З днём куліка!

Мы любім усе фэсты радзімы, і таму ў мінулую суботу не маглі скіпануць аднадзённы Фестываль кулікоў, што зладзілі ў Тураве прыродаахоўцы разам з грамадскаю арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Крыжуючы пальцы за веснавое надвор’е, мы выправіліся на поўдзень радзімы, каб зафіксаваць падзею на фотастужку.

 

Тураўскі луг, або тураўскае балонне – унікальная экасістэма плошчаю каля 140 га ў пойме ракі Прыпяць. Гэта адное з самых вялікіх месцаў міграцыйных канцэнтрацыяў водна-балотных птушак – каля 200 тыс. птушыных харчуюцца тут пасля веснавой паводкі. Сярод сталых «жыхароў» і залётных мігрантаў, што ляцяць у Міжземнамор’е ды Афрыку, – зуёк вялікі, марадунка, крывок, дубальт, кулік-цякун, баталён, гусь-піскулька – агулам арнітолагі налічылі тут 50 відаў водна-балотных птушак, чвэрць якіх занесеныя ў Чырвоную кнігу. У 2008 годзе мясціна атрымала міжнародны статус як тэрыторыя, важная для птушак, а таксама тытул біялагічнага заказніку. Працаўнікі АПБ не толькі адкрылі ў Тураве станцыю кальцавання, але сёмы год запар ладзяць дзвіж дзеля распаўсюду інфармацыі пра ўнікальнае месца.

Нягледзячы на нестабільнае надвор’е ў краіне, фестываль прайшоў пад бясхмарным небам і квітучымі дрэвамі на беразе ракі. Плошчу непадалёк ад старажытнага гарадзішча арганізатары ператварылі ў фестывальную пляцоўку, па адным боку якой месціліся кропкі з сувенірнымі вырабамі тураўскіх майстроў, палявы прычэп з юшкаю ды крама з жывою рыбай. Насупраць размясціліся споты, дзе гасцям прапаноўвалі адправіць паштоўку птушынаю поштай, намаляваць куліка на паперы або на ўласнай скуры, зрабіць адмысловы флікер ці сувенір з воўны. Валанцёры працавалі ў асноўным з дзецьмі, але дарослым у творчым баўленні часу таксама не адмаўлялі.

 

 

Іншаю забавай сталіся экскурсіі ў пункт назірання за птушкамі ды на станцыю кальцавання. На луг усіх зацікаўленых вазілі на фурманках з сенам, а некаторым шчасліўчыкам нават давалі выпусціць на волю акальцаваных птушак. За разагрэў на танцпляцы адказваў KorneJ, якога змянілі сталічныя гурты «РЭХА», «Нагуаль» і «Разбітае сэрца пацана». Мясцовыя дзеці спачатку недаверліва глядзелі на тых выступоўцаў, але пасля выстраіліся ў чаргу за аўтографамі. Здаецца, у гэты дзень усё склалася – кулікі ды беларускія музыкі атрымалі сваю хвіліну славы.

 


COMMENTS (4)

Ксю
Ксю | 27.04.2016 15:17

супер!

2 0 +2
настя м.
настя м. | 26.04.2016 14:31

Класс)
Так приятно смотреть на улыбающиеся лица бабулек и детей)
Для них это что-то совсем новое)
Здорово,молодцы!
По больше бы таких вылазок

6 0 +6
Дина
Дина | 26.04.2016 10:49

Кулики такие прикольные))

6 0 +6
Andrei
Andrei | 26.04.2016 05:44

keep writing

5 1 +4