#august2020voices – знакамітасці агучваюць гісторыі гвалту

Медыяпраект «Август2020» запусціў флэшмоб, сэнс якога ў тым, каб гісторыі пацярпелых у жніўні агучылі знакамітыя артысты, музыкі, спартсмены, пісьменнікі, лідары меркаванняў і ўсе, хто жадае ўзяць удзел. Першы ролік #august2020voices запісала баскетбалістка Алена Леўчанка.

 

 

Алена, якую саму 15 сутак утрымлівалі ў ізалятары на Акрэсціна, чытае гісторыю актывісткі Вольгі Паўлавай.

 

 

Свае відэа ўжо запісалі Анатоль Белы, Аляксей Кортнеў, Юлія Шаўчук, Аляксандр Ждановіч, Валодзя Катляроў, Міхаіл Шац, Пётр Наліч, Аляксей Палуян, Кацярына Сныціна. Таксама пацвердзілі ўдзел Міхаіл Зыгар, Яна Вагнер, Іван Вырыпаеў, Кацярына Шульман, Віктар Шандаровіч, Арцемій Троіцкі, Саша Філіпенка, Павел Аракелян. Усяго выйдзе каля 60 ролікаў.

Мэта флэшмоба – зрабіць так, «каб увесь свет даведаўся пра злачынствы супраць чалавечнасці, якія здарыліся ў цэнтры Еўропы ў XXI стагоддзі». Каманда «Август2020» завастрае ўвагу на тым, што ніводнага сілавіка пакуль не асудзілі за злачынствы супраць беларусаў, а тых пацярпелых, хто звярнуўся ў Следчы камітэт у пошуках справядлівасці, пераследуюць саміх.

Далучыцца да флэшмоба можа любы(-ая) жадаючы(-ая): для гэтага трэба перайсці на сайт «Август2020», выбраць адну з 200 гісторый, зачытаць фрагмент з яе на відэа (гарызантальна, на любую прыладу) і апублікаваць відэа ў сваей сацсетцы з хэштэгам #august2020voices. Ці з тым жа хэштэгам рэпостнуць ролік кагосьці яшчэ.