Як паводзіць сябе пры тэракце?

 

Нельга сказаць, што мы жывем у спакойны час. Выбухі, захопы закладнікаў, страляніна здараюцца з трагічнай перыядычнасцю ў розных пунктах свету. Апынуцца ў надзвычайнай сітуацыі можа кожны з нас, незалежна ад месца знаходжання і жыццёвых звычак. Таму мы распрацавалі невялікі агляд, як сябе паводзіць, калі вакол паніка і тэрор.

 

Увага

  Перш за ўсё трэба вызваліць частку адвольнай увагі і заўсёды памятаць, што месцы масавага знаходжання людзей з’яўляюцца тэрыторыяй патэнцыяльнай пагрозы тэракту. Таму, калі ты спускаешся ў метро, закупляешся на калядным кірмашы або весялішся на канцэрце, азірні мімаходам прастору і адзнач для сябе, дзе знаходзяцца асноўныя і аварыйныя выхады з памяшкання.

  Падчас надзвычайных здарэнняў мабільная сетка, хутчэй за ўсё, не будзе працаваць з-за перагрузу, таму загадзя дамоўся з блізкімі пра месца сустрэчы, дзе вы зможаце знайсці адно аднаго ў надзвычайнай сітуацыі. Пры магчымасці карыстайся функцыяй паведамлення ў «Фэйсбуку», што з табой усё ў парадку.

 

Здарэнне

  На месцы здарэння ніколі не карыстайся ліфтамі для эвакуацыі. Па-першае, механізм можа быць пашкоджаны. Па-другое, спалоханыя людзі звычайна бягуць менавіта да ліфтаў, таму там будзе цісканіна і паніка.

  Перш чым адчыніць дзверы, дакраніся да іх. Калі яны гарачыя, то там бушуе пажар і лепш пашукаць іншы выхад. Калі самастойна выйсці няма магчымасці, вывесі з балкона ці з вакна яркую анучу, каб цябе хутчэй заўважылі і эвакуявалі.

  Дыхай праз хустку ці адзенне пры задымленасці, калі ёсць вада – намачы тканіну.

  Не далучайся да натоўпу, як бы табе ні хацелася паглядзець на месца здарэння.

  Калі ты апынаешся ў натоўпе, дазволь яму несці цябе, але паспрабуй адтуль выбрацца. Ухіляйся ад усяго нерухомага на шляху – слупоў, тумбаў, сценаў, дрэваў, інакш цябе могуць проста раздушыць. Адкінь сумку, парасон, здымі шалік. Калі ў цябе нешта ўпала, не спрабуй гэта падняць. Не трымай рукі ў кішэнях, абараняй дыяфрагму счэпленымі ў замок рукамі, склаўшы іх на грудзях. Галоўная задача ў натоўпе – не ўпасці. Калі гэта ўсё ж здарылася, абараняй галаву рукамі і неадкладна ўставай. Падняцца з каленяў у шчыльным людскім патоку наўрад ці ўдасца, таму адной нагой (поўнай падэшвай) трэба ўперціся ў зямлю ці падлогу і рэзка ўстаць, выкарыстоўваючы рух натоўпу.

  Калі на вуліцы або ў памяшканні ты чуеш стрэлы ці выбух, адразу кладзіся і закрывай галаву рукамі. Пасля агледзься, каб знайсці схованку: падыдзе канава, бардзюр, рог будынка, помнік – перапаўзі туды. Памятай: аўтамабіль – не лепшая загарода, бо ягоны метал тонкі, а паліва – выбуханебяспечнае. Ніколі не бяжы: сілавікі цябе могуць прыняць за злачынца, а тэрарысты – за чарговую мішэнь. Далей перасоўвайся ў той бок, дзе няма агню і дыму.

  Калі побач ёсць пацярпелыя, акажы першую дапамогу: спыніць крывацёк можна, перацягнуўшы месца вышэй ранення рэменем або чымсьці іншым, падобным да жгута. Калі ў пацярпелага няма пераломаў, пакладзі яго на бок, бо ён можа захлынуцца ванітамі ці задыхнуцца.

  Калі здарэнне адбылося ў метро, людзей занадта шмат, а эскалатары ды лесвіцы заблакаваныя натоўпам, лепш саскоквай на рэйкі і сыходзь у тунэль. Ведай, што рэйкі самі па сабе не знаходзяцца пад напругай, пад напругай толькі кантактная рэйка, якая звычайна месціцца злева па ходзе руху цягніка, а на станцыях – пад перонам.

 

У закладніках

  Толькі ў момант захопу закладнікаў ёсць рэальная магчымасць уцячы з месца здарэння. Калі не атрымалася, то лепей супакоіць сябе і маральна падрыхтавацца да цяжкай сітуацыі: цябе могуць абражаць, зневажаць і збіваць.

  Не аказвай тэрарыстам супраціву, не спрабуй уступаць з імі ў гутарку, не імкніся разжаліць іх ці адгаварыць ад дзеянняў. Кажы спакойным голасам, пазбягай абуральнага, варожага тону. Выконвай іх патрабаванні i не рэагуй на іх выпады ў дачыненні да іншых закладнікаў. Так ты менш рызыкуеш сваім жыццём і жыццём людзей побач.

  На любыя дзеянні – сесці, устаць, папіць, схадзіць у туалет – пытайся дазволу. Для падтрымання сілаў еш усё, што прапануюць. Сачы за чысцінёй і асабістай гігіенай, наколькі дазваляе сітуацыя.

  Фіксуй у памяці ўсе падзеі, якія суправаджаюць захоп. Гэтая інфармацыя будзе вельмі важнай для праваахоўных органаў.

  Калі пачаўся штурм, падай на падлогу і закрывай галаву рукамі, старайся пры гэтым заняць пазіцыю далей ад вокнаў і дзвярных праёмаў. Трымайся далей ад тэрарыстаў, таму што пры штурме па іх будуць страляць снайперы. Ні ў якім разе не бяжы насустрач супрацоўнікам спецслужбаў або ад іх, бо цябе могуць прыняць за злачынца.

 

 

Пад завалам

  Калі пасля выбуху ты знаходзішся пад абломкамі будынка, галоўнае не панікуй: у цябе лімітаваны кісларод.

  Паспрабуй голасам і гукамі прыцягнуць увагу людзей. Калі ты глыбока пад завалам, перакочвай з боку ў бок любы металічны прадмет, каб цябе мог засекчы рэхапеленгатар.

  Калі ёсць магчымасць, з дапамогай падручных прадметаў умацуй столь ад абвальвання і чакай дапамогі. Пры моцнай смазе пакладзі ў рот невялікі каменьчык і смакчы яго, дыхаючы носам.

 

 

Побач з месцам здарэння

  Аказвай пацярпелым дапамогу, калі не медыцынскую, дык псіхалагічную.

  Распавядзі спецслужбам, сведкам чаго ты быў ці была.

  Трымай уключанымі радыё або тэлебачанне для атрымання інфармацыі і магчымых інструкцый.

  Не трашчы без патрэбы па тэлефоне і не перагружай сеціва – так ты дазволіш іншым людзям паведаміць блізкім, што з імі ўсё ў парадку.

  Калі маеш машыну – дапамагай развозіць людзей. Калі непадалёку жывеш – размясці ахвяр у сябе. Памятай, што заўсёды можна апынуцца ў адваротнай сітуацыі.

 

Кантакт

   112 – адзіны еўрапейскі нумар тэлефона экстранных службаў.

 

 
Ілюстрацыя by Sheeborshee