Ці могуць беларуса судзіць у Гаазе?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 17.11.2020
- 2280
Розныя міжнародныя арганізацыі існуюць у тым ліку для таго, каб грамадзяне планеты маглі выйсці з бурбалкі рэгіянальнай юрысдыкцыі і пашукаць справядлівасці дзесьці яшчэ. Але наколькі ў гэтым плане абароненыя беларусы? Разабраліся, як працуюць міжнародныя суды і каго яны наогул прымаюць.
Міжнародны суд ААН займаецца – з рознай ступенню паспяховасці – вырашэннем міждзяржаўных спрэчак. Яго юрысдыкцыя распаўсюджваецца на дзяржавы – сябры ААН, а значыць і на Беларусь.
Беларусь увахолзіць у ААН з моманту з'яўлення гэтай арганізацыі ў 1945 годзе. Беларускай і Украінскай ССР дазволілі стаць сябрамі ААН разам з СССР, улічваючы, што за гады Другой сусветнай вайны гэтыя рэспублікі пацярпелі асабліва моцна.
У Міжнародным судзе ААН Беларусь ніколі ні з кім не судзілася.
Нямецкіх ваенных злачынцаў судзіў не Міжнародны суд ААН, а Міжнародны ваенны трыбунал – орган, які быў для гэтага спецыяльна створаны. Суды праходзілі ў Нюрнбергу. З японскімі ваеннымі злачынцамі пасля Другой сусветнай разбіраўся свой трыбунал, называўся ён Міжнародны ваенны трыбунал для Далёкага Усходу і працаваў у Токіа.
Падобныя сітуатыўныя органы ў наступным стварала і ААН. Так, з 1993 па 2017 год вёў працу Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі. Гэта з яго падачы ў турме ў Гаазе апынуўся экс-прэзідэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч.
Не, асобнымі людзьмі ён не займаецца. Яго задача – разбірацца ў канфліктах на ўзроўні краін.
Напрыклад, цяпер там вырашаюць марскія спрэчкі паміж Чылі і Перу, а таксама спрабуюць прасунуць справу плаціны на Дунаі, якую з 1977 года ніяк не дабудуюць Славакія і Венгрыя. Таксама з 2017 года ў Міжнародным судзе ААН Украіна судзіцца з Расіяй, абвінавачваючы тую ў фінансаванні тэрарызму на Данбасе і ў расавай дыскрымінацыі ў Крыме.
У Міжнародным крымінальным судзе (МКС). Гэта той самы суд у Гаазе, які сярод іншых афрыканскіх – так атрымалася – крывавых рабят разбіраў сітуацыю Муамара Кадафі, аднак палкоўнік да Гаагі так і не даехаў – быў забіты падчас ваеннай аперацыі.
Адразу трэба адзначыць, што звароты грамадзян МКС не разглядае. Таму петыцыі простых людзей яму не цікавыя, нават калі іх падпіша дзевяць мільёнаў чалавек.
А вось ужо на ўзроўні афіцыйных прадстаўніцтваў краін Міжнародны крымінальны суд сапраўды займаецца асобамі, якія адказныя за генацыд, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва. Такія паўнамоцтвы ў суда ёсць на базе Рымскага статута.
Беларусь не ратыфікавала Рымскі статут, а значыць МКС над яе злачынцамі супраць чалавецтва ўлады не мае. Аднак жа і Лівія, і той жа Судан пад Рымскім статутам подпісаў не ставілі, і тым не менш МКС выдаваў ордэр на арышт Кадафі і Амар-аль-Башыра. Справа ў тым, што адбывалася гэта на падставе рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН.
Як прымаюць рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН?
У склад СБ уваходзяць 15 дзяржаў – сябраў ААН: пяць на пастаяннай аснове (Вялікабрытанія, Кітай, Расія, ЗША, Францыя), а яшчэ дзесяць абіраюць на час. Беларусь ніколі не ўваходзіла ў Савет Бяспекі ААН.
СБ упаўнаважаны расследаваць спрэчкі і сітуацыі, якія могуць пагражаць падтрыманню міжнароднага міру і бяспекі. Калі ўтрыраваць, то галоўная місія СБ – не дапусціць трэцяй сусветнай вайны.
Тэхнічна СБ можа: уводзіць санкцыі супраць дзяржаў-парушальнікаў, ладзіць вайсковыя аперацыі супраць іх, уводзіць міратворчыя сілы, ствараць міжнародныя адміністрацыі ў зоне канфлікту пасля яго ўрэгулявання.
Сябры ААН, па ідэі, павінны выконваць указанні СБ. Праблема ў тым, што да ўказанняў-рэзалюцый даходзіць далёка не заўсёды. У пастаянных краін-удзельніц ёсць права вета, і яны ім актыўна карыстаюцца, нават калі гаворка ідзе пра генацыд ды злачынствы супраць чалавецтва. Асабліва любяць што-небудзь заветаваць ЗША і Расія.
Што наконт Еўрапейскага суду па правах чалавека?
ЕСПЧ дазваляе фізічным і юрыдычным асобам судзіцца з міжнароднымі арганізацыямі і цэлымі дзяржавамі. Напрыклад, расіяне актыўна судзяцца з Расіяй і даволі часта дамагаюцца не толькі грашовай кампенсацыі, але нават скасавання прысуду мясцовага суда. Пасля адмены справа не ўтылізуюць, а пераглядаюць, але і гэта ўжо вельмі крута.
Краіны вымушаныя прыслухоўвацца да меркаванняў ЕСПЧ найперш таму, што ў адваротным выпадку ім можа пагражаць выключэнне з Савета Еўропы, а гэта прэстыжны клуб. На жаль, Беларусь не ўваходзіць у Савет Еўропы, яна не ратыфікавала Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека, а значыць і ЕСПЧ для яе – не ўказ.
Узаемаадносіны з Саветам Еўропы ў Беларусі складаныя. Стаць сябрам гэтай прэстыжнай арганізацыі краіна не можа хоць бы таму, што ў ёй да гэтага часу існуе смяротнае пакаранне. Цікава, што статусу «спецыяльна запрошанай у СЕ» дзяржавы Беларусь пазбавілася нават не з-за вышэйшай меры, а з-за чарговага перапісвання Канстытуцыі ў 1996 годзе.
Так куды можа паскардзіцца беларускі(-ая) грамадзянін(-ка)?
Беларусы маюць права звяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ ААН), і орган паўнавартасна разглядае іх звароты. Напрыклад, канал «Цяперашні час» распавядаў пра выпадак Маі Абромчык, пацярпелай на Плошчы-2010. КПЧ зафіксаваў парушэнне правоў чалавека, абавязаў беларускія ўлады правесці адэкватнае расследаванне, а таксама даць пацярпелай кампенсацыю і прынесці прабачэнні. Праблема ў тым, што і ў гэтым выпадку, як і ў многіх іншых, беларускі бок усе гэтыя рашэнні праігнараваў.
Як жа так? Беларусь жа далучылася да Міжнароднага пакту ААН аб грамадзянскіх і палітычных правах і гэты дакумент ратыфікавала. Тым не менш дзеючая ўлада лічыць, што рашэнні КПЧ ААН працэдурна не ўбудоўваюцца ў айчыннае юрыдычнае поле, а таму да выканання не абавязковыя.
Уладзіслаў Кавалёў, абвінавачаны ў тэракце ў менскім метро, быў расстраляны яшчэ да таго, як КПЧ разгледзеў ягоную скаргу. Ужо потым камітэт разгледзеў скаргу родных Кавалёва, аднак беларускія ўлады ніяк не пракаментавалі вынікі гэтага разгляду.