Як законна трымаць хатнюю жывёлу?

 
Праект закона «Аб абыходжанні з жывёламі», праца над якім ішла даволі марудна, 20 красавіка адправілі на разгляд у Палату прадстаўнікоў пасля некалькіх дапрацовак, ініцыяваных зааабарончымі арганізацыямі. Цяпер шанец, што законапраект пройдзе, амаль 100%, а таму раім прыгледзецца да яго пільней. Асабліва калі вырашыш прыдбаць новага чатырохлапага чальца сям'і. Адразу кажам: пакінем па-за межамі артыкула сабак-павадыроў і службовых, а таксама экстрэмальныя кейсы тыпу рысяў, зуброў і атрутных змей у менскіх кватэрах.
 
 
Якіх жывёл можна трымаць у гарадской кватэры?

  Натуральна, катоў і сабак. З птушак можаш прапісаць у сваёй хаце не толькі канарэйку з какаду, але і варон, галак, сініц, драздоў, аролаў-маркутаў, сокалаў-падарожнікаў і нават таўстадзюбаў (іх можна завесці праз адну толькі назву). Акрамя пацукоў і марскіх свінак, трымай на здароўе вавёрак, шыншылаў і дэгу ці нават можаш заснаваць невялічкую трусіную ферму на гаўбцы. А вось калі ты амбіцыйна замахнешся на пакупку хамяка звычайнага, гэта ўжо будзе парушэннем закона. Астатнія хамякі, а таксама тхары і вожыкі дазваляюцца. У спіс легальных хатніх жывёл уваходзяць таксама неатрутныя земнаводныя, паўзуны, рыбкі ды суставаногія з казюркамі. Карацей, павукі-птушкаеды, вужы і нават скарпіёны – ок.

 

Колькі сабак ці кошак дазваляецца?

  Калі ў кватэры, дзе ты жывеш, адзін уладальнік, то запомні магічную лічбу «два»: два каты, два сабакі ці кот з сабакам. У тым выпадку, калі ўладальнікаў некалькі, дазваляюць трымаць максімум адну котку ці аднаго сабаку на сям’ю. Наконт дробных звяркоў настолькі суворых абмежаванняў няма. Уладальнікі прыватных дамоў таксама могуць выдыхнуць – іх абмежаванне не кране.

 

Ну вось завёў я шчанюка ці коціка, і што цяпер?

  Да трох месяцаў можаш чыліць і ў вус не дзьмуць. Пасля – кіруйся наўпрост у ЖЭС, каб зарэгістраваць свайго сабаку ці ката – для гэтага трэба заплаціць ад 0,5 да 1,5 базавай. Жывёліну занясуць у спецыяльны журнал і выпішуць уліковую картку. Плануецца, што ЖЭС будзе выдаваць спецыяльныя жэтоны, якія можна, напрыклад, нашыць сабаку на нашыйнік, але на практыцы такога яшчэ няма. Будзь рашучым: часцяком цётачкі з ЖЭСу просяць забіць і не рэгістраваць жывёлку, бо не ведаюць, як гэта робіцца.

  Пасля рэгістрацыі ў жыроўцы з’явіцца яшчэ адзін артыкул выдаткаў: падатак на валоданне сабакам. Невялікія пароды сабак да 40 см у карку – 0,5 базавай, 40-70 см – 1 базавая, болей 70 – 1,5 базавай. Апошні пункт тычыцца і патэнцыйна небяспечных відаў. Калі што, базавая зараз складае BYR 210 000. Можаш зарэгістраваць сабаку на свайго дзеда ці бабулю – пенсіянеры, якія не працуюць, плацяць падатак па стаўцы 0%. З коткі і іншых жывел плаціць падатак не трэба.

  Таксама табе прыйдзецца стаць нефіговым дрэсіроўшчыкам: паводле законапраекту, жывёлы павінны сядзець ціха з 23.00 да 07.00.

 

Ці абавязковы чып для сабакі?

  Калі ў цябе пасяліўся які-небудзь шпіц, а не сабака патэнцыйна небяспечнай пароды, чыпаванне не абавязковае. Гаспадарам мастыфаў ды бультэр’ераў на працягу 10 дзён пасля рэгістрацыі трэба зазірнуць да ветэрынара і паставіць чып.

 

А праўда, што я не магу выгульваць сваю сабаку каля дома?

Сапраўды, на «прыдамовых» тэрыторыях выгульваць псіну нельга. Палётаць з асалодай і беспакарана сабачка можа толькі на спецыяльных пляцоўках для выгулу ці па агароджаным двары прыватнага дома. Спіс пляцовак вызначаецца кожным раёнам. За горадам можна тусіць дзе заўгодна.

  Сабака заўсёды павінен шпацыраваць на павадку і ў намордніку. Аднак, калі твайму гадаванцу яшчэ няма паўгода або яго рост у карку меней за 35 см, наморднік не абавязковы.

  Калі твой Бобік куснуў асабліва непрыемнага суседа ці пагрыз чыюсьці маёмасць, будзь гатовы заплаціць ад 10 да 30 базавых штрафу (BYR 2 100 000 – 6 300 000) або нават трапіць пад адміністрацыйны арышт.

 

Галоўнае пытанне: какашкі абавязкова збіраць?

  Упэўнены, што, калі ты сочыш за 34mag.net, табе не ўлом сабраць «бомбаклад» за сваім гадаванцам у поліэтыленавы кулёчак і данесці яго да бліжэйшага сметніка. Калі не, цябе абавяжа новы закон – згодна з ім гуляць з сабакам можна толькі з савочкам.

 

Ці можна прайсціся з сабакам па крамах?

  Прабач, але не. Нават самым выхаваным сабакам забаронена тусіць не толькі ў шопінг-молах, але і ў кавярнях і барах, школах ды ўніверах, на стадыёнах, кортах і басейнах і на іх тэрыторыі, а таксама на дзіцячых пляцоўках. Акей, калі на стадыёне ладзіцца дог-шоу, гэта правіла аўтаматычна не дзейнічае. Дарэчы, прывязваць сабачку пад крамай, пакуль выбіраеш джынсікі ці ёгурт, таксама забаронена.

 
Як ездзіць з жывёлай у грамадскім транспарце?

  У метро сабаку, ката ці іншага сябра можна везці толькі ў пераносцы. З наземным транспартам трохі прасцей: кот ці птушка ў пераносцы, сабака – у пераносцы ці на павадку з наморднікам (да 35 см у карку можна абысціся адным павадком). Асобны талончык набываць не трэба. Калі твой сабака трапляе ў спіс патэнцыйна небяспечных парод, суправаджаць яго павінны два чалавекі.

  Калі ты вырашыў вывезці жывёліну на прыроду, правілы залежаць ад транспартнага сродку. «Мінсктранс» не супраць, калі сабака пракаціцца ў прыгарадным аўтобусе, нават даплачваць не прыйдзецца. Праўда, усіх, каго можна, просяць запхнуць у клеткі і пераноскі. Вялікага сабаку павінны суправаджаць пасажыры з 16 гадоў.

  У электрычцы таксама можна гнаць без дадатковага квітка ці выкупання месца. Праўда, па правілах, нават самаму салодкаму коргі прыйдзецца самотна ехаць у тамбуры.

  Іншая справа, калі ты вырашыш праехацца ў цягніку. Па-першае, спатрэбіцца ветэрынарнае пасведчанне ці даведка на жывёліну. Па-другое, давядзецца выкупіць цэлае купэ. Нават пры такім раскладзе котка павінна вандраваць у пераносцы, а сабака – сядзець на павадку.

 

Якім чынам узяць сабаку ў адпачынак?

  Для таго каб твой гадаванец трапіў у ЕЗ ці Вялікабрытанію, трэба правесці сур’ёзную падрыхтоўку: чыпаваць, завесці (калі няма) пашпарт і ўзяць даведку, а таксама зрабіць міжнародны сертыфікат, які выпісваюць у Дзяржаўным ветэрынарным наглядзе акурат у аэрапорце Мінск-2. Вывозіць жывёлу, маладзейшую за тры месяцы, нельга.

  У цягніку пракатвае толькі варыянт з 4 месцамі ў купэ, а з самалётам давядзецца пытаць пра правілы ў кожнага перавозчыка паасобку. Скажам адразу, што з лоўкостарамі – суцэльнае расчараванне: ні WizzAir, ні Ryanair жывёлу на борт не возьмуць, а вось ужо airBaltic з Vueling больш animal-friendly. «Звычайныя» авіялініі дазваляюць везці сабак і катоў да 8 кг (разам з клеткай) у салоне, а цяжэйшых – толькі ў грузавым адсеку.

 

Не дай божа, мой коцік памёр. Што тады?

  Па-першае, на працягу 10 дзён ты мусіш паведаміць пра гэта ў ЖЭС. Па-другое, хаваць жывёлак можна толькі ў спецыяльных месцах, дзе гэта дазволена. Канкрэтныя адрасы для раёна павінны падказаць у ЖЭСе. Штраф за незаконнае пахаванне – 1-15 базавых (BYR 210 000 – 3 150 000).

 

Ілюстрацыя by Sheeborshee

 


COMMENTS (7)

Алексей
Алексей | 26.12.2016 02:21

Люди против собачников:
кто кого? bouriac. narod. ru/DOGS. htm

0 0
Alina Radačynskaja | 4.06.2016 20:43

Па-другое, давядзецца выкупіць цэлае купэ. - гэта ж толькі сабак буйных парод датычыцца

0 1 -1
Барба
Барба | 10.06.2016 17:16

Увы, это не так

0 0
Ксана
Ксана | 3.06.2016 15:18

"Дубонос" па-беларуску - таўстадзюб!
Яны крутыя)

2 0 +2
Галина
Галина | 3.06.2016 13:21

Что касается "За горадам можна тусіць дзе заўгодна."
Законом «Аб абыходжанні з жывёламі» не регулируется, но знать полезно.
Если вы имеете привычку гулять с вашим лабрадором или Джек Рассел терьером по лесу без поводка, такие действия приравниваются к незаконной охоте караются штрафом. (Правила ведения охотничьего хозяйства и охоты)
Проверить, попадает ли ваша собака в список охотничьих, можно в приложениях к этим самым правилам.

1 0 +1
designer fake | 3.06.2016 13:12

"Да трох месяцаў можаш чыліць і ў вус не дзьмуць. Адсвяткаваўшы першы юбілей гадаванца, кіруйся наўпрост у ЖЭС, каб зарэгістраваць свайго сабаку ці ката – для гэтага трэба заплаціць ад 0,5 да 1,5 базавай. "

дык тры месяца ці юбілей?

0 1 -1
34mag
34mag | 3.06.2016 14:05

Дзякуй, выправілі

2 0 +2