Як я малявала фемінізм

 

Калі ты разумееш, што ўсё вакол прасякнута гендарнай няроўнасцю, нават думкі пра сябе, пачынаеш выходзіць з матрыцы і адчуваць рыпенне сэксісцкага пяску на зубах. У новай серыі E-quality – відэапраекту пра гендар і жаночыя правы – дызайнерка Маша Кірыльчык распавядае, як праз дыплом у дзяржуніверы ўвасобіць ідэалы дэвізу «Свабода! Роўнасць! Сястрынства!».

 

 

Маша Кірыльчык – фатографка, дызайнерка, скончыла факультэт дызайну ў Акадэміі мастацтваў, выпускніца канцэнтрацыі ECLAB «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка». Цікавіцца гендарам, філасофіяй і псіхааналізам, сваю дыпломную працу ў БДАМ рабіла на тэму правоў жанчын, хоць гэта і спаткала некаторы супраціў з боку ўніверсітэцкай адміністрацыі. Глядзім яе гісторыю!

 

 

 

 

 

 

Серыя плакатаў

 

8 сакавіка – міжнародны дзень барацьбы за правы жанчын

Асноўны сімвал плаката – лічба 8, якая пры павароце ператвараецца ў знак бясконцасці: бясконцае хаджэнне па коле фемінісцкага руху. Васьмёрка патрапаная і працёртая, як дарога, па якой хадзілі неаднаразова. Чаравікі – сімвал жанчыны з дзвюма супрацьлеглымі ўласцівасцямі: так званая «прыгожая жаноцкасць», лёгкасць і некамфортны, няўстойлівы і хваравіты шлях, які праходзяць жанчыны, абіраючы чаравікі на нязручных высокіх абцасах.

11 кастрычніка – міжнародны дзень дзяўчынак

Упершыню дзень дзяўчынак адзначаўся ў 2012 годзе. Кожны раз ён падымае канкрэтную тэму: дзіцячы шлюб, адукацыя дзяўчынак, гвалт, падлеткавы ўзрост. На плакаце намаляваная коска – сімвал дзяцінства дзяўчынак, традыцыйная прычоска ранняга ўзросту – і бездапаможныя тонкія ручкі, зацягнутыя ў касу. Гвалт і безвыходнасць на фоне агульнай праблемы – тэма гэтага плаката.

 

 

15 кастрычніка – міжнародны дзень барацьбы супраць раку малочнай залозы

Рак малочнай залозы сярод анкалагічных захворванняў жанчын займае 1-е месца, прычым захворванне пастаянна расце. Ружовая стужка на плакаце сімвалізуе барацьбу супраць рака грудзей. Адна частка стужкі пераходзіць у чорную – у памяць пра тых, хто загінуў праз хваробу. У сярэдзіне стужкі ўмоўна намаляваны сілуэт грудзей і малочнай залозы, каб лепей разумець значэнне ружовага колеру (чырвоная стужка – сімвал барацьбы са СНІДам, аранжавая і белая – з гвалтам супраць жанчын).

25 лістапада – міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын

У плакаце выкарыстаны жаночы сімвал – «люстэрка Венеры» – перакулены на 180 градусаў, быццам сілуэт магілы з крыжам на вяршыні. Па дадзеных ААН, 35% жанчын і дзяўчынак падвяргаюцца фізічнаму і / або сэксуальнаму гвалту на працягу жыцця. У некаторых краінах гэты паказчык складае сем з дзесяці. Гвалт у адносінах да жанчын і дзяўчынак не з’яўляецца непазбежным. Папярэджанне магчыма і неабходна.

 

 

Свабода! Роўнасць! Сястрынства!

«Свабода, роўнасць, братэрства» (фр. Liberté, Égalité, Fraternité) – нацыянальны дэвіз Французскай Рэспублікі, які бярэ свой пачатак з часоў Вялікай французскай рэвалюцыі. Ён тут не выпадкова: якраз у часы Французскай рэвалюцыі распачынаецца рух за правы жанчын. Сама фраза «Свабода! Роўнасць! Сястрынства!» не выключае жанчын і кансалідуе ўсіх на роўных правах.

ААН-жанчыны

ААН пастаянна сутыкаецца з праблемамі фінансавання гендарных праграм. Структура «ААН-жанчыны» была створана для вырашэння менавіта гэтых праблем. На плакаце выкарыстаны сімвал жаночага гендару, які замяняе другую літару «О» ў слове «ООН» і візуальна ўключае жанчын у вобраз ААН.

 

 
 

 

 

 

Серыя паштовак

 

 

Серыя паштовак распрацоўвалася на раннім этапе, калі дыплом насіў кодавую назву «Вялікія жанчыны 20 стагоддзя». Выбарка ў ёй абсалютна суб’ектыўная, а серыю можна працягваць бясконца, бо пра кожную жанчыну ў гісторыі знойдзецца што сказаць.

Запомнілася пытанне ад аматараў балета, чаму я абрала менавіта Маю Плісецкую, бо былі і іншыя, не менш таленавітыя і вядомыя танцоркі. Я натхнілася выбарам Плісецкай, бо справа яе жыцця стала больш моцным запалам, чым дзетародства. Адсутнасць дзяцей не робіць жанчыну менш паспяховай. Я ніяк не збіраюся прыніжаць мацярынства: мне трэба было паказаць прыклад, адрозны ад традыцыйнай праграмы для жанчыны «сям’я-муж-дзеці».

З Марыяй Складоўскай-Кюры была іншая гісторыя. Перадусім гэта першая жанчына ў гісторыі, якая атрымала Нобелеўскую прэмію, да таго ж гэта першая жанчына ў гісторыі, якая атрымала дзве прэміі, што наогул не перашкаджала ёй быць замужам і нарадзіць дачку, якая затым таксама атрымала Нобелеўскую прэмію. Прыкол яшчэ ў тым, што, нягледзячы на яе прафесійную кампетэнцыю, Нобелеўскія прэміі, уклад у навуку і сусветнае прызнанне, пасля запрашэння Кюры на месца выкладчыцы ў Сарбону (таксама ўпершыню ў гісторыі!) усе мужчыны-выкладчыкі выказалі бурны пратэст. Вось вам і двойчы нобелеўская лаўрэатка.

 

 

 

Відэа by Наташа Зінкевіч і Караліна Палякова

 


COMMENTS (2)

Анатольевіч | 5.10.2016 00:10

Хлопцы, шукаю вашы дэматыватары, тыя дзе яшчэ знакаміты "Каліноўскі не змог і ты не зможаш" быў. Дзе іх можна знайсці? Бо спасылка на навіну з імі не працуе.

3 1 +2
ліза
ліза | 5.10.2016 21:08

вось менавіта пад гэтым пастом звяртацца да рэдакцыі "хлопцы" - вельмі іранічна

17 1 +16