістэму. Нельга забываць, што яны нейкім чынам трапілі туды. Нам усім страшна, але мы хаця б не там.

Важна прайсці ўвесь працэс рэабілітацыі, інакш паўтарэнне гісторыі непазбежнае.

– Ты думала, як будуць рэагаваць на гэтую выставу людзі сістэмы, калі ўбачаць яе?

– Унутры сістэмы людзі з рознай ступенню страты асабістасці. Ёсць тыя, хто яе зусім згубіў, – яны не пазнаюць сябе ў гэтых працах, не пакрыўдзяцца і не раззлуюцца, бо яны сябе да гэтага нават не прылічаюць. Тыя, хто ўспрымае падобнае мастацтва агрэсіўна, не самыя страчаныя. Калі яны злуюцца і нервуюцца, значыць яны адчуваюць, што іх дзеянні не зусім правільныя. Калі яны спрабуюць адбіцца і даказаць, што яны не такія, то яны хаця б цвяроза ацэньваюць, што людзі іх не прымаюць.

 

 

Чаму час крытычных выстаў надышоў

– Мастацтва – гэта заўсёды пра сублімацыю і катарсіс. Яно трэба для вострага пражывання вопыту. Мы глядзім жахі і фільмы пра вайну, каб справіцца з тым, што немагчыма перажыць самастойна з-за страху ці сораму. Праз мастацтва гэта можна пражыць і прапрацаваць. Але не думаю, што страх можа сысці цалкам. Тое, што цяпер адбываецца, – дзікасць.

Перформансы арт-групы «Бергамот» пра затрыманне-выкраданне людзей і гвалт створаныя з-за адчування страху. Але праз мастацтва можна вывесці тое, што адбываецца, на новы ўзровень. Туды, дзе гэта можна пераварыць, абстрагавацца ад рэальнасці. Калі ты знаходзішся ў сітуацыі гвалту, ты не можаш ні задаваць пытанняў, ні шукаць адказаў – гэта стыхійнае перажыванне жаху. Калі ты знаходзішся дома, пасля, – гэта таксама, хутчэй, праца з уласнымі траўмамі. А тут не са сваім працуеш – ты працуеш з тым, што прапануе мастак. І калі яно аказваецца сугучным з тваім, ты можаш зразумець, наколькі гэта яшчэ камусьці адклікаецца, убачыць для сябе нейкі адказ. Неабавязкова нават яго фармуляваць, але гэта спрацуе на ўзроўні эмоцый і суперажывання.

«Людзі ўключаныя, яны гатовыя думаць, вырашаць, абмяркоўваць. Мы выйшлі з бытавога амёбнага стану»

– Для мяне гэта пра адчуванне антыадзіноты ў сённяшняй сітуацыі. Дома мы апынаемся ў сюррэалістычным становішчы. Прыходзім з вуліц – і здаецца, што дома ўсё як звычайна, але мы перажываем стрэс ці нават траўму. Бачыць усе гэтыя працы на выставе – гэта пра «я не адна, мяне не адну гэта закранула». Гэта як арт-тэрапія, але не праз стварэнне, а праз сузіранне. Не заўсёды тэмы актуальнага сучаснага мастацтва здаюцца зразумелымі і блізкімі гледачу, і хараство гэтай выставы для мяне ў тым, што людзі гатовыя гэта ўспрымаць.

– Важна знайсці тое, што рэзануе з людзьмі. Гэта наша пазіцыя ў «Прасторы КХ» – працаваць з крытычным. Мы заўсёды працавалі ў такім ключы, і выставы ствараліся, каб прымусіць людзей думаць і адчуваць, задаваць пытанні, на якія цяжка знайсці адказ. У дакрызісны перыяд вельмі шмат хто лёгка мог абстрагавацца ад праблемных пытанняў: экалогіі, фемінізму, правоў чалавека. У нас было адносна вузкае кола гатовых адклікнуцца. Цяпер вялізная колькасць людзей, якія не ў стане абстрагавацца. Самы час рабіць крытычныя выставы. Людзі ўключаныя, яны гатовыя думаць, вырашаць, абмяркоўваць. Мы выйшлі з бытавога амёбнага стану ва ўключанае. Гэта фішка моманту.

Мастацтва, мастакі і інстытуцыі павінны выкарыстоўваць гэты стан па максімуме. Цяпер гэтае мастацтва трэба людзям і дзякуючы яму можна нешта ў людзях змяніць. Яны да гэтага гатовыя.

– Табе было страшна рабіць гэтую выставу?

– Ну, я не напісала сваё імя на афішы. Тэксты, якія вісяць у экспазіцыі, таксама не стала падпісваць – проста паставіла лагатып «КХ».

Цяпер усё настолькі дваіста. Бяздзейнічаць –  немагчыма, нешта рабіць  – цяжка, і фізічна, і псіхалагічна. Я абрала адзіна магчымы на дадзены момант варыянт. Яшчэ крок налева – здрада сваім мэтам і пазіцыям, вектару працы. Крок направа – проста небяспечна. Але кожны цяпер павінен рабіць, то што любіць і ўмее, з максімальнай шчырасцю і самааддачай. Я лічу, гэта вельмі важна.

Выстава «Безаблічныя» працягнецца да 3 кастрычніка па адрасе: г. Берасце, вул. Хаўтурына, 2/1 («Прастора КХ»). Графік працы: чц-сб з 15:00 да 19:00.

 

Фота: Сяргей Нiкрашэвіч