Алесь Крот

  • 08.12.2015
  • 223

Алесь Крот шмат год таму вырас са статусу студэнта, але з тэмай абароны правоў студэнтаў расстацца не можа. Пагутарылі з актывістам пра тое, ці могуць маладыя людзі рэальна змяняць сітуацыю ва ўніверах, калі «что-то не так», навошта выходзіць на маршы і як можа дапамагчы «Студэнцкая Рада», калі цябе намагаюцца загрэбсці на два гады ў аграгарадок. 

 Герой:  Алесь Крот, 29 гадоў, з Менску. Вучыўся на будаўніка ў БНТУ, быў выключаны за грамадскую дзейнасць і адноўлены. Каардынатар моладзевай прафсаюзнай групы «Студэнцкая Рада», экс-старшыня Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА», сябра моладзевага кансультацыйнага савета ААН, гулец футбольнай каманды «Аўтазак».

 Чым займаецца:  абарона правоў студэнтаў, урбаністыка, аматарскі спорт.
 

Сайт   /  FB   /  VK   /  Twitter


Арыгінальная дата публікацыі – 08.12.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.

 

 

«Ладзілі пахаванне студэнцкіх ільгот – сапраўднае, з труной, смерцю, плакальшчыцамі. Я граў на баяне пахавальны марш»

Гісторыя Алеся

– У 2007 годзе я вучыўся ў архітэктурна-будаўнічым каледжы і пакрысе займаўся рознымі грамадска-палітычнымі дзвіжухамі. Мне было 17. Тады студэнтам адмянілі льготы, але праходзіла гэта неяк незаўважна, а таму мы з сябрамі вырашылі правесці некалькі акцый, каб прыцягнуць увагу да праблемы. Напрыклад, Дзень «труса» – апраналі вушы, ездзілі ў грамадскім транспарце. Нават ладзілі пахаванне студэнцкіх ільгот – сапраўднае, з труной, дамавінай, смерцю з касой, плакальшчыцамі. Я граў на баяне пахавальны марш. Мы весела рушылі з «Макдака» на Нямізе ў Траецкае, але пад мостам нас спынілі і «закаталі» ўсю кампанію, забралі шэсць чалавек.

Тут мы і зразумелі, што ў Беларусі няма арганізацый, якія займаюцца студэнтамі і іх правамі. Таму ў сакавіку 2008 заснавалі «Студэнцкую Раду», а каб не падпасці пад артыкул 193.1, зарэгістравалі прафсаюзную групу ўнутры Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці.

Працы было надзвычай шмат, не ведалі, за што хапацца: то займаліся адукацыйнымі семінарамі для студэнтаў, пасля кінуліся ў даследчую дзейнасць – да нас жа правы студэнтаў наогул ніхто не чапаў. У 2008 рабілі на базе майго тэхнікума даследаванне органаў студэнцкага самакіравання, каб зразумець, ці могуць навучэнцы рэальна ўплываць на месца, дзе яны вучацца. Раздавалі анкеты за 5 хвілін да заканчэння пары, сабралі 200 штук, прааналізавалі. Але хуценька мяне выклікалі на дыван і пачалі шчаміць. Маўляў, я рыхтую рэвалюцыю і развёў бурлівую падрыўную дзейнасць. Але не адлічылі. Перад выбарамі 2010 года, пакуль большасць канапавых змагароў маніторыла абнаўленні «Вконтакте», «Студэнцкая Рада» маніторыла датэрміновае галасаванне і тлумачыла студэнтам, як пазбегнуць гэтай прымушалаўкі. У нас нават была «гарачая лінія», усе парушэнні фіксаваліся. У 2010 быў неверагодны ціск на грамадскую супольнасць, сябраў арганізацыі абшуквалі ў межах крымінальнай справы па масавых беспарадках, таму частка з іх з’ехала, бо баялася пераследу. Тады мяне адлічылі з БНТУ, дзе я вучыўся на будаўніка. Паўгода мы з паплечнікамі і праваабаронцамі скардзіліся ў розныя інстанцыі – і дамагліся праз суд аднаўлення.

 

 

«Найбольшым попытам карысталася “бібліятэка” з цёцяй, якая займалася сэксам па тэлефоне. Такім чынам мы змагаемся са стэрэатыпамі»

Што робіць «Студэнцкая Рада»?

– У яе тры асноўныя кірункі: адукацыйны, інфармацыйна-асветніцкі і юрыдычная кансультацыя. «Студэнцкая Рада» ладзіць семінары на правах студэнтаў і чалавека ўвогуле. Кінапрагляды, выпуск інфармацыйных матэрыялаў – таксама наш фармат. Праводзіцца «Тыдзень Студэнта». Гэта такі брэнд, пад якім шмат недзяржаўных арганізацый ладзяць івэнты з агульнай ідэяй салідарнасці і самарэалізацыі. Семінары, кінаноч, дыскусіі, city game накшталт «Схопкі», кампанія пра тое, як атрымаць цалкам беларускамоўны студак…

Крута, што праз нашу актыўнасць і Тыдні Студэнта ўсё больш і больш студэнтаў лічаць, што іх прафесійнае свята не 25 студзеня, калі быў заснаваны МДУ, а 17 лістапада. Гэта сапраўды гістарычна вызначаны дзень, але гісторыя даволі крывавая. 28 кастрычніка 1939 года ў акупаванай фашыстамі Празе студэнты выйшлі на марш – ушанаваць гадавіну чэшскай дзяржаўнасці. Акупанты, канешне, усіх разагналі, а яшчэ і паранілі студэнта медыцынскага ўнівера. Яго пахаванне перарасло ў акцыю пратэсту, а раніцай 17 лістапада карнікі акружылі студэнцкія інтэрнаты актывістаў. 1200 чалавек арыштавалі і завезлі ў канцлагеры. Праз два гады свет вырашыў адзначаць той дзень як міжнародны – гэта салідарнасць, якая сапраўды перарабіла Еўропу.

Важная рэч, з якой мы таксама дапамагаем студэнтам, – юрыдычная кансультацыя па правах. Хочуць заперці на два гады ў аграгарадок ці адлічыць на апошнім курсе – нашы юрысты падказваюць, як можна гэтага пазбегнуць.

«СтудРада» таксама з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком «Жывых Бібліятэк» у Беларусі. «Жывыя Бібліятэкі» як фармат гадоў 15 таму прыдумалі датчане: ты прыходзіш у «бібліятэку», дзе замест кніг – людзі, якія распавядаюць свае гісторыі. Мы запрашаем распавесці пра сябе розную публіку – лесбіянку, чайлд-фры, раварыста, праваабаронцаў. Найбольшым попытам карысталася «бібліятэка» з цёцяй, якая займалася сэксам па тэлефоне. Такім чынам мы змагаемся са стэрэатыпамі. 

 

 

«Для дзяржавы самы просты стыль камунікацыі – ігнараванне»

Супрацоўніцтва з дзяржавай

– Як такім арганізацыям, тыпу нашай, супрацоўнічаць з дзяржавай? Ды ніяк. У конкурсах, калі размяркоўваецца дзяржпадтрымка, можа ўдзельнічаць толькі частка адабраных арганізацый. Мы туды, натуральна, не ўваходзім. Але мы і не просімся. Дзяржаве насамрэч не трэба распрацоўваць складаныя праграмы падтрымкі, укладаць сродкі. Галоўнае – не замінайце нам рабіць тое, што мы робім.

Міністэрствы і недзяржаўныя арганізацыі ў Беларусі – гэта наогул неспалучальныя рэчы. Мы маем незалежную пазіцыю і крытыкуем, таму для дзяржавы мы не партнёры, а, хутчэй, стрэмка ў срацы. Вось дзяржава і выбірае самы просты стыль камунікацыі – ігнараванне.

Але невялічкія пазітыўныя зрухі ўсё ж ёсць. Напрыклад, пры ААН стварылі моладзевы кансультацыйны савет, каб улічваць голас моладзі, калі прымаюцца нейкія рашэнні па маладзёнах. У нас там добрая кааліцыя, БРСМ няма. У асноўным усе прадстаўляюць дэмакратычныя арганізацыі. Затое калі нас «прысвячалі» – выдавалі модны сертыфікат Advisory panel, флэшачкі, там, кубачкі, – прыехала БТ і здымала толькі хлопцаў з БелАЮ. Можа думалі, што белаюшнікі не накасячаць і нічога дрэннага публічна не скажуць.

Задумка кансультацыйнага савета добрая, але рэалізацыя пакідае пытанні: як і заўсёды ў нас – стварыць стварылі, а чым займацца, ніхто не ведае. Напрыклад, распрацавалі Моладзевую стратэгію на 2015–2020 год і кажуць: «Паважаная моладзь, выкажыцеся, змяніце, што не падабаецца». Мы ўзрушыліся, склалі спіс дапаўненняў, маўляў, трэба ўцягваць у афіцыйную дзейнасць і незарэгістраваныя арганізацыі, бо яны дастаткова актыўныя. На што нам адказваюць: nice try, але гэтая стратэгія ўжо рэалізуецца. Дык а на фіга нам тады яе далі? Так што мы проста выпусцілі рэкамендацыю, уключна з даследаваннем пра стан моладзі і арганізацый, якую павінны ўлічыць пры распрацоўцы новай стратэгіі – на 2020–2025.

 

 

«Марш салідарнасці, калі проста ідуць, нічога не скандуюць, нічога не грамяць, – ужо крайняя ступень радыкалізацыі»

Пра пакаленні

– Такія складаныя тэмы, як абарона правоў, не маюць асаблівай змены пакаленняў. Зараз моладзь больш арыентаваная на практыку, ёй патрэбная кампетэнцыя, якая паможа знайсці добрую працу і зашыбаць бабло. А валанцёрыць ніхто не хоча. Да таго ж мала хто разумее, што такое НДА, навошта яны. Ды і крытычна мысліць не трэба. «Будзь як усе» – вось дэвіз пакалення. Нават мама часцяком гаворыць мне: «Саша, куды ты лезеш? Ты мяне хочаш у труну загнаць?»

Але надзея ёсць. Тыя ж Students against, якія выходзілі супраць платных адпрацовак у БДУ. Перад гэтым яны 2,5 тысячы подпісаў сабралі за адмену, пайшлі да рэктара, а ён іх нават слухаць не стаў. І хлопцы вырашылі зрабіць «Марш кахання і салідарнасці» – ніякага крыміналу і палітычных лозунгаў. Но самае цікавае ў тым, што зараз вырасла пакаленне студэнтаў, якія не бачылі ніякай актыўнасці, для іх нават такі марш салідарнасці, калі проста ідуць, нічога не скандуюць, нічога не грамяць, – ужо крайняя ступень радыкалізацыі. Мы як «СтудРада» іх прынцыпова ніяк не накіроўваем.

 

Будучыня

– Зараз (у 2019-м – заўв. 34) я стараюся адыйсці ад паўнавартаснага ўцягнення ў дзейнасьць грамадскіх арганізацый і ў «СтудРадзе» на дадзены момант актыўна не ўдзельнічаю, толькі як вонкавы эксперт і кансультант.

Я займаюся перакваліфікацыяй ва ўрбаністычную тэматыку ў межах дзейнасці ініцыятывы «Добры горад», працай у «Цэнтры новых ідэй» і разьвіццём аматарскай футбольнай каманды «Аўтазак». 

Хачу быць як Купала. Каб у будучыні нашчадкі маглі сказаць, што я сыграў ролю ў станаўленні беларускага дэмакратычнага грамадства. Ну, гэта ў ідэале. А мінімум, хочацца зрабіць нешта каштоўнае і грунтоўнае, таму гэта ў першую чаргу не дазваляе кінуць справы. А правы трэба вывучаць нават толькі для таго, каб мець магчымасць жыць у прававой дзяржаве.

 

 

Тэкст by Nasta Eroha

Фота by Kate Ignashevich