Як бараніць беларускую мову?

Усе ведаюць, што дзяржаўных моў у Беларусі дзве. Аднак некаторыя суграмадзяне ўспрымаюць факт двухмоўя скажона: яны мяркуюць, быццам закон дазваляе ім забіць на адну з моў на сваім працоўным месцы і нават патрабаваць ад кліентаў «говорить нормально», калі тыя абралі сваёй мовай іншую. Хто ж, як не ты, давядзеш да ўвагі гэтых рабят, што кожны чалавек у гэтай краіне мае права свабодна выбіраць мову зносін і патрабаваць сэрвісу, які яму або ёй зручнейшы? Разабраліся, як бараніць спеўную беларускую.

 

Якія асноўныя законы замацоўваюць моўныя правы?

  Канстытуцыя Беларусі. У галоўным дакуменце краіны зацверджана, што дзяржаўных моў у нас дзве: беларуская і руская (арт. 17). Згодна з Канстытуцыяй, ты можаш вольна выбіраць мову зносін, а дзяржава гарантуе табе свабоду выбару мовы выхавання і навучання (арт. 50).

  Закон «Аб мовах». Тут, зноў жа, пра тое, што ты маеш права карыстацца нацыянальнай мовай і выбіраць мову зносін (арт. 3). Таксама закон абавязвае работнікаў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый валодаць беларускай у аб’ёме, які патрэбны для выканання імі службовых абавязкаў (арт. 4). Яшчэ адзін важны момант: ты можаш афармляць звароты ў розныя інстанцыі на беларускай мове. Такі зварот абавязаны прыняць, разгледзець і адказаць на адпаведнай (чытай: беларускай) мове (арт. 5).

 

Якое пакаранне чакае чэла, што ганіць мову?

  Тых, хто дазваляе сабе груба выказвацца пра мову, варта тыцнуць у артыкул 9.22 КоАП «Парушэнне заканадаўства аб мовах».

  За публічную знявагу ці ганьбаванне любой нацыянальная мовы пагражае штраф ад 4 да 10 базавых велічынь (па стане на люты 2020-га адна базавае складае 27 BYN).

  Рублём можна пакараць і тых, хто стварае нейкія перашкоды ў карыстанні роднай мовай ці распальвае варожасць на моўнай глебе.

 

Ці можна патрабаваць, каб цябе вучылі на беларускай мове?

  Дзяржава гарантуе нам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў, але рэалізуецца гэтае права толькі праз тое, што ты можаш выбіраць адпаведны клас, групу, паток ці, напрыклад, садок для свайго малога. «Флагманская» мова навучання вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі з улікам пажаданняў навучэнцаў.

 

Што рабіць, калі сутыкаешся з неадэкватам на моўнай глебе?

  Калі табе прыляцеў негатыў за тое, што ты замаўляеш гарбату, а не чай, ці купляеш ялавічыну, а не говядину, патрабуй кнігу скаргаў або адразу пішы заяву на прыцягненне да адказнасці за парушэнне артыкула 9.22 КаАП.

  У кнізе скаргаў і прапаноў распішы сітуацыю па прынцыпе «меней слоў, болей сэнсу». Адзнач, калі, дзе і з кім адбыўся гідкі інцыдэнт, а таксама якімі дакладна словамі было парушанае тваё права карыстацца роднай мовай.

  Калі кнігу скаргаў табе ўпарта не нясуць, ты маеш права выклікаць міліцыю (тэлефануй на 102). Супрацоўнікі зафіксуюць парушэнне і выпішуць асобны штраф.

  Заяву аб ганьбаванні мовы трэба афармляць на паперы і накіроўваць у адміністрацыю таго раёна, дзе адбылося правапарушэнне (гарадскі або райвыканкам). Яе неабавязкова складаць адразу, можна зрабіць гэта дома і даслаць замоўным лістом. Але не зацягвай, бо праз два месяцы адміністратыўку ўжо не заводзяць.

  Абавязковая інфа:

– куды накіраваная заява;

– хто яе аформіў(-ла): імя, прозвішча, адрас;

– падрабязнае апісанне сітуацыі: месца і час, дзе адбылося парушэнне, асоба, якая парушыла закон; цытата;

– спасылка на арт. 9.22 КоАП;

– запыт прыцягнуць абразніка(-цу) да адказнасці.

  Калі ты не здолеў(-ла) даведацца, што за чалавек абразіў(-ла) мову табе ў твар, пішы ў скарзе ці заяве, што прадставіцца ён(яна) адмовіўся(-лася). Няхай ідэнтыфікацыяй займаюцца адказныя органы.

 

А калі абраза здарылася ў інтэрнэтах?

  Зрабі скрыншот, раздрукуй яго і прыкладай да папяровай заявы.

  У заяве трэба адлюстраваць наступную інфу:

–каму адрасаваная заява;

–хто яе аформіў(-ла): імя, прозвішча, адрас;

–падрабязнае апісанне сітуацыі: час, дзе адбылося парушэнне; рэсурс, на якім усё разгарнулася; звесткі пра асобу,

–якая пакінула абразлівы каментар; цытата;

–спасылка на арт. 9.22 КоАП;

–запыт прыцягнуць абразніка(-цу) да адказнасці.

  Калі ты ведаеш, дзе жыве парушальнік(-ца), накіроўвай заяву ў адпаведны раённы або гарадскі выканкам ці адміністрацыю раёна горада. Калі інфой аб месцы пражывання ты не валодаеш, падавай заяву па месцы рэгістрацыі сайта. Калі і да гэтых дадзеных ты не дакапаешся, пішы на адрас Мінгарвыканкама.

 

Ці можна неяк «абеларусіць» шыльды і дарожныя знакі?

  Цалкам так. Пішы адпаведны зварот – і, спадзяемся, хутка твая вуліца будзе звацца так, як мілей тваім вачам.

  Ты можаш прапанаваць: стварыць двухмоўныя шыльды ці памяняць шыльду з памылкамі на слушную беларускамоўную; вырабіць беларускамоўныя шыльды для новых вуліц, дзе ніякіх шыльдаў пакуль няма; зрабіць беларускамоўным дарожны знак (будзем вытрымліваць хуткасны рэжым!); беларусізаваць электроннае табло.

  Узоры адпаведных зваротаў знойдзеш тут.

 

Ці абавязаныя беларускія сайты мець беларускамоўную версію?

  Не. Але ты можаш нагадаць уладальнікам свайго ўлюбёнага ці проста важнага для цябе сайта, што многім беларусам было б зручней карыстацца рэсурсам, калі б той існаваў таксама ў беларускамоўнай версіі.

  Адрасуй прапанову таму, на каго сайт зарэгістраваны. Высветліць дадзеныя дапаможа WHOIS-даведнік.

  На афіцыйны запыт табе павінны даць афіцыйны адказ.

 

Ці абавязаныя беларускія сайты прымаць інфу на беларускай мове?

  Так! Калі ты не можаш запоўніць нейкую форму толькі таму, што ў сайта алергія на літары «і» ды «ў», саступаць не варта. Афармляй прапанову дапрацаваць рэсурс, зрабіўшы яго больш беларусафільным. Дасылай гэты ліст на адрас таго, каму сайт належыць, і чакай адказу.

  Калі па-добраму адстаяць свае моўныя правы не атрымалася, можна зрабіць жорстка: напісаць заяву на адрас выканкама, у якой дэталёва распавесці аб парушэнні моўных правоў. Тут зноў руліць арт. 9.22 КоАП.

 

Ці можна патрабаваць беларускамоўныя дамовы ад бізнэсаў?

  Вядома. Часцяком для гэтага хопіць вуснага запыту. Калі раптам дамову па-беларуску аформіць адмаўляюцца, дасылай на адрас установы пісьмовы запыт.

  Беларускамоўную замову можна запытваць і ў бізнэс-партнёраў, і ў банкаў, і ў розных дзяржаўных устаноў.

 

На якой мове павінны адказаць на пісьмовы зварот?

  Калі ты аформіў(-ла) зварот па-беларуску ў пісьмовай форме, то і адказ табе павінны даць на мове Купалы ды Коласа.

  Важна: на адрас дзяржустаноў ты можаш алдскульна даслаць лісты праз пошту або афармляць электронны зварот праз іх сайты. І ў тым, і другім выпадку адказ павінен прыйсці не пазней за 30 дзён з таго дня, калі зварот дайшоў да адрасата. Адказ прыйдзе або лістом у паштовую скрыню, або на e-mail, у залежнасці ад таго, які канал сувязі ты абраў(-ла) першапачаткова.

  Недзяржаўныя ўстановы не абавязаныя адказваць на электронныя звароты, таму іх лепш дапякаць канвертамі і паперкамі.

 

Куды скардзіцца, калі на зварот адказалі не па-беларуску?

  У выканкам па месцы рэгістрацыі той установы, дзе, відаць, прынцыпова не хочуць ліставацца на беларускай мове.

  У заяве спасылайся на арт. 18 закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», згодна з якім «адказ на пісьмовы зварот даецца на мове звароту, чым забяспечваецца права заяўніка на карыстанне дзяржаўнай мовай».

 

Дзе ўзяць узоры зваротаў?

  Ёсць такая класная ініцыятыва – «Умовы для мовы». Рабяты распрацавалі ўсе магчымыя шаблоны, якія табе могуць спатрэбіцца ў праведнай барацьбе за родную мову. Шукай узоры зваротаў тут – і наша возьме.

Iлюстрацыя by Sheeborshee