10 дакументалак пра тое, што адбываецца ў Беларусі
- 09.02.2021
- 8075
Фільм Аляксея Палуяна «Смеласць» («Courage») пра Беларускі Свабодны тэатр і Беларусь 2020-га ўжо паспеў атрымаць прыз Current Time TV Award Балтыйскага кінафоруму для дакументалістаў, але на шырокія экраны пакуль не выйшаў. Чакаем. І рэкамендуем іншыя работы класных рэжысёраў пра тое, што з намі адбываецца.
«Беларусь: маршрут перабудаваны»
(«Настоящее время»)
Размовы ў таксоўцы – дакладны градуснік народных настрояў. Хочаш ведаць, якой была сярэдняя тэмпература па палаце за месяц да прэзідэнцкіх выбараў? Максім Швед запрашае цябе зазірнуць у салон аўто Ганны Міхайлаўны з Баранавічаў і Пашы з Менска. Паслухай людзей, якія едуць з імі і дзеляцца сваімі «ашчушчэніямі».
«Мы не знали друг друга до этого лета»
(«Настоящее время»)
Фільм Вольгі Абрамчык адметны у першую чаргу тым, што ён ад пачатку да канца складаецца з UGC-кантэнту, гэта значыцца матэрыялаў, якія знялі і далі ў агульны доступ самі відавочцы ды ўдзельнікі падзей. Атрымаўся яскравы дакумент часу, калі кожны сам сабе рэжысёр і аператар, а за сцэнар і худчасть адказвае само жыццё. Відэа знятыя ў інтэрвале з 9 да 16 жніўня. Глядзець без эмоцый не атрымаецца.
«Муры»
(«Белсат»)
Рэпартаж Андрэя Куцілы з-пад ізалятара на Акрэсціна. У ноч з 13 на 14 жніўня з турмаў пачалі масава вызваляць пратэстоўцаў, затрыманых пасля выбараў. У сюжэце сотні сваякоў шукаюць і чакаюць сваіх родных пад мурамі. Яны без эківокаў выказваюцца наконт таго, што адбываецца ў краіне. Сярод зняволеных – сястра Андрэя з мужам.
«Людзі пад загадам»
(Onliner)
Супрацоўнікі УУС, ДАІ, Следчага камітэта і арміі распавядаюць пра тое, што яны бачылі на свае вочы 9-12 жніўня, якая атмасфера панавала сярод калег, якія загады былі ім аддадзеныя і чаму не ўсе змаглі працаваць у сілавых структурах пасля таго, што адбылося.
«Belarus: personal stories from a country in turmoil»
(The Guardian)
Альманах беларускіх дакументалістаў, тры асабістыя гісторыі. Максім Швед у фармаце відэадзённіка распавядае пра тое, як падчас здымак іншага фільма яго збілі амапаўцы, і пра тое, як змяніўся Менск за пяць сутак у СІЗА. Кацярына Маркавец паказвае, як валанцёр-псіхолаг працуе з ахвярамі міліцэйскага гвалту, а потым сам мае патрэбу ў дапамозе. Андрэй Куціла дае партрэт смелай журналісткі дзяржтэлеканала, якую збілі на мітынгу. Зборнік не рэпартажны, а хутчэй рэфлексіўны. Тым больш крыўдна за такі сціплы хранаметраж – 20 хвілін.
Фільм пра Мікіту Крыўцова
(«ЧестнОК»)
28-гадовы фанат ФК «Маладзечна» Мікіта Крыўцоў 9-га жніўня смела выйшаў на плошчу свайго горада з бчб-сцягам. 11-га ён паехаў на працу і знік. 22-га Мікіту знайшлі мёртвым у менскім парку. МУС прытрымліваецца версіі суіцыду, з блізкіх Крыўцова ў такое не верыць ніхто. Youtube-праект партала Tribuna.com праводзіць уласнае расследаванне і распавядае гісторыю аб тым, чым жыў і гарэў Мікіта.
Адзін дзень з аб’яднаным штабам
(TUT.BY)
Аляксей Суднікаў сустрэўся з «баявымі сяброўкамі» раніцай у Бабруйску, паехаў з імі ў Жлобін і Рэчыцу, пабываў на вялікім мітынгу ў Гомелі і падслухаў размовы за вячэрай – пачкам чыпсаў на траіх. Тады Святлана Ціханоўская збірала публіку, як рок-зорка. Сёння ж галоўныя гераіні і героі відэа або сядзяць у турме, або знаходзяцца за мяжой.
«Я – Святлана Ціханоўская»
(«Настоящее время»)
Тут гісторыя Святланы Ціханоўскай напісаная на вялізным палатне часу. Алесь Лапо прасачыў шлях «хатняй гаспадыні з катлетамі» ад моманту агітацыі на выбарах да пачатку жнівеньскіх пратэстаў. Дарэчы, у адным з кадраў Святлана прызнаецца, што ніводнага рэцэпту катлет яна не ведае.
«Купалаўцы. Паміж мінулым і будучыняй»
(«Тэлебудка»)
Журналіст і прадзюсар Сяргей Будкін гутарыць з акторкамі Зояй Белахвосцік, якая звольнілася з Купалаўскага тэатра разам з большай часткай трупы, і з Зінаідай Зубковай, якая вырашыла застацца, з мастацкім кіраўніком Мікалаем Пінігіным і артыстам Іванам Трусам. Дакументуецца важная гісторыя пра веліч, гонар, годнасць і творцу.
Стрым Euroradio з праўладнага мітынгу на Камароўцы
Бонус для аматараў антрапалогіі. Не кіно, але быццам кіно. Журналіст Павел Свярдлоў зазірнуў на ябацінг-рэйв, дзе даведаўся пра сябе шмат дзіўнага і ледзь збярог нятанную тэхніку ды сваю прычоску. Персанажы стрыму – каларытныя прыхільнікі Лукашэнкі, якія «прыехалі з Парыжа», любяць Расію і крыху сумуюць ад таго, што іх дзецям давялося з'ехаць у Польшчу па лепшае жыццё.
P.S. Чытачам-зумерам рэкамендуем да прагляду таксама беларускую класіку – «Звычайны прэзідэнт» Юрыя Хашчавацкага. Док выпусцілі ў 1996-м, але там ёсць адказы на многія сённяшнія пытанні ў стылі «ну як? як так выйшла?». Да таго ж «Звычайны прэзідэнт» па-ранейшаму смешны: чаго толькі варты незабыўны маналог Аляксандра Лукашэнкі пра тое, які ж слаўны быў Гітлер для Германіі!
Фота: palasatka