Украіна Freedom!

 

На мінулым тыдні культавы ўкраінскі паэт і пісьменнік Сяргей Жадан прэзентаваў у менскай галерэі «Ў» беларускамоўны пераклад рамана «Варашылаўград» (перакладчык – Віталь Латыш). Напісаны яшчэ пяць гадоў таму, раман распавядае пра даваенны Луганск – горад, побач з якім пісьменнік правёў сваё дзяцінства. Мы сустрэліся з аўтарам, каб даведацца апошнія навіны пра Украіну і ягоную творчасць.

 

Чым вы цяпер займаецеся?

– Колькі месяцаў таму ў нас з музыкантамі з «Собаки в Космосі» выйшаў чацвёрты студыйны альбом «Пси». З ім мы ездзілі па Украіне, выступалі ў Польшчы і Германіі. Цяпер у нас пачаліся канікулы. Акрамя таго, я напісаў кнігу вершаў, якая выйдзе напрыканцы жніўня. Зараз пішу раман пра вайну.

Праца цяжка, але ідзе. Бо пішаш пра тыя рэчы, пра якія да вайны не пісаў. І пра такія рэчы пісаць трэба па-іншаму. Пісаць пра такія рэчы, як пісалася раней, напэўна, ужо нельга. Таму шукаеш новыя словы, новыя інтанацыі, спрабуеш звесці ў нешта адзінае.

У нас з рэжысёрам і сузаснавальнікам радыё «Арыстакраты» Яраславам Ладыгіным ёсць ідэя зняць фільм па «Варашылаўградзе». Калі ўсё атрымаецца, пачнем здымаць яго ўжо ў гэтым годзе. Ідэя лунае ў паветры, разам з Яраславам мы нават напісалі першы варыянт сцэнара, які, праўда, нас не задаволіў. У выніку сцэнар напісала ўкраінская драматургеса Наталля Варажбіт.

«Праца цяжка, але ідзе. Бо пішаш пра тыя рэчы, пра якія да вайны не пісаў. І пра такія рэчы пісаць трэба па-іншаму»


Сяргей Міхалок выкладаў вашыя вершы на беларускай мове. Ці плануецца нейкі сумесны праект?

– Мы звязаліся з Сяргеем, размаўлялі з ім. Я напісаў яму тэкст. Ён паглядзеў мае новыя вершы, таксама нешта выбраў. Наколькі я разумею, ён хоча нешта зрабіць з гэтага. Калі спатрэбіцца, я напішу яшчэ для яго з задавальненнем, таму што я Міхалка люблю і паважаю як сімвал незалежнай Беларусі і з цікаўнасцю сачу за ўсім, што ён робіць.

 

 

 

У Беларусі ходзіць выраз «абы не было вайны». Ёсць меркаванне, што менавіта праз такі падыход тут немагчымыя радыкальныя змены. Ці няма ва Украіне расчараванасці Майданам і ягонымі наступствамі?

– Сярод часткі насельніцтва, безумоўна, ёсць такі настрой. Аднак людзі, якія імкнуцца аналізаваць, мысліць больш аб'ектыўна, разумеюць, што рэвалюцыі самі па сабе не ўзнікаюць. Кожная рэвалюцыя пачынаецца пасля таго, як наспявае рэвалюцыйная сітуацыя. Гэта такія рэчы, якія вельмі складана запланаваць. Вы ж разумееце, што ўсе заявы расійскай прапаганды пра праплачаную рэвалюцыю і пра тое, што рэвалюцыі рабілі амерыканцы, – гэта ўсё лухта і глупства. Рэвалюцыя ўзнікае ў той момант, калі людзі разумеюць, што без рэвалюцыі – немагчыма. І тут разлічыць, чым усё гэта скончыцца, вельмі складана. Таму, канешне, мы ўсе разумеем, што плацім вельмі высокі кошт за сваю свабоду, за сваю незалежнасць. Але, я думаю, тыя людзі, якія ішлі пад кулі снайпераў, і тыя людзі, якія ідуць сёння добраахвотнікамі на вайну, – разумеюць, што яны робяць.

Але вы неяк казалі, што вайну ва Украіне стараюцца не заўважаць, як быццам бы яе няма…

– Так, частка грамадзян Украіны спрабуе рабіць выгляд, што ніякай вайны няма. Што гэта проста выдумка палітыкаў, што палітыкі не могуць паміж сабой дамовіцца. Гэтыя настроі транслююцца, зноў жа, з боку Расіі. І для некаторых нашых суграмадзян яны вельмі зручныя. Але праблема ў тым, што вайна ёсць. Гэта вайна паміж Украінай і Расіяй. Гэта сур'ёзная сапраўдная вайна. Цягам гэтай вайны кожны дзень гінуць грамадзяне Украіны, гінуць салдаты, гіне мірнае насельніцтва. Можна, канешне, рабіць выгляд, што гэтага ўсяго няма, што гэта ўнутраны ўкраінскі канфлікт. Але дужа шмат аргументаў на карысць таго, што гэта вайна, якую пачала Расія, якую яна развязала на тэрыторыі суседняй дзяржавы.

 

«Канешне, мы ўсе разумеем, што плацім вельмі высокі кошт за сваю свабоду, за сваю незалежнасць. Але, я думаю, тыя людзі, якія ішлі пад кулі снайпераў, і тыя людзі, якія ідуць сёння добраахвотнікамі на вайну, – разумеюць, што яны робяць»


Як вы ставіцеся да таго, што Надзея Саўчанка (украінская лётчыца, якая ў 2014-м трапіла ў расійскі палон – 34mag) пасля вызвалення і вяртання стала адным з самых папулярных палітыкаў ва Украіне?

– Саўчанка – папулярны медыяперсанаж. Калі яна сядзела, мы ўсе яе неяк падтрымлівалі, перадавалі нашыя лісты, спрабавалі прыцягнуць увагу да гэтай праблемы. Цяпер яна вярнулася, і натуральна, што яна ў цэнтры ўвагі. Тым больш, што яна адразу з турмы вярнулася ў парламент, яна – дэпутат, палітык. Яна робіць нейкія першыя заявы, якія выклікаюць вялікі рэзананс, як станоўчы, так і адмоўны. Да таго, што яна кажа, я стаўлюся з увагай, мне падаецца, што Надзея – вельмі моцны чалавек. Чалавек са сваёй пазіцыяй, гатовы яе адстойваць да канца. Таму мне падаецца, што гэтая гісторыя з Саўчанка будзе мець свой працяг. Думаю, што заўтра пра яе не забудуць. Гэта сур’ёзна і надоўга.

 

 

 

Вы часта наведваеце Беларусь. Ці змяняюцца стасункі паміж беларусамі і ўкраінцамі?

– Апошні раз былі з музыкантамі ў Беларусі год таму, выступалі ў адным з вашых клубаў. І запісалі песню групы «Мроя» «Рок-музыкант», якая ёсць на альбоме. Мы актыўна граем яе на канцэртах і заўсёды запытваемся, ці ёсць у залі беларусы. І, дарэчы, вельмі многія адгукаюцца, амаль паўсюль ёсць беларусы.

 

 

Калі казаць пра літаратуру, то ў нас з беларусамі заўсёды былі цудоўныя стасункі. Вельмі многа ўзаемных перакладаў, пастаянна да вас прыязджаюць украінцы, адсюль да нас прыязджаюць пісьменнікі выступаць. Іншая справа, што ўсё гэта адбываецца на ўзроўні нейкіх прыватных ініцыятываў, не дзяржаўных, не глабальных. З аднаго боку, гэта добра, бо прадугледжвае адсутнасць нейкай цэнзуры. З другога – не вельмі добра, таму што гэта вельмі лакальныя праекты: запрасіць аднаго-двух паэтаў, выдаць нейкую публікацыю ў часопісе ці кнігу.

«Ва Украіне ўвогуле ўсё змяняецца, але не так хутка, як нам бы таго хацелася. Калі ўсё будзе добра, праз пяць год гэта будзе зусім іншая краіна»

Калі б была нармальная палітыка культурніцкіх кантактаў на ўзроўні дзяржавы, усё магло быць нашмат цікавей і маштабней. Ні ў вашай, ні ў нашай краіны няма нармальнай культурнай палітыкі. Ва Украіне гэта мяняецца, але вельмі павольна і з вялікім рыпаннем. Ва Украіне ўвогуле ўсё змяняецца, але не так хутка, як нам бы таго хацелася. Калі ўсё будзе добра, праз пяць год гэта будзе зусім іншая краіна.


Што за людзі прыходзяць на вашыя выступы ў Данецкай і Луганскай абласцях?

– Я сюды прыехаў з Краматорска, дзе быў фестываль, мы выступалі на плошчы горада. Як правіла, прыходзяць людзі, якія ўсё ж такі на праўкраінскіх пазіцыях. Тыя, хто з’яўляюцца ўкраінскімі сепаратыстамі, натуральна, на ўкраінскія канцэрты не ходзяць. Прыходзіць публіка, якая прыблізна з табой на адной хвалі. Яе нямала, гэта вельмі прыемна.

 

Фота  by krushinka
Дата арыгінальнай публікацыі — 20 чэрвеня 2016 года

 


COMMENTS (3)

Tina
Tina | 30.07.2017 10:16

Зрабіце гайд па сучаснай украінскай літаратуры!

1 0 +1
zmc
zmc | 12.02.2017 12:49

Дзякуй. Спадабалася музыка Сяргея, i тая думка, якую яна нясе. Пра такiя тэмы трэба гаварыць.

4 0 +4
Maks
Maks | 11.02.2017 19:57

"Калі ўсё будзе добра, праз пяць год гэта будзе зусім іншая краіна"
Уже слышали 3 года назад.

0 8 -8