Як абараніць свой твор ад крадзяжу?

 

У межах Тыдня беларускага мыслення ў Press Club прайшла сустрэча прадстаўнікоў масмедыя і юрыстаў. Тэма – крадзеж кантэнту і абарона аўтарскіх правоў. Арганізатары мерапрыемства настойваюць на тым, што цяпер час пераходзіць да больш цывілізаваных адносінаў у медыясферы, таму, пакуль мы не пачнем бараніць свае правы, у гэтай краіне нічога не зменіцца. Экспертамі выступілі юрысты Марыя Колесава-Гудзіліна і Сяргей Зікрацкі, якія распавялі пра тонкасці беларускага заканадаўства ў сферы аўтарскага права. Ніжэй – канспект топіка.

 

У чым праблема?

 

Пастаянна ўзнікаюць сітуацыі, калі адныя выданні без запыту бяруць кантэнт іншых выданняў ці аўтараў, тым самым парушаючы аўтарскія правы. Самы паказальны прыклад апошняга часу – кейс фатографа Антона Матолькі.

 

Якія нюансы ў аўтарскага права?

Падрабязней мы ўжо пісалі, як працуе аўтарскае права. Дамо тут кароткія вытрымкі.

Аўтарскае права на твор узнікае ў момант яго стварэння, а не якой-небудзь рэгістрацыі.

Аўтарскае права не залежыць ад прызначэння і годнасці твора, а таксама спосабу яго выражэння.

Закон аб аўтарскім праве кажа пра некаторыя формы твораў, але гэта адкрыты пералік – заканадаўца свядома дапусціў, што элемент творчасці не ўкладаецца ў пэўныя рамкі.

Можна беспакарана выкарыстоўваць чужыя ідэі і канцэпцыі – яны не ахоўваюцца аўтарскім правам – пры ўмове, што іх рэалізацыя будзе самастойнай.

 

Як працуе аўтарскае права ў інтэрнэце?

Аўтарскае права працуе для любых твораў, якія існуюць у аб’ектыўнай форме: тэкст, фота, гука- і відэазапіс, вусныя прамовы, скульптуры, – незалежна, электронная яна ці аналагавая. Таму ў інтэрнэце закон працуе, як і ў гарадскім парку.

 

Як легальна перадаваць і атрымліваць кантэнт?

Твор можа быць выкарыстаны іншай асобай толькі са згоды аўтара і пры ўмове выплаты яму ўзнагароджання.

Але глава 4 Закона вызначае выпадкі, калі творы могуць быць выкарыстаны без згоды аўтара і ўзнагароды. Напрыклад, цытаванне, выразны аб'ём якога не прадугледжаны. Перад тым як прыводзіць цытату з якога-небудзь тэксту, спытай сябе: «Ці не зашмат я бяру?»

Калі ты выкарыстоўваеш чужы твор, абавязкова пазначай аўтара, а не толькі назву выдання, калі гаворка ідзе пра СМІ, – інакш гэта з'яўляецца крадзяжом. Пісаць гэта трэба ў самым пачатку артыкула.

Можна цалкам цытаваць артыкулы, але толькі калі яны раскрываюць цяперашнія эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя ці рэлігійныя пытанні, актуальныя на працягу прыкладна двух тыдняў. Забаўляльныя і аналітычныя артыкулы цалкам цытаваць нельга.

 

Як прадаць сваю працу, калі яна была зроблена для пэўнага выдання?

Калі ты штатна супрацоўнічаеш з якім-небудзь СМІ, то, хутчэй за ўсё, перадаеш выданню выключнае права на выкарыстанне сваіх работ. Калі ж паміж вамі няма дамовы, ты можаш перадаваць і прадаваць свае працы каму заўгодна і атрымліваць за гэта любы ганарар.

 

 

У мяне / майго выдання скралі кантэнт. Што рабіць?

Перш чым звяртацца ў суд, варта падаць прэтэнзію. Многія кейсы аб абароне аўтарскіх правоў вырашаюцца на гэтым этапе.

Калі без тваёй згоды прайгралі або апублікавалі твой твор, то ты праз суд можаш патрабаваць кампенсацыю за парушэнне маёмасных правоў – ад 10 да 50 000 базавых велічынь за кожнае парушэнне.

Калі парушаюцца асабістыя немаёмасныя правы – на імя, аўтарства, недатыкальнасць, – можна спагнаць кампенсацыю за маральную шкоду. Але гэта рэдка ўдаецца зрабіць паспяхова.

Каб звярнуцца ў суд для абароны аўтарскіх правоў, трэба заплаціць пошліну – 5% ад кошту іску за кампенсацыю маёмасных правоў і 20 базавых велічынь за абарону асабістых немаёмасных правоў. Таксама неабходная дапамога юрыста.

Можна звярнуцца з заявай у мясцовае РУУС, каб прыцягнуць адказчыка да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці. Ты зэканоміш грошы, але не нервы, таму што ў Беларусі такія кейсы на практыцы не працуюць.

 

Як абараніць свой кантэнт ад крадзяжу?

Напішы правілы перадруку сваіх матэрыялаў. Напрыклад, як у 34mag: «Пры выкарыстанні матэрыялаў 34mag.net актыўная гіперспасылка на старонку з арыгіналам публікацыі АБАВЯЗКОВАЯ. Спасылка мусіць быць заўважная і размяшчацца на пачатку матэрыялу».

Карыстайся Creative Commons.

 

 

Ілюстрацыя by Sheeborshee