Відэа-нявідэа: вар’яцкія кліпы

Ледзь не з самага дзяцінства кліпы для нас – асобны від медыйнага прадукту: кароткія, насычаныя сэнсамі music video можна глытаць як высокаактанавы канцэнтрат культурных кодаў. Асобным пунктам стаяць кліпы, якія жадаюць выклікаць эмоцыю: здзівіць, раздражніць, рассмяшыць, даць волю фантазіі. Звычайна ў іх сюжэт слаба звязаны з логікай ды інтэлектам. Сустракай падборку менавіта такіх музычных відэа з абсурдным, часам вар’яцкім відэашэрагам.

 

 

Tame Impala – The Less I Know The Better

 

 

Пачынаем нашую падборку дзікіх кліпаў, напэўна, з самай вядомай працы барселонскай прадакшн-кампаніі Canada – відэакліпа для аўстралійскіх псіхадэлічных рокераў сучаснай фармацыі Tame Impala. Мы даўно сочым за дзейнасцю каталонскіх кліпмэйкераў і заўжды здзіўляемся сакавітай карцінцы і асацыятыўным сюжэтам у іхніх працах. Тут – класічны любоўны трохкутнік: дзяўчына, хлапец… і гарыла. Масіўны прымат кожны раз аказваецца на крок наперадзе ў адносінах з дзяўчынай, а яна толькі і робіць, што забаўляецца з гіганцкім валасатым сябрам. Але гэта – усяго толькі ва ўяўленні беднага юнака, які баіцца страціць сваю каханую.

 

 

 

 

Massive Attack feat. Young Fathers – Voodoo In My Blood

 

 

Яшчэ адзін хіт ад трэндсэтараў сучаснасці – брытанскіх Massive Attack. Геніяльны відэашэраг: таленавітая Розамунд Пайк, графіка вышэйшай якасці і правільная музычная калабарацыя. Ідэя, вядома, ляжала на паверхні: кожны раз у пераходзе ля Камароўкі чакаеш такога развіцця падзей. Асабліва калі «Чорнага люстэрка» наглядзішся.

 

 

 

Valentino Khan – Deep Down Low

 

 

Звычайны вечар у японскай забягалаўцы, не звяртай увагі. Калі толькі, канешне, не пачуеш «дзіп, даўн, лоў» ад каліфарнійскага сябра Diploі Scrillex Валянціна Хана. Тады добра, калі пасля твар у цэласці вынесеш.

 

 

 

 

Bear In Heaven – Autumn

 

 

Жарты жартамі, але гэта па-сапраўднаму заборыстае дзярмо ад бруклінцаў Bear In Heaven. Прыбярыце ад экранаў людзей з эпілепсіяй, цяжарных, дзяцей і ўражлівых. У адмысловым настроі ці ў змененым стане гэтае відэа можа пагрузіць у транс, з якога не будзе шанцаў выйсці.

 

 

 

Is tropical – Dancing Anymore

 

 

Ніводнай выбаркі кліпаў без французскай школы. Студыя відэамэйкінгу Megaforce, усяго вам найлепшага і доўгіх гадоў жыцця. Па сюжэце падлетак застаецца сам-насам у асабняку, дзе павінен чысціць басейн. Вольнага часу шмат, таму можна трохі пазабавіцца, хоць і з самім сабой. Дакладней, са сваёй фантазіяй, з якой не патрэбен ніякі прэміум-рахунак на Pornhub.

 

 

 

 

DJ Snake feat. Lil Jon – Turn Down for What

 

 

Жадаем, каб наступная Hangover party прайшла ў такім жа духу.

 

 

 

OK Go – The One Moment

 

 

Вось гэта таймінг, нямецкія электрычкі абзайздросціліся б. Відаэшэраг для кліпа быў зняты за 4,2 секунды, але насычанасць падзей была такой вялікай, што экшну хапіла расцягнуць на чатыры з лішкам хвіліны. Майстэрская праца!

 

 

 

 

Bonobo – Kerala

 

 

Ужо на першай хвіліне хочацца ўтачыць рэжысёру кліпа, але потым быццам і цікава, што ж там за дзіўныя падзеі. Жартуем! Просты прыём паўтарэння так выдатна кладзецца на біт і выдае развіццё падзей порцыямі, быццам з чайнай лыжачкі кісель п’еш. Але ўтачыць рэжысёру ўсё роўна хочацца.

 

Падборку вар’яцкіх кліпаў рупліва збірала Sheeborshee
 

COMMENTS (2)

Slava Tsimoshchanka | 30.04.2017 12:47

a False alarm?

1 0 +1
Пека
Пека | 13.12.2016 15:05

Дичь)

5 0 +5