Алеся Петравец – пра нефармальную адукацыю і непатрэбнасць зоны камфорту

Працягваем прасоўваць нефармальныя адукацыйныя магчымасці. Гэтым разам пагутарылі з прадстаўніцай Global Shapers Minsk Hub, місія якога – аб’ядноўваць глабальныя веды з мясцовымі трабламі. Алеся Петравец распавяла пра тое, чым займаецца ў арганізацыі, навошта асабіста ёй пастаянна вучыцца і шэрыць веды з іншымі, а дзесьці ў сярэдзіне размовы паслала к чорту зону камфорту.

 

 Гераіня:  Алеся Петравец, 24 гады. Адукацыя: МДЛУ, факультэт міжкультурных камунікацый.

 

Праекты:

Global Shapers Minsk Hub    EdCamp    Soft Skills Creation    Adukacyja.info   «Ліга добраахвотнай працы моладзі»   AIESEC

 

 

 Пра софт-скіл і стартавыя магчымасці 

– З адукацыі я перакладчык, але мне заўсёды было гэтага недастаткова, хацелася яшчэ чагосьці драйвовага – болей мовы, болей новых скілоў. І я ўлілася ў нефармальную адукацыйную актыўнасць. Цяпер я раблю вялікі праект пра софт-скілы для маладых людзей у рэгіёнах разам з Adukacyja.info. Запрашаю экспертаў з асяроддзя НДА, HR-менеджараў, актывістаў, якія раней былі студэнтамі 1–2 курса і разумелі, што было патрэбна ім.

Апошнім часам я вельмі часта задумвалася пра стартавыя пазіцыі людзей. У рэгіёнах не заўсёды ёсць магчымасць дазнавацца пра нешта новае. Аднойчы мы прыехалі распавядаць пра адукацыйныя магчымасці, я закранула тэму CV і рэзюмэ і прапанавала ўдзельнікам загрузіць свае рэзюмэ на Google Drive, каб потым даць ім зваротную сувязь. Пасля сустрэчы да мяне падышоў адзін хлопец і спытаў: «А што такое Google Drive? Як гэтым карыстацца?» І гэта зноў пра стартавыя магчымасці. Калі ты нешта ведаеш, чаму б не падзяліцца, пачынаючы ад звычайнага файласховішча і заканчваючы больш сур'ёзным рэчамі.

Розніца стартавых магчымасцяў загартоўвае мэтанакіраваных людзей, якія хочуць чагосьці дасягнуць. Іх робіць больш гнуткімі той шлях, які яны павінны прайсці, каб апынуцца ў роўных умовах з іншымі людзьмі, якія гэтыя магчымасці ўжо мелі. Напрыклад, у іншагародніх студэнтаў, якія ў 17–18 гадоў пераязджаюць у інтэрнат, самастойнае жыццё пачынаецца значна раней. І калі на гэтым этапе не сарве дах – або сарве яго ў добрым сэнсе, – ты пачнеш рэальна да нечага імкнуцца.

«Калі ты нешта ведаеш, чаму б не падзяліцца, пачынаючы ад звычайнага файласховішча і заканчваючы больш сур'ёзным рэчамі»

 Пра тое, як «зрывала дах мне» 

– У школе я займалася ў тэатральным і хацела далей працаваць з дыкцыяй. Калі я паступіла і пераехала, то адразу пасля засялення пайшла падаваць дакументы на курсы радыёвядучых «Менская хваля». Усе, як засяляюцца ў інтэрнат, думаюць: «Блін, калі ўжо там выходныя, калі можна дадому паехаць?..» А я была так зараджаная, што першыя два месяцы не ездзіла дадому, бо ў мяне кожныя выходныя былі курсы.

Часам бывае страшна прызнацца, што ты нечага не ведаеш. Але свет не абрынецца, а ты далей будзеш жыць з тым, што ты не змог адпрацаваць. Мне здаецца, што прасцей за ўсё спытаць і ўдакладніць. Калі ты просіш людзей аб дапамозе, яны нармальна адклікаюцца: гэта нармальная чалавечая ўласцівасць – дапамагаць і адчуваць сваю значнасць.

На курсах мяне пасадзілі працаваць у пары з мужчынам гадоў пад сорак, і ён казаў пра ўсякія папсовыя штукі, якія для мяне былі яшчэ не знаёмыя. І гэта крута мяне прапампавала ў плане тэндэнцый. Я зразумела: так, хачу пазнаваць больш, нешта цікавае рабіць, каб атрымлівалася дзяліцца тым, што выходзіць добра. Гэта, напэўна, было такое першае занурэнне ў дарослае жыццё.

 

 

 Пра Салігорск 

– Я з Салігорска, і, калі я планавала, у якія рэгіёны паехаць у межах свайго праекта, першая думка была: «Трэба нешта зрабіць у Салігорску». Але я не бачу зацікаўленасці ў саміх маладых людзей адтуль. Большасць мысліць: «Добра так, як ёсць», – і гэта таксама нармальна. Ёсць і актыўныя людзі з Салігорска, але яны таксама робяць нейкія ініцыятывы ў іншых месцах.

Напэўна, я проста не адчуваю, што там трэба нешта рабіць. І не хачу, каб для мяне ў родным горадзе зганялі ў залу людзей, якім гэта не трэба.

Калі ў горадзе ёсць нейкае горадаўтваральнае прадпрыемства, то ў сям'і з 5-6 класа пачынаецца: «Трэба табе вывучыцца на тое, каб пайсці працаваць на гэтае прадпрыемства, таму што ў нашым горадзе ўсе паспяховыя людзі зарабляюць менавіта там». А я ўлетку пасля ўнівера ехала некуды на раскопкі і казала: «Мам, усё добра, мне патрэбна толькі пара гумовых ботаў, а далей – разбяруся». Напэўна, калі б у мяне былі не такія бацькі, якія даюць усеабдымную падтрымку маім ідэям, я б таксама не бачыла іншых варыянтаў.

Салігорск размешчаны досыць блізка да Менска, і ў людзей ёсць магчымасць, калі яны чымсьці рэальна цікавяцца, ездзіць у сталіцу, каб гэта пазнаваць. Ведаю некалькі добрых кейсаў, калі падлеткі ў 10-11 класе нацэліліся паступаць за мяжу: яны ездзілі ў Менск, каб рыхтавацца, пазнаваць новае, і паступілі далей. Але гэта – лічаныя адзінкі.

«Не бачу зацікаўленасці ў саміх маладых людзей адтуль. Большасць мысліць: “Добра так, як ёсць”»

 Пра працу з рэгіёнамі 

– Ёсць ініцыятывы, якія робяць праект для таго, каб зрабіць і ўнесці такую актыўнасць у партфоліа. У гэтым нічога няма дрэннага, але часцей за ўсё ў гэтых праектах моладзь – пасіўны аб'ект, для якога мы нешта зробім. Ва ўніверсітэтах гэтым злоўжываюць: маладыя людзі не ўцягваюцца самі, для іх штучна нешта ствараюць, не цікавячыся, ці патрэбна яно ім. Мне заўсёды была цікавая іншая пазіцыя: мы ствараем магчымасці, а калі маладыя людзі хочуць, то яны прыходзяць і бяруць.

Я ведаю, што магу прыехаць, напрыклад, у Магілёўскі ўнівер, з некім скантачыцца, месяц весці перамовы, пераканаць усіх, што так, мы крутыя. У выніку студэнты прыйдуць, іх можа быць 50-70 чалавек, але добра, калі хоць бы для аднаго гэта будзе карысна. Зразумела, што падчас мерапрыемства ты запальваеш іх і сееш зерне сумневу: «Рабят, паглядзіце, усё можа быць інакш!»

Толькі калі ёсць добрыя асабістыя кантакты, ты можаш данесці сутнасць «запрашайце тых, хто сам хоча». Перш за ўсё гэта нэтворкінг: альбо ты знаходзіш спікераў і інфармацыйную падтрымку асабіста наўпрост, альбо гэта тэорыя шасці рукапацісканняў. І тады ўсё працуе. Беларусь маленькая – усё трымаецца на асабістых знаёмствах. Звычайна я адкрываю стужку Facebook – і пачынаю ўзгадваць, хто адкуль можа быць, а потым пішу актывістам Adukacyja.info: «Хэй-хэй, раскажыце, хто ў вас знаёмы адкуль ёсць?»

 

 

 Пра «зону камфорту» 

– Пасля першага курса я даведалася пра НДА «Ліга добраахвотнай працы моладзі». У іх ёсць студэнцкі педатрад, і можна было пайсці на курсы важатых: цябе чатыры месяцы рыхтуюць, а потым ты едзеш на лета на мора ў Расію працаваць з дзецьмі. У мяне няма сястры ці брата, і гэта было цікавым выклікам.

Для чалавека, які да гэтага ніколі не працаваў з дзецьмі, не апынаўся ў такім калектыве, дзе ўсё тваё жыццё 24/7 на паказ, было складана. Я жыла ў інтэрнаце, я разумею, што гэта такое, але тут зусім не было асабістай прасторы. Дома: асабісты пакой, усё стаіць па фэншуі, я ведаю, дзе што знайсці. Пакой важатых: ты шчаслівы, што ў цябе проста ёсць ложак.

Гэты педатрад зрабіў мяне больш мабільнай. Дзеці затапілі першы паверх, на якім жыве дырэктар? Нічога страшнага, разбяромся. Мы запускаем паветраны ліхтарык, ліхтарык захрасае на дрэве, і ты стаіш і думаеш: бегчы па вогнетушыць або вецер яго знясе?

Не люблю тэрмін «зона камфорту»: дзе ты можаш сказаць, што табе на 100% камфортна? Дзе мяжа: вось тут заканчваецца мая зона камфорту, я пайшоў назад? Навошта мне ў прынцыпе ў ёй знаходзіцца, калі свет цяпер такі, што патрабуе выхаду з зоны камфорту кожны дзень? З-за таго, што ўсё вельмі хутка змяняецца, гэтае паняцце растварылася. Ты ўсё пралічыла наперад, усё прадумала, а ў выніку ўсё адбываецца не так. І што? Будзеш думаць, як вярнуцца ў сваю зону камфорту, альбо дзейнічаць згодна з новымі абставінамі? Я выбіраю другое і к чорту зону камфорту.

Калі я далучылася да студэнцкага кам'юніці AIESEC, то зразумела, што замежныя валанцёры – гэта тэма: я ж вучу англійскую, давайце яе практыкаваць, давайце паказваць, што Беларусь такая класная, прыязджайце да нас. Але адна справа, калі ты перапісваешся з людзьмі ў інтэрнэце, іншая – калі яны сюды прыязджаюць. Ты становішся ім мамай. «О, а што нам рабіць, а куды ісці, а як зрабіць рэгістрацыю? А калі я захачу паехаць ва Украіну, мяне аднаго пусцяць?» Я не ведаю, рабят, трэба праверыць! Дзе тут зона камфорту?

«Мы ствараем магчымасці, а калі маладыя людзі хочуць, то яны прыходзяць і бяруць»

 Пра чацвёртую індустрыяльную рэвалюцыю 

– У Менскі Хаб Global Shapers я прыйшла на чацвёртым курсе. Хаб для мяне – гэта месца, дзе я бачу, што людзі могуць думаць іначай, чым я; гэта магчымасць пашырыць свой information bubble, у якім ты жывеш і думаеш, быццам так жывуць і думаюць усе.

Global Shapers Community было заснавана Сусветным эканамічным форумам. І Сусветны эканамічны форум вельмі шчыльна працуе з тэмай чацвёртай індустрыяльнай рэвалюцыі – гэта пра з'яўленне смарт-гарадоў, з'яўленне тэхналогій 5G, развіццё інфраструктуры, штучнага інтэлекту. Shapers працуюць з усімі напрамкамі, звязанымі з чацвёртай індустрыяльнай рэвалюцыяй, і тым, як чалавецтва будзе развівацца, калі мы да гэтага прыйдзем. Якія будуць выклікі? Як выкарыстоўваць усе гэтыя тэхналогіі на карысць?

Першае для мяне даследаванне ў межах Хаба было пра гатоўнасць краіны да чацвёртай індустрыяльнай рэвалюцыі. І калі ва ўніверы ты даследуеш па курсавой нейкую непатрэбную тэму тыпу «Семіётыка камунікатыўных працэсаў», то тут я працавала з рэальнымі рэчамі, сустракалася з экспертамі, глядзела, як тут усё працуе. І гэта ваў!

Цяпер у Хабе адкрыты набор новых удзельнікаў. Можна далучацца да нас і спрабаваць эксперыментаваць разам.

«Навошта мне ў прынцыпе знаходзіцца ў зоне камфорту, калі свет цяпер такі, што патрабуе выхаду з зоны камфорту кожны дзень?»

 Пра крэатыўнасць беларусаў 

– У Хабе ёсць адукацыйны праект EdCamp, які стварае кам'юніці настаўнікаў па ўсёй Беларусі. Гэта (не)канферэнцыя, у рамках якой ты прыязджаеш у Менск і кажаш: «А я раблю на ўроках так і так». Робіш пітчынг сваёй ідэі. Калі зацікавіў – атрымліваеш магчымасць правесці паўнавартасны майстар-клас на 45 хвілін і распавесці пра ўсё падрабязней. Потым да цябе падыходзяць і кажуць: «Ты такі класны, падзяліся сваімі метадамі». І ты проста бачыш, як здараецца гэты magic сярод настаўнікаў: яны сутыкаюцца з аднымі і тымі ж цяжкасцямі, ты даеш ім магчымасць даведацца, паспрабаваць, як гэта ёсць, а далей яны запальваюцца і выкарыстоўваюць лепшыя практыкі ў сваіх рэгіёнах. Мне наогул здаецца, што беларусы суперкрэатыўныя: многія скардзяцца, што ў нас складана нешта зрабіць, але гэта вельмі моцна развівае нестандартнае мысленне.

Для мяне Хаб важны як платформа, у межах якой могуць узаемадзейнічаць усе. Гэта тое, што грамадзянскай супольнасці патрэбна на любым этапе развіцця, – супрацоўніцтва з іншымі гульцамі.

Цяпер мы з Хабам робім новы праект па тэме гендару – «Мастацтва і медыя супраць гендарных стэрэатыпаў». Дзякуючы гэтаму праекту Хаб збірае вакол сябе гендарную экспертызу. Плюс у тым, што гэта не толькі гендарная экспертыза экспертаў і экспертак з НДА-сектара, – мы супрацоўнічаем таксама з Акадэміяй мастацтваў. У нейкіх момантах нашы пункты гледжання супадаюць, у нейкіх – разыходзяцца, але ад гэтага толькі цікавей вучыцца разумець іншую пазіцыю і прыходзіць да кансэнсусу.

 

Фота: Віялета Саўчыц